Вёску Старынкі ад былога Койданава аддзяляе ўсяго толькі 10 км і заскочыць сюды можна дзеля рэштак каталіцкага касцёла, ці уніяцкай царквы, ці праваслаўнай царквы. Чаму менавіта столькі варыянтаў?..
...Відаць таму, што першапачаткова фундаваўся будынак уладаром гэтых мясцінаў Аляксандрам Ленскім, маёнтак якога знаходзіўся ў Суле, як каталіцкі касцёл. Але пасля сканчэння працы ў 1834 годзе ён быў асвечаны як уніяцкі храм. Уніяты карысталіся будынкам не доўга, усяго толькі 5 год і ў 1839 годзе касцёл-царква была перададзена праваслаўным. З тых часоў і дзейнічала тут царква Св.Пятра і Паўла. Пры ёй жа ў 1868 годзе была адчынена царкоўна-прыхадская школа, якая давала магчымасць навучацца ў Старынках 30-ці вучням-хлапчукам штогод.
Дзейнічала царква ў вёсцы да Другой сусветнай вайны, пакуль падчас баявых дзеянняў не была пашкоджана. Пасля вайны ніхто аднаўляць царкву не збіраўся і калі да 1960-х гадоў яшчэ праходзілі службы ў ёй, то пасля і гэта рабіць забаранілі.
Так і стаяў будынак зарастая хмызняком ды дрэвамі. Змены, якія адбыліся вакол касцёла-царквы можна пабачыць двума спосабамі. Першы, гэта калі твае бабуля-дзядуля жывуць тут і ты ўвачавідкі бачыш, што адбываецца з будынкам. Другі, гэта параўнаць два фота зробленыя ў розныя часы.
Хмызняк пасеклі, смецце прыбралі, траву разы два за сезон абкошваць. На большае ні сродкаў ні магчымасцяў вёска не мае, а духавенства ня хоча.
Мясцовая ж моладзь на сценах колішняга храма замацоўвае свае лінгвістычныя веды, дзе слова "Я цябе кахаю" было заўважана аж на шасці мовах.
Глядзяць турысты з сумам на пашарпаныя сцены, абрынулы дах і крапіўныя палі вакол царквы, і нават не здагадваюцца, што будынак з'яўляецца помнікам архітэктуры поздняга класіцызму.
Ды і каму можа прыйсці ў думках, што Старынкі вядомы ў гісторыі з XV ст., з XVI ст. былі цэнтрам воласці ў Мінскім ваяводстве, а да 2009 года з'яўляліся цэнтрам сельсавета.
Цікавая асаблівасць вёскі прасочваецца і калі глядзіш на статыстыку. У ХІХ - ХХІ стагоддзях колькасць двароў у вёсцы павялічвалася, а вось колькасць жыхароў наадварот катастрафічна скарачалася. 480 жыхароў ХІХ стагоддзя, супраць 189 чалавек ХХІ стагоддзя. Вядома, што асноўны адток прыпаў тут на 1960-я гады, калі пачалася массавая міграцыя вяскоўцаў у гарады. Што скажа бліжэйшы перапіс, пакажа час, але хутчэй за ўсё колькасць старынкаўцаў паменьшыцца і ў 2019 годзе.