Чытаю Ле Карбюзье Жылая адзінка ў Марселі ("L'Unité d'habitation de Marseille", Le Corbusier, 1950); "дамы як скрыні для бутэлек", "жыллё і адзінка вымярэння жылля -- бутэлька"...
Усё гэта мне зразумела і блізка. Я заўважаю, што сам люблю фатаграфаваць адно нацюрморт з чаркамі і бутэлькамі. Ані бяскрайнія краявіды палёў-лясоў, ані спічастыя горы-груды, чырвань усходаў і заходаў, ці так званыя "калгасныя пажары", маляўнічая "залатая восень", нават паэтычныя марскія хвалі, так не захопліваюць мяне, як зялёнае шкло бутэлькі прасветленае сонечным промнем.
Люблю я зялёную бутэлечку, як люблю лусту чорнага свежага хлеба з маслам. Каб я меў талент мастака або архітэктара, я будаваў бы як Гаўдзі дамы бутэлькі, з фасадамі аблітымі зялёным бутэлечным шклом, і гарады скрыні для бутэлек, услед за Ле Карбюзье.