У другой палове 16 стагоддзя ВКЛ як і другія краіны было ахоплена грамадска-рэлігійным рухам - Рэфармацыяй. З сярэдзіны гэтага стагоддзя значныя колы тагачаснага беларускага грамадства сталі часткай агульна эўрапейскай плыні рэфармавання царквы пачатак якой паклаў Марцін Лютар сваімі 95-цю тэзісамі (1517г.).
У нас жа часцей за ўсё (не глядзячы на тое, што гэту плынь падтрымала вялікая колькасць магнатаў і шляхты) рэфармацыю звязваюць з выбітным прадстаўніком магнацкага роду Радзівілаў - Мікалаем Радзівілам Чорным (які з’яўляўся віленскім ваяводам, канцлерам ВКЛ) і беларускім мысліцелям, гісторыкам, паэтам і філосафам - Сымонам Будным.
Менавіта апошні, выдасць сваю кнігу кароткіх пытанняў і адказаў на хрысціянскую тэматыку, якая стане не толькі прыкладам беларускай рэфармацыі, але і ўзорам выкарыстанне зразумелай простаму люду беларускай мовы. Вялікую ролю ў напісанні Катэхізіса адыграе адзін з радзівілаўскіх гарадоў - Клецк.
Клецк - гэта невялікі беларускі горад, які ўпершыню ўзгадваецца ў летапісі пад 1127 г. у якасці ўдзельнага княства. Але выпрабаванні якія выпалі на лёс Клецка не далі яму развівацца, і ў выніку, ў часы Расейскай імперыіі горад атрымаў статус мястэчка. Павел Шпілеўскі пісаў пра Клецк: “Гэта мястэчка калісьці было горадам і мела нават замак”.
У 1553 годзе, у Клецку быў заснаваны адзін з першых кальвінскіх збораў на Беларусі. У той час горадам валодала Бона Сфорца, чалавек які паклаў пачатак аграрнай рэформы ў ВКЛ. З 1558 г. Клецкам валодае Мікалай Радзівіл які “пазваў” у 1560 г. міністрам збора Сымона Буднага, які менавіта тут захапіўся ідэяй адукацыіі простага люду, альбо напісаў прадмову да “Катэхізіса”.
Праўда тут ёсць свае недакладнасці і супярэчнасці. В.С. Пазнякоў, у сваім артыкуле “Хрысціянскія святыні Клецка XV - XIX стст.” піша: “Каля 1560 г.у Клецк мiнiстрам збора прыехаў Сымон Будны, прадмову да свайго “Катэхiзiсу” ён падпiсаў у Клецку 10 чэрвеня 1562 г.” і спасылаецца на кнігу Саверчанкі І.В. “Сымон Будны - гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993.”
Але ж калі мы адкрыем кнігу, то ўбачым зусім другую інфармацыю, якая паказвае недакладнасць выказвання Пазнякова згодна гэтага навуковага выдання: ”Прадмову да ўсіх благаверных хрысціян рускае мовы”, як і ўвесь астатні тэкст “Катэхізіса”, напісаў С. Будны.
Мяркуючы па звестках у канцы “Прадмовы”, ён працаваў над кнігай у Клецку (“Писан у Клецку под льты въплощеніа Господа и Спаса и Бога нашего Ісуса Христа 1562, июня 10 дня”)”. Канешне, я не выключаю таго, што В.С. Пазнякоў хацеў паставіць пад сумнеў высновы Саверчанкі, т.як. “Прадмова” гэта не ўся кніга.
Праўда, большасць фактаў гаворыць пра тое, што менавіта ў Клецку была праведзена асноўная работа па напісанні “Катэхізіса”. Таксама не патрэбна забываць, што літаральна праз тры месяцы, 11 кастрычніка 1562 г. у Нясвіжы быў выдадзены твор Буднага “Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам”, працу над якім пісьменнік мог вясці і хутчэй за ўсё вёў у Клецку (Будны жыў у горадзе да 1565 г.). У перыяд жыцця ў Клецку, Сымон Будны падтрымліваў сувязі з заходнееўрапейскімі прыхільнікамі рэфармацыйнага руху, набываў кнігі для сваёй адукацыіі.
Алесь Гаршкоў, спецыяльна для “
Гістарычнай праўды”