Некалькі тыдняў таму з'явілася цудоўная ініцыятыва
salasz па збору подпісаў за ўстаноўку помніка Станіславу Манюшке ў Мінску
https://www.change.org/monushko. Падпісалася. Не хапае нам з вамі такіх помнікаў, па шчырасці, нават любых помнікаў у розных кутках Мінска і ўсёй Беларусі. Але… я даўно ўжо не чытаю каментароў чытачоў на сайтах навін, бо гэта проста жах нейкі, пачытаўшы іх, пачынаеш думаць, што ў нашай краіне засталіся толькі людзі, якія не скончылі і пачатковай школы, не ведаюць гісторыю, і якім прамылі мазгі. Так і хочацца крыкнуць “Людзі, перад тым як пісаць нешта, проста залезьце на Вікіпедыю і гляньце хто такі Манюшка!!!!”. Дайшло да таго, што гучаць каментары “навошта яму тут помнік, іх хапае ў Літве і ў Польшчы”, “Манюшка гэта паляк, і чаму яму павінен помнік стаяць у Мінску”, “у Мінску і так помнікаў хапае, пастаўце сучасным дзеячам”, “што Манюшка зрабіў для беларусаў? Куды больш зрабіў Высоцкі, Жукаў і г.д.” Людзі, проста падумайце, што вы пішыце! Пачніце цікавіцца гісторыяй да 1917 года, бо такое адчуванне, што ў вас вырвалі свядомасць і жаданне ведаць больш пра сваю краіну.
Калі я рыхтавала расповяд пра Смілавічы
http://azarkinm.livejournal.com/120521.html, таксама збірала інфармацыю і на расповяд пра сям’ю Манюшка і нават не думала, што гэта будзе гучаць у апраўдваючым выглядзе. Дык я пачну?
Станіслаў Манюшка (1734-1807) - былы аканом Міхаіла Казіміра Агінскага, і ў 1791 годзе набывае у яго маёнтак Смілавічы. Больш падрабязна пра гісторыю набыцця і палац чытайце ў маім ранейшым артыкуле
http://azarkinm.livejournal.com/120521.html . А я пайду далей і распавяду вам пра саму сям’ю. У шлюбе Станіслава Манюшкі і Евы Вайніловіч нарадзілася 6 сыноў (Ігнат, Дамінік, Юзэф, Чэслаў, Казімір, Аляксандр) і 4 дачкі (Міхаліна, Клацільда, Марыянна, Бянігна).
Міхаліна Манюшка (1797-1879) пабралася шлюбам з Эдвардам Ваньковічам, уладальнікам сядзібы ў Сляпянцы. Іх дачка Ганна абярэцца шлюбам з Адамам Вайніловічам і ў шлюбе народзіцца Эдвард Вайніловіч, які падорыць мінчанам цудоўны “Чырвоны касцёл”.
Клацільда Манюшка (1801-1872), пра якую я ўжо распавядала ў артыкуле ІГНАЦІЧЫ
http://azarkinm.livejournal.com/111827.html, выйшла замуж спачатку за Людвіка Ельскага, ў шлюбе з якім народзіцца двое дзяцей. Ад гэтай галіны Ельскіх з’явіцца пасля Вільгельм Ельскі, уладар Ігнаціч, той хто створыць у радавым маёнтку пітомнік, які будзе гучаць на ўсю Расійскую Імперыю, той хто будзе займацца вывучэннем і распаўсюдам на Беларусі такой расліны як люпін. Ад другага шлюбу з Міхаілам Ельскім мела 9 дзяцей.
Пра двух іншых дачок Марыянну і Бянігну, звестак я пакуль не знайшла.
Ігнат (1787-1869), старэйшы сын Станіслава Манюшкі і Евы Вайніловічаў. Пасля сканчэння са ступенню доктара права Віленскага універсітэта вярнуўся у маёнтак Пабярэжжа (які для яго падрыхтаваў бацька), атрымаў пасаду харунжага ігуменскага. У ліпені 1812 года увайшоў у склад Рады ВКЛ, а пасля сфарміраваў за свае грошы 21-ы полк уланаў у арміі Напалеона і стаў палкоўнікам гэтага палка. У 1813 уваходзіў са сваімі уланамі ў корпус князя Яўгена Багарнэ. Пасля таго, як руска-французская вайна скончылася, вярнуўся на радзіму і з 1815 года зноў пражывае у Пабярэззі. У 1834 годзе становіцца маршалкам ігуменскага павета. Матэрыяльна дапамагаў свайму пляменніку Станіславу, будучыму кампазітару. Пасля смерці брата Дамініка менавіта ў Ігнація захоўваўся яго дзённік, які, на жаль, да нашага часу не захаваўся. Ігнаці быў жанаты на Міхаліне Ваньковіч. Меў адзіную дачку Еву Манюшка, жонку расійскага чыноўніка М.Лапаціна. Сядзіба да нашых дзён не захавалася.
