Гісторыя адной вескі

Apr 05, 2015 09:42

Любы новы чалавек, якому здарыцца быць у аграгарадку Заастравечча, а гэта на самай ўскраіне Клецкага раёна, звяртае ўвагу на нязвыклы для большасці беларускіх вёсак стыль архітэктурнай забудовы цэнтральнай часкі паселішча.


Старыя драўляныя, але даволі дабротныя і на сённяшні час дамы сваімі фасадамі ледзь не выскакваюць на праезджую частку вуліц. У дамах абавязкова два ўваходы: парадны - з вуліцы і чарнавы - з двара. Пабудовы ў цэнтры ўтвараюць сваеасаблівую плошчу (сення тут знаходзіцца Дом культуры і сквер), ад якой разбягаюцца ва ўсе бакі шэсць шырокіх вуліц. Сто гадоў таму назад на гэтым месцы нічога не было.

Да рэвалюцыйных падзей 1917 года Заастравечча з’яўлялася цэнтрам аднайменнай воласці Слуцкага ўезда і складалася з некалькіх невялічкіх завулкаў і адной галоўнай вуліцы (даўжыней каля аднаго кіламетра), якая працягнулася з захаду на ўсход і паступова пераходзіла ў праселак да фальварка Вайніловічаў, што ў Кунцаўшчыне.

Да вескі з поўдня прымыкаў фальварак Адалін. Царквы сваей не было, а праваслаўная паства належала Морацкаму прыходу. Школа ў Заастравеччы была адкрыта яшчэ ў 1869 годзе, як народнае чатырохгадовае вучылішча. Асноўны занятак насельніцтва - сельская гаспадарка.



Вынікам рэвалюцыйных і ваенных падзей пачатку ХХ-га стагоддзя стала падпісанне ў Рызе 12 кастрычніка 1920 года ўмоў перамір’я, якія былі зацверджаны 18 сакавіка 1921 года мірным дагаворам. Па гэтаму дагавору заходняя частка тэрыторыі сучаснай Беларусі адышла да Польшчы. На прыканцы 1920-га года польскай улады ў Заастравеччы яшчэ не было.

Аб гэтым сведчыць наступны факт. Восенню 1920 года на Случчыне ўспыхнула народнае паўстанне (Слуцкі збройны чын). Яго ўдзельнікі ставілі задачай стварэнне незалежнай Беларускай Рэспублікі. Паўстанне было разгромлена пераўзыходзячымі сіламі Чырвонавй Арміі. Апошнім месцам, дзе размяшчаўся штаб паўстанцаў ў снежні 1920 года стала Заастравечча. Адсюль у першыя дні новага года атрады змагароў перайшлі раку Лань і здаліся польскаму войску.

З 1921 года пачаўся, як яго назвалі савецкія ідэолагі, працэс паланізацыі далучаных тэрыторый. Заастравечча становіцца цэнтрам новай адміністрацыйнай адзінкі - гміны, якая адразу належала Лунінецкаму павету Палескага ваяводства, а з 1926 года - Нясвіжскаму павету Навагрудскага ваяводства. Да Заастравецкай гміны адносілася больш за паўсотні розных паселішчаў, характэрных для таго часу: весак, фальваркаў, засценкаў, калоній, леснічовак.

Пачалося перасяленне на ўсходнія землі малазямельнага польскага насельніцтва (часцей гэта былі былыя вайскоўцы) з цэнтральных і заходніх ваяводстваў. Так у Заастравецкай гміне з’явіўся новы сацыяльны слой насельніцтва - асаднікі. Служачымі гміны, настаўнікамі школы становяцца ў асноўным палякі. На подзень ад вескі, недалека ад Радзівілаўскай эканоміі, будуюцца казармы заставы “Хамінка” Клецкага батальена КАП (Корпус аховы памежжа). Камандаваў заставай капітан Баляслаў Вольны.

Для паспяховага эканамічнага існавання насельніцтву любога рэгіена патрэбна магчымасць збываць лішкі сваей вытворчай дзейнасці і набываць тавар, які на дадзенай тэрыторыі не вырабляецца. Другімі словамі, патрэбны цэнтры гандлю і дробнага рамесніцтва. Такімі традыцыйнымі цэнтрамі для тэрыторый, у якія ўваходзілі Заастравечча, Морач, Чудзін, Будча, Вялікі і Малы Рожан і другія вескі, былі Семежава і Вызна (цяперашняя Чырвоная Слабада Салігорскага раёна).

Калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад 2-й Рэчы Паспалітай польска-савецкая мяжа на тэрыторыі, пра якую ідзе гаворка пралягла па рацэ Морач. Семежава і Вызна засталіся на савецкім баку. На даволі значнай прасторы поўначы Палесся і поўдня Навагрудскага ўзвышша ўтварыўся своеасаблівы вакуум. Да бліжэйшага Клецка жыхарам Чудзіна ці Будчы прыходзілася пераадольваць адлегласць у 50-60 км. А гэта па дрэнных дарогах, якія пралягалі праз лясы і балоты, рабіць было нялегка.

Усе гэтыя аспекты ўлічыў тагачасны войт Заастравецкай гміны Казімір Мысліцкі, калі прапанаваў пабудаваць побач са старой вёскай мястэчка (ад польскага “мяста”-горад). Гарадок пачалі будаваць у 1927 годзе за некалькі сотняў метраў на поўдзень ад вескі. У Радзівілаў узялі ў арэнду каля 30 га зямлі, ачысцілі ад хмызняку, рэдкага ельніку, крывых хвоек. Толькі адно карлікавае дрэўца пакінулі, каб напамінала людзям аб тым, што тут было раней. Гэтая сасна прастаяла у цэнтры Заастравечча, схіліўшы свае калючыя лапы над брацкай магілай, амаль да канца ХХ-га стагоддзя.

Ужо праз некалькі год вызначыліся абрысы тыповага для Польшчы таго часу гарадка - мястэчка. У цэнтры вялікая квадратная рыначная плошча. Вакол выраслі магазіны, гандлёвыя лаўкі, майстэрні рамеснікаў. Салодкімі вырабамі таргаваў Гадун, галантэрэяй яўрэі Пласковіч і Гурын, спіртнымі напоямі - Скуратовіч, розным - Рымашэўскі. У мястэчку працавалі дзве яўрэйскія пякарні Люфчыса і Бярэзіна, каўбасны цэх Рыпніцкага, бойня, гадзіннікавая майстэрня Пінскага, слясарная - Курачыцкага, кравецкая - яўрэя Трыбуха , шорная майстэрня і іншыя. Рэстаран трымаў Юліян Мотыль.


3.jpg

Школа у Заастравеччы, 1932 год

У наваколіцы мястэчка знаходзіліся два тартакі: Радзівілаўская ў Хамінцы і яўрэйская каля праваслаўных могілак. Пры апошнім працаваў паравы млын з электрычным генератарам, кузня, сталярны цэх.

Кожную нядзелю сотні людзей з наваколля прыязджалі ў гарадок на рынак. А некалькі разоў у год, калі праводзіліся кірмашы, лік удзельнікаў таргоў пераўзыходзіў за тысячу. Палешукі прывозілі сена, дровы, мед, мяса, рыбу, грыбы, ягады, цэбры, кадушкі. Палянне - збожжа, агародніну, палотны, садавіну, ганчарныя вырабы. Клецкае купецтва несла вялікія страты, звязаныя з узнікненнем новага гандлевага цэнтра, але змяніць штосьці не магло.

На паўдневым баку рыначнай плошчы вырас будынак амбулаторыі, дзе працаваў доктар Сіліцкі. Аптэку адкрыў Вікенцій Крэпскі. Да гэтага за лекамі прыходзілася дабірацца або да Клецка, або да Нясвіжа. Быў у Заастравеччы свой ветэрынар Додзь. Поштай кіраваў Суднік.

Дамы у мястэчку будаваліся ў асноўным драўляныя, крытыя гонтай, зрэдку сустракалася бляха або чарапіца. Першым каменным двухпавярховым збудаваннем у Заастравечы стаў будынак пастарунка (паліцэйскага ўчастку). У двары пабудавалі дом для сям’і каменданта Сікорскага. Сення ў гэтых будынках знаходзіцца участковая бальніца. На ўсё мястэчка было два тэлефоны. Адзін знаходзіўся ў пастэрунку, другім валодала ўпраўленне гміны.

Школа заставалася доўгі час на старым месцы ў сяле. З 1928 года яна стала сямігодкай. Настаўнікамі працавалі Наталля Рамановіч, Павел Яновіч, Ян Трублін, Вольга Трыбухоўская, Юзеф Шульц, Юзеф Чарнішэвіч, Іодко, Хоміч, кіраўнік дружыны харцэраў Мацей Сініца. Большасць настаўнікаў жылі на кватэрах ў мясцовых жыхароў. Так школьны вартаўнік Мікола Ярмаловіч, які пабудаваў дом побач з царквою, за некалькі год, здаючы пакоі настаўнікам, вярнуў сродкі патрачаныя на будаўніцтва жылля.

Нязменным кіраўніком школы з 1924 па 1939 гады з’ўляўся Юзаф Падгурэчны. Ён жа быў і старшыней савета гміны. Дзякуючы намаганням Падгурэчнага, новую школу збудавалі на заходнім баку мястэчка ў 1939 годзе. Яе фундамет знаходзіцца на тэрыторыі цяперашняй школы. Але пачаць новы навучальны год у новабудоўлі пану Юзафу не давялося. У жніўні яго прызываюць як кадравага афіцэра рэзерва ў войска. Недзе там у жорсткіх баях з фашыстамі ен пападзе ў палон. А школа прастаіць да 1942 года. Яе спаляць ці то партызаны, ці то “літоўцы” (частка батальена, сфарміраванага з грамадзян былой “буржуазнай” Літвы, была раскватэравана ў Заастравеччы).

Месцам, дзе местачкоўцы змаглі бавіць вольны час, стаў новы Народны дом, пабудаваны сіламі жыхароў у 1929 годзе. Тут адбываліся выступленні каталіцкага і праваслаўнага хораў, давалі прадстаўленні навучэнцы школы, некалькі раз у год прыязджала кінаперадвіжка. У культурным цэнтры свае сходы праводзілі розныя палітычныя і грамадскія арганізацыі Заастравечча.

Да апошніх патрэбна аднесці арганізацыю харцэраў, якая працавала пры школе. З 1933 года ў мястэчку дзейнічала і жаночае аддзяленне палітычнай маладзежнай арганізацыі “Стралец”. Народны дом, як сельскі дом культуры, праіснаваў пры Савецкай уладзе ажно да сярэдзіны 1980-х гадоў. Сёння там знаходзіцца краязнаўчы музей.

Праваслаўная царква ў Заастравеччы была пабудавана ў 1933 годзе і названа ў гонар вялікамучаніка Дыянісія. Першым святаром стаў В.М. Гаховіч. 12 мая 1934 года праваслаўны прыход наведаў япіскап Антон з Гродна. Каталіцкі храм у мястэчку з’явіўся таксама ў 1933 годзе і стаў вынікам няпростай барацьбы паміж каталікамі Заастравецкай і Грыцэвіцкай гмін. Апошнія прагнулі, каб касцёл быў пабудаваны на іх тэрыторыі. Лес як для касцела, так і для царквы быў адпушчаны бескарысна князем Радзівілам. Першым ксяндзом пробашчам стаў Мечыслаў Маркон.

Асвяціць новы храм, як сведчыў тыдневік „Zjednoczenie Katolickie” ад 13 жніўня 1933 года, прыязджаў япіскап з Пінска Казімір Букраба. Гэта адбылося 6 жніўня. Як праваслаўны святар так і каталіцкі адначасова са службай у сваіх храмах выкладалі закон Божы ў школе. Для яўрэйскіх дзяцей рэлігійныя заняткі праводзіліся ў малельным доме на рынку Янкелем Фурманам. Драўляны касцёл меў не вельмі прывабную архітэктуру, і не падабаўся вернікам і самому ксяндзу. Магчыма па гэтай прычыне лёс яго быў нядоўгі. Храм часткова пацярпеў ад моцнага ўрагану 1936 года, а пасля згарэў па невядомай прычыне. Новы цагляны храм пабудавалі ў 1937 годзе. Пры Савецкай ўладзе ў гэтым збудаванні доўгі час знаходзілася майстэрня аўтабазы.

Патрэбна адзначыць, што ўлады гміны вялікую ўвагу аддавалі стану вуліц не толькі ў мястэчку, але і ў аднайменнай вёсцы. Так за некалькі год пакрытай брукам аказалася амаль уся цэнтральная вуліца сяла і вуліца, якая ішла ад будынка старой школы да рынкавай плошчы. Ды і дарога на Клецк да Слуцкай шашы была таксама забрукавана. Усе галоўныя вуліцы і дарогі абсаджваліся таполямі. Гэтыя таполі радавалі вока чалавека, стваралі цяністую прахалоду нават ў самыя спякотныя летнія дні аж да канца 1980-х.


5.jpg

Увогуле працы упраўленню гміны хапала. Пад яе кіраўніцтвам знаходзіліся дзясяткі населеных пунктаў з насельніцтвам пад 3 тыс. чалавек. Тут без добрых памочнікаў войту гміны было не абысціся. Такімі памочнікамі сталі солтысы - вясковыя старасты. Упраўленне гміны не шкадавала сродкаў, каб зрабіць іх дзейнась больш эфектыўнай.

Так у выданні “Ilustrowany Dziennik Śląski Polska Zachodnia” ад 2.07.1938 г. №179 пісалася “Пагранічная Заастравецкая гміна закупіла для ўсіх сваіх солтысаў веласіпеды. Гмінныя ўлады матывуюць расходы на гэта тым, што солтысы змогуць спраўней працаваць, маючы такія сродкі руху.”

Па інфармацыі, змешчанай ў польскіх „Wiadomościach Geograficznych” (“Геаграфічных ведамасцях”) ад 1938 года, агульная колькасць жыхароў мястэчка (не блытаць з аднайменнай вёскай) на гэты год склала каля 450 чалавек. Па нацыянальнаму складу 75% насельніцтва былі палякі, 15% - беларусы, 10% -яўрэі.

Прыйшоў у Заастравечча верасень 1939 года, затым пранесліся гады нацысцкай навалы. Многа што змянілася ў мястэчку. Паменшылася колькасць палякаў: адных выслалі на Поўнач сталінскія ўлады, другіх расстралялі гітлераўцы, нехта сам пасля вызвалення пераехаў у Польшчу. У пясчанай яме на поўдзень ад мястэчка, закончыўся жыццёвы шлях яўрэйскай часткі гарадка. У апусцелыя дамы пасля вайны засяліліся прыезджыя. Але ўсё ж такі нейкі местачковы дух застаўся і да сенняшніх часоў. ”Але гэта, - як гаворыць вядучы папулярнай расійскай праграмы,-- ужо зусім іншая гісторыя”.
Сяргей Бялаш, спецыяльна для “Гістарычнай праўды

Заходняя Беларусь, Заастравечча, II Рэч Паспалітая

Previous post Next post
Up