Jan 31, 2014 19:19
Жук і Бог
Апавяданне.
“Вова, пакармі сабаку” - бязлітасна кажа бацька, калі я спрабую незаўважна выскачыць з дома, каб паспець на апошні рэйсавы аўтобус, што едзе з нашай вёсачкі да райцэнтра. Назад ужо буду вяртацца пешшу, позна, магчыма, не вельмі цвярозы. Тут усяго тры кіламетры. Бацькі пераехалі жыць сюды пяць гадоў таму, перад маім адзінаццатым класам, школу я, вядома, сканчваў у горадзе. Транспарт, бацькоўскі і грамадскі, дазваляў. Цяпер ва ўніверсітэце летнія канікулы, таму я ў вёсцы.
“Я спазняюся”, - адказваю са спадзевам, што бацька зробіць мне палёгку і адчэпіцца. Але мае довады яго не пераконваюць. Іду шукаць, чым можна накарміць цуцыка. Наліваю міску фасолевага супу, кладу туды хлеба, а яшчэ збіраю са стала косці ад хека. Сабака чамусьці не есць сырую рыбу, зусім, толькі смажаную.
“Жук, Жук, сюды”, - крычу з ганка. Сабака імгненна з’яўляецца, бяжыць да мяне, і радасна накідваецца на ежу.
Не паверыце, але ў нас да гэтага лета ніколі не было сабак. Затое цяпер аж сямёра катоў (у хаце, праўда, жывуць толькі трое, астатнія бегаюць па двары). Бацька любіць катоў, падбірае іх на вуліцы. Аблезлых, хворых, нямоглых. Потым гуляецца з імі, як кажа маці, корміць, мые, выходжвае. У бацькі добрае сэрца, але сабак ён і не прызнае зусім. Кажа, што ў другім класе яго моцна пакусаў сабака Толіка Брыцкага, які жыў каля самай школы. Потым бацьку калолі ўколы супраць шаленства, а сабаку застрэліў мой дзед. Баба смяялася, што гэта была самая вялікая ягоная здабыча за ўвесь час хаджэння на паляванне.
Жука, так я называў нашага новага сабаку, бацька б таксама не прыняў. Вядома, гэта ж не кот. Настаялі мы з братам. Бацька крыху павагаўся, але сказаў - акей, толькі глядзець самі будзеце. Акей, паўтарылі мы, бо разумелі, што вёсцы бываем рэдка. Галоўнае - згода дасягнутая.
Насамрэч Жук быў не нашым псюком, а суседскім. Але Яўген перастаў карміць сваю чорную балонку, пасля таго, як палічыў, што сабака апаганьвае жыллё з абразамі. “Калі сабаку нельга ў храм, то і ў доме трымаць яго не буду. Брудная жывёліна”, - гэта я ў скароце і вельмі ўтрыравана перадаю сэнс ягоных словаў.
Так Жук прыбіўся да нас. Хадзіў ды глядзеў сваімі вялікімі шкадоблівымі, як у каровы, вачыма. Раз вынеслі паесці, другі, а потым сабака ўжо не адходзіў ад нашага дома, бегаў на падворку разам з шматлікімі катамі. Падобна было, што нават бацька яго прыняў, хоць і працягваў трымаць удаваную чэрствасць.
Яўген жа, здавалася б, мог скінуў гару з плеч, калі пазбавіўся ад сабакі. Дзе там! Ён настойліва патрабаваў, каб мы болей не кармілі сабаку. Інакш, пашкадуем. І ён не жартаваў.
Апошні месяц мяне пераследуе навязлівае пачуццё, што пад вокнамі бацькоўскай хаты ходзіць чалавек з касой. Адчуванне цягучае і непрыемнае. У маім сэрцы і думках пасяліўся страх. Калі перад гэтым я не піў піва ў горадзе з сябрамі, то мне вельмі цяжка заснуць. Бо нават у снах гэты чалавек знаходзіць мяне. Каб хоць неяк супакоіцца, я чытаю ў думках малітву.