Дамінік (1788-1848), доктар філасофіі і права. Разам з братамі ўдзельнічаў у Напалеонаўскай вайне на баку французаў. Адыходзячы дайшоў да Парыжа. У некаторых крыніцах паведамляецца, што выступаў на баку расійскага войска, што з’яўляецца поўнай лухтой. Пасля вяртання на радзіму меў пасаду ігуменскага подкаморы, атрымаў у спадчыну маёнтак у Поцічава, які знаходзіўся ад бацькоўскага палаца далей чым усе астатнія маёнткі. На сваіх землях стварыў школу для мясцовых дзяцей (падрыхтоўчую і вышэйшую) дзе выкладаліся ўсе патрэбныя для таго часу дыстыпліны - матэматыка, чарчэнне, закон боскі, латынь, земляробчыя дысцыпліны. У вышэйшай школе былі зроблены фізічны кабінет і хімічная лабараторыя, а на патрэбы харчавання школы быў створаны школьны агарод. Ладзіў у сваім маёнтку вечарыны з народнымі спевамі. Неаднаразова звяртаўся да цара з прапановамі адмены прыгоннага права ў Расійскай Імперыі. Расійскага імператара абурала "ноў-хаў", які ўвёў Дамінік на сваіх землях - падзяліў землі паміж сялянскімі сем’ямі, пабудаваў ім хаты і пачаў браць з іх арэндную плату за карыстанне і пражыванне. Але вядома імператару не вельмі падабаўся такі лад жыцця, нават і на прыватнай уласнасці. У маёнтак часта наведваліся правяраючыя і сяляне выступілі на барацьбу супраць улады і ўмяшальніцтва ў іх жыццё. Паўстанне задушылі войскі, а Дамінік у хуткім часе расчараваўшыся перашкодамі з боку ўлады з’ехаў у Менск, дзе і памёр у 1848 годзе. Сядзіба Дамініка Манюшка не захавалася да нашых дзён.
Чэслаў (…-…), бацька вядомага кампазітара Станіслава Манюшка. У спадчыну атрымаў маёнтак Убель. Удзельнік вайны 1812 года. Таксама як і браты шмат грошай уклаў у абмундзіраванне ўласнага войска, і пасля сканчэння вайны гэта моцна падарвала фінансавы стан сям’і. За ўдзел у паўстанні 1831 года быў канчаткова выдалены рускай уладай з калегіі, якая кантралявала радаслоўную шляхты. Чэслаў быў добрым паэтам і мастаком. Разам з Валенціем Ваньковічам зладзіў на мансардзе майстэрню. Дарэчы захаваліся малюнкі Чэслава, а сярод іх партрэты маленькага Станіслава Манюшкі. Вядома ўсе яны зараз захоўваюцца ў Польшчы.
Малюнак Н.Орда.
Сядзіба Манюшка месцілася на прыгожым высокім беразе ракі Волма. Будынак быў невялікі, аднапавярховы, але з мансардай і тэрасай.
Нажаль сядзіба згарэла ў часы Другой сусветнай вайны і да сённяшняга дня не захавалася. Хаця ж ёсць у нашай краіне выпадкі аднаўлення сядзібы з нуля… ну напрыклад сядзіба Касцюшкі ў Косава, ці Завоссе Міцкевіча. А да чаго гэта я кажу, да таго, што можна ўсё аднавіць, было б жаданне. Хаця... сёння не існуе не тое што сядзібы, але не існуе і самога Убеля.
Каб знасці помнік пастаўлены ў 1966 годзе на месцы сядзібы нам прыйшлося яшчэ прыкласці намаганні.
Знаходзіцца ён на тэрыторыі санаторыя Волма, у пошуках яго трэба мінаваць спартовую пляцоўку… і сярод дрэваў, амаль каля агароджы з зачыненай брамай.
На помніке вы бачыце ноты, гэта першыя 5 тактаў з арыі Энтэка оперы “Галька”, якую напісаў Манюшка, і якая прынесла яму сусветную вядомасць.
А перад брамай… ўжо амаль лес, які надзейна хавае тую маляўнічую прыгажосць прыроды, якой так захапляўся малады кампазітар.
А гэта мапа як жа знайсьці помнік Манюшке.
Казімір (1795-1836) - у 1810 годзе закончыў Віленскую гімназію, вучыўся ў Віленскім універсітэце і ў 1817 абараніў ступень доктара права. У 1818 стаў адным з заснавальнікаў Віленскага тапаграфічнага таварыства. Пасля вучобы ён быў назначаны ганаровым куратарам школ Ігуменскага павета (Чэрвеньскі раён) і пасяліўся ў Смілавічах. Займаў пасаду візітатара школ на Літве і Валыні. А свой вольны час аддаваў медыцыне і батаніцы. У Смілавічах заснаваў парк з разнастайных экзатычных дрэў і кустоў. Усім жадаючым бясплатна раздаваў флянсы і цэлыя кусты. Займаўся вывядзеннем новых гатункаў раслін. Там жа месцілася і цудоўная бібліятэка, асабіста займаўся распрацоўкай шматлікіх праблем па батаніцы. Шмат увагі ўдзяляў асветніцтву - вялікія грошы ахвяраваў на заснаванне школы ў Смілавічах для мяшчанскіх дзяцей. Уласнай сям’і не меў. Але ён вельмі любіў свайго пляменніка Станіслава, які быў вельмі захапляльным хлопчыкам і вельмі цікавіўся гісторыяй. Станіслаў часта гасцяваў у Казіміра і гадзіны мог праводзіць у бібліятэцы.
Так як у Казіміра не было дзяцей, то пасля смерці Смілавічы адыходзяць да яго малодшага брата Аляксандра (1790-… ), які ў шлюбе з Алінай Бэйда-Ржэвуцкай меў адзіную дачку Паўліну. Трэба сказаць, што сем’і Манюшка і Ваньковічы не толькі вельмі сябравалі, але і былі сваякамі на розных узроўнях. Так і Аляксандр аддае сваю адзіную дачку замуж за Леона Ваньковіча. Іх сын Лявон, быў апошнім уладаром палаца, быў жанаты на Сцэфаніі Броэль-Плятэр.
Юзэф (…-…). Атрымаў у спадчыну ад бацькі Станіслава Манюшка маёнтак Раткаўшчына, дзе ўтрымліваў аматарскі тэатр. Кампазітар Станіслаў Манюшка пасля ва ўспамінах з захапленнем распавядае пра свае дзіцячыя ўражанні дзядзькавым тэатрам. Спектаклі тэатра праходзілі па вечарах у вялікім свіраны, а пасля спектакля на сцэну выходзіў хор з мясцовай моладзі. Скончваліся тэатральныя вечары танцамі і вялікай вячэрай у ліпавым парку Раткаўшчыны.
І вось у такой сям’і, выхаванай на традыцыях і гісторыі нашага краю нарадзіўся 5 траўня 1819 года Станіслаў Манюшка. Яго бацька Чэслаў распавядаў дзецям пра свае ваенныя паходы, пра Напалеона, пра паўстанні, пра гісторыю ВКЛ. Усё гэта Станіслаў мог слухаць з задавальненнем на працягу гадзін. Ды і не толькі бацька распавядаў. Станіслаў часта бываў у гасцях у сваіх дзядзек, якія таксама распавядалі пра мінулае, пра спробы адрадзіць ВКЛ. Усе сваякі Станіслава паклалі моцны адбітак на станаўленні светапоглядаў Манюшкі.
Я не задумвала гэты артыкул як расповяд пра самога Станіслава Манюшку, думаю каму цікава, можа прачытаць пра яго вось тут
http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/%D0%A1%D1%82%D0%B0%D0%BD%D1%96%D1%81%D0%BB%D0%B0%D1%9E_%D0%9C%D0%B0%D0%BD%D1%8E%D1%88%D0%BA%D0%B0 ці цудоўны артыкул вось тут
http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&DomainName=mast&id=400 Я толькі хацела распавесці пра сям’ю, дзе нарадзіўся вялікі кампазітар, на якіх прынцыпах выхоўваўся, і вядома, што паўплывала на яго стаўленне да жыцця. Думаю толькі глупцы могуць называць музыканта палякам ці літоўцам. Манюшка ЛІЦВІН. Менавіта так ён выхоўваўся ў сям’і, менавіта так ён і пражыў усё жыццё.
Помнікаў Станіславу можа і шмат у свеце, але ў Беларусі пакуль я знайшла толькі адзін - у Чэрвені, былы Ігумен.
і размешчаны побач з касцёлам.
P.S. А для тых, хто хоча паслухаць музыку Станіслава Манюшка... шукайце ў Нэце, ці на сайце
http://last.by/ уводзім імя аўтара і атрымліваем некаторыя яго творы... (праўда на сайце вельмі шмат бакавой рэкламы, якая павінна падпадаць пад цэнзуру).