Feb 21, 2015 18:32
Праваслаўнае насельніцтва Заходняй Беларусі ў 1921 - 1939 гг.знаходзілася пад юрысдыкцыяй Віленскай, Гродзенскай і Пінскай епархій. Там налічвалася каля 500 прыходскіх цэркваў, пяць мужчынскіх і жаночых манастыроў, дзейнічала праваслаўная семінарыя ў Вільні, выдавалася рэлігійная літіратура на рускай, беларускай, украінскай і польскай мовах. Уся дзейнасць іх была скіравана на задавальненне духоўных патрэб праваслаўнага насельніцтва. Паводле перапісу 1931 г. праваслаўныя складалі 77,6% насельніцтва Палескага ваяводства. Істотнай была іх прысутнасць і ў Віленскім, Навагрудскім, Беластоцкім ваяводствах [1]. Напрыклад, на тэрыторыі сучаснага Клецкага раёна (у 1921 - 1939гг. Навагрудскае ваяводства, Нясвіжскі павет) працаваў 21 рэлігійны цэнтр чатырох канфесій з іх 11 праваслаўных цэркваў,3 касцёлы,3 капліцы,3 сінагогі і 1 мячэць.
Ў 1920-я гады каталіцкі касцёл ініцыяваў шэраг працэсаў супраць Праваслаўнай царквы ў справе вяртання храмаў, могілак і земляў, якія калісьці належалі ўніятам [2].
Але ў той жа час на тэрыторыі Клецкага раёна толькі адзін храм быў перароблены ў касцёл, былы кляштар дамініканцаў, які ў 1843 г. быў перароблены ў праслаўную царкву. Практыка перарабленняў уніяцкіх або каталіцкіх храмаў у праваслаўныя вельмі шырока выкарыстоўвалася пасля скасавання ў 1839г. Берасцейскай царкоўнай уніі, а таксама пасля падаўлення паўстанняў 1830-31гг. і 1863-64гг.. Таму гаварыць аб гвалтоўным далучэнні праваслаўных храмаў да каталіцкіх епархій нельга. Але тут патрэбна і ўспомніць пра лета 1938г. калі было разбурана ці адабрана ў праваслаўных каля ста сакральных аб’ектаў, што выклікала нават пратэсты ў Лізе Нацый [2]. У той жа час, калі вярнуцца на стагоддзе назад, мы можам убачыць больш рабаўнічы працэс перадачы касцёлаў праваслаўным епархіям пасля 1863 - 1864 гг. за тое,што вялікая колькасць каталікоў і каталіцкага духавенства падтрымала паўстанне. Тым больш прадстаўнікі каталіцызму і ўніяцтва былі заўсёды варожа настроены супраць Расійскага самаўладдзя [3]. Ізноў жа, у Клецкім раёне, у перыяд 1921 - 1939 гг. не была закрыта ні адна царква. А наадварот, праходзілі асвяшчэнні праваслаўных храмаў, а для касцёлаў будавалі новыя будынкі, грошы і лес на будаўніцтва якіх давалі Радзівілы.
У наступныя гады (1924 - 1925 гг.) ўраду Польшчы ўдалося давесці справу да абвяшчэння аўтакефаліі Праваслаўнай царквы. 13 лістапада 1924 г. канстанцінопальскі патрыярх абвясціў аўтакефалію. Афіцыйная ўрачыстасць з гэтай нагоды адбылася ў Варшаве 17 верасня 1925 г. [1]. Аднак аўтакефалія была ўведзена з парушэннем абавязковых для такой справы працэдураў. Яе адкрыта паставіла пад сумненне частка епіскапаў і праваслаўнага духавенства [2]. Праваслаўная царква так і не атрымала пэўнага прававога статусу. Адносіны з дзяржаўнымі органамі рэгуляваліся “Часовымі правіламі” 1922 г. Толькі 18 лістапада 1938г. быў падпісаны “Унутраны статут” праваслаўнай царквы ў Польшчы. Фактычна ён замацоўваў поўнае падпарадкаванне царквы дзяржаве [1].
Польскія ўлады імкнуліся пераўтварыць праваслаўную царкву ў інструмент паланізацыі заходнебеларускага насельніцтва. У сярэдзіне 1930-х гг. набажэнствы пачалі праводзіцца на польскай мове. Першыя з іх адбыліся 11 лістапада 1935 г. у кафедральным саборы ў Беластоку і гарнізоннай царкве ў Гродна (знакамітая Фара Вітаўта, зруйнаваная савецкай уладай у 1961г.). Надзвычайны сінод зацвердзіў пераклады літургічных тэкстаў і дазволіў праводзіць набажэнствы па-польску. З 1938 г. улады настойліва патрабавалі весці службу ў цэрквах на польскай мове [1].
Вынік
На аснове прыведзеных фактаў, можна зрабіць вынік, што рэлігійнае жыццё на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1920 - 1930-я гг. было даволі бурным. Становішча праваслаўных, за выключэннем некаторых выпадкаў, было станоўчым. Будаваліся новыя цэрквы і праводзіўся рамонт існуючых храмаў. Нягледзячы на спробы польскай адміністрацыі пашырыць польскую мову і ўвесці яе ў царкоўныя набажэнствы, праваслаўнае духавенства працягвала “служыць” згодна з векавымі ўсходнеславянскімі традыцыямі. Многія праваслаўныя святары нягледзячы на “рускасць” праваслаўнай царквы шлі на супрацоўніцтва з польскай адміністрацыяй. Але гэтае супрацоўніцтва характарызавалася ў асноўным вырашэннем бытавых праблем царквы.
Што тычыцца пытання аб экспансіі каталіцызму на тэрыторыі Заходняй Беларусі, то можна сказаць, што каталіцкая царква была дзяржаўнай рэлігіяй у перыяд 1921 - 1939 гг.. У гэты перыяд назіралася спроба пашырэння пракаталіцкіх настрояў шляхам адраджэння уніяцтва. Праваслаўная царква ў параўнанні з царскім перыядам страціла свой уплыў у дзяржаўных органах, але яе ўплыў на насельніцтва не зменшыўся. Нават хуткае пашырэнне сярод праваслаўнага насельніцтва пратэстантызму не змагло паўплываць на традыцыйную рэлігійную абстаноўку ў Заходняй Беларусі. Таму можна казаць,што рэлігійная свабода ў гэты перыяд была. Аб гэтым сведчыць той факт, што нават некаторыя новыя пратэстанцкія абшчыны ў гэты перыяд змаглі абзавесціся сваімі храмамі. А перашкоды, што існавалі, былі нічым у параўнанні з тым, што давялося перанесці хрысціянам у наступныя дзесяцігоддзі XX ст.
Клецк,
II Рэч Паспалітая,
Праваслаўная царква