Ойча наш, які ёсць у небе, хай свяціцца імя Тваё, хай прыдзе валадарства Тваё, хай будзе воля Твая, як у небе, так і на зямлі. Хлеб наш штодзённы дай нам сёння, і адпусці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым. Не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амінь.
Зусім не ведаю, ці правільна складаюцца ў сказы словы. Я не зазіраў у гугл, не шукаў кананічны пераклад. Такую малітву я памятаю з дзяцінства. Ёй мяне навучыла бабуля, калі я перажываў самы складаны перыяд майго непрацяглага жыцця.
Гэта здарылася напрыканцы лістапада, калі мне толькі споўнілася дзесяць гадоў. Я прыйшоў дадому са школы а другой гадзіне. Нікога ў кватэры не было. Бацькі на працы, брат - на прадлёнцы, мая ж настаўніца з’ехала кудысьці ў Мінску на дзень, таму нас адпусцілі. Так бывае. Я глядзеў тэлевізар, паеў ранішняй грэчкі. Усё як заўсёды, нічога незвычайнага. Але ў той дзень пазванілі ў дзверы, званок быў нейкі дзёрганы і зусім непрацяглы. Я ціха падступіўся, каб зазірнуў у “вочка”, і пабачыў там зусім не паштара ці міліцыянера, а двух дужых хлопцаў з маленькімі ламкамі. Яны яшчэ раз пазванілі.
Я чуў пра такія гісторыі шмат разоў, напрыклад, пару месяцаў таму з дома хроснай не вынеслі толькі ложкі ды лыжкі. Мне расказвалі пра гэта бацькі, расказвалі аднакласнікі і настаўнікі. Мы ўсе разам выбудоўвалі нейкія магчымыя сцэнары дзеяння ў такой сітуацыі, аднак, калі справа непасрэдна дакранулася да мяне, то я проста стаяў як паралізаваны ў вітальні нашай аднапакаёўкі. Сёння я нават не магу згадаць, колькі гэта ўсё доўжылася. Хвіліну, дзве, дзесяць, паўгадзіны?
Я разумеў, калі яны адчыняць дзверы, ускрыюць замок, то ім давядзецца забіць мяне. Хочуць яны таго ці не. Я не крычаў, не спрабаваў вырвацца з кватэры праз акно нашага першага паверха, ці схавацца пад ложкам. Я проста сядзеў і не рухаўся. Такім мяне і знайшлі бацькі.
Нешта ўсё ж адпалохала тых дзецюкоў. Можа, ніколі і не даведаюся што ж. Але я застаўся жывы. І гэта найвялікшы падарунак Неба.
Вельмі доўгі прамежак часу пасля таго выпадку я не мог заставацца адзін у кватэры. Усё цела калаціла ад страха, таму са школы я ішоў да бабулі. Менавіта яна знайшла спецыялістку, якая шаптала мне ваду ад сполаха. Я ўсё гэта памятаю фрагментамі. Здаецца, я ляжаў на нашым невысокім століку, за якім сям’я штодня вячэрала, ці, магчыма, сядзеў пад ім, зусім голы, а баба Надзя праносіла ваду вакол кожнай ножкі гэтага століка і нешта ціха казала ў паўтаралітровую пласмасавую бутэльку з вадой. Сёння мне ўсё гэта падаецца нерэальным. Я нават не ўпэўнены, што так было насамрэч, а не ў маіх фантазіях. Неяк папытаўся ў маці, але яна кажа, што таксама не памятае.
Бабуля тады яшчэ на ўсякі пажарны, калі вада не падзейнічае, навучыла мяне малітве. Прычым, я дакладна памятаю, што па-беларуску. І я маліўся кожны раз перад сном. Маліўся да той пары, пакуль страх бясследна не пакінуў цела, пасля гэтага мае вусны ніколі больш не прамаўлялі малітву. Да гэтага лета.
Цяпер я малюся часта, але адначасова ў галаву лезуць дурныя думкі, каго Бог паслухае хутчэй: мяне ці таго чалавека, якога так баюся я? У мяне няма кепскіх намераў, але я ўжываю алкаголь і дуру галовы маладым дзеўкам. Я ганарлівы і часта ўпадаю, то ў празмерную весялосць, то ў празмерны сум. Я не хаджу ў царкву, а да Бога звяртаюся другі раз у жыцці. Скажыце, які понт Яму мяне слухаць?
Да таго, як бацькі дабудавалі вялікі і прыгожы двухпавярховы дом у “прыгарадзе”, мы ўчацвярых жылі ў аднапаёўцы, хай і ў цэнтры горада. Таму мне падабаецца ў вёсцы. Жывем амаль “наша хата з краю”. Толькі ў Яўгена хата яшчэ больш крайняя. За ёй ужо лясок з сунічкамі і казлятамі, грыбы такія. Той, каго я баюся - гэта наш сусед па “ранча” - Яўген.
Яму 31 год. Ён паспяхова адвучыўся ў мясцовым палітэхнікуме на цеплатэхніцы, потым у БНТУ на завочцы. Працаваў на паспяховым у горадзе заводзе інжынерам. У Яўгена белы-белыя валасы, у дзяцінстве праз гэта ў яго была мянушка Смятана, і блакітна-блакітныя вочы. Апошнім часам у гэтых вачах мне ўсё часцей бачыцца драбнотка вар’яцтва. Убачыць вар’яцтва ў светлых вачах нашмат прасцей, чым у цёмных. Гэта скажа вам кожны. У блакітных вачах вар’яцтву проста няма куды схавацца.
Чатыры гаду таму Яўген ажаніўся з дзяўчынай Кацяй. Яна смешная, бо ўся ў вяснушках, а яшчэ вельмі худая. Яна вучылася са мной у адной школе, памятаю, што ў старэйшых класах яна хадзіла заўсёды ў доўгіх сукенках. Ніколі не было міні, ці джынсаў. Іх з сястрой гадаваў адзін бацька. Маці памерла ад рака прамой кішкі, калі дзяўчыны толькі пайшлі ў школу.
І бацька здужыў іх падняць. Даць нейкую адукацыю (Каця працавала медсястрой, а сястра - бібліятэкаркай). Прыемныя суседзі, думалі бацькі, думаў я. А пазамінулай восенню Кацін бацька павесіўся. Казалі, што ён запытаўся ў дачок, ці можна яму жаніцца паўторна. Тыя праз свой усё яшчэ дзіцячы эгаізм сказалі рашучае “не”.
Каця стала шукаць прабачэння і паратунку ў царкве. Гэта не дзіва, так робяць многія, казаў мой бацька. Ад веруючых людзей бяды не будзе, дадавала маці.
Праблемы пачаліся з таго моманту, як Яўген адпусціў бараду. Такую самую белую, як і валасы на галаве. Людзі з барадой заўсёды перакананыя ў сваёй праваце. Іх перакананні нічым прабіць немагчыма. Барада блакуе ўсе контраргументы і адначасова надае ўпэўнасці і смеласці.
Праз поўгода смеласці набралася аж настолькі, што Яўген не проста кінуў працу і адмовіўся ад карыстання аўтамабілем, ён уласнаручна абрэзаў электрычныя драты, што ішлі да хаты. Яго бацькі прывезлі на дзень нараджэнне халадзільнік, і Яўген проста выкінуў яго на сметніцу. Калі вам трэба новы ўкраінскі халадзільнік, ці дэталі да яго, кажыце - я вам пакажу, дзе забраць. Калі не збаіцеся Яўгена.
Яны з Кацяй з гонарам паведамілі, што хочуць жыць натуральнай гаспадаркай. А яшчэ яны будуць маліцца. Я пытаўся да якой канфесіі яны далучыліся? Праваслаўныя? Не. Пратэстанты? Не. Амішы (гэта не я такі разумны, проста “Сакрэтных матэрыялаў” наглядзеўся)? Не. Давай скончым размову на гэтым, прапанаваў мне Яўген. Давай, адказаў я.
Яны гадавалі курэй, індыкоў, свіней, мелі карову. Кожны летні ранак Яўген з касой ішоў у поле. Аднойчы, адчуваючы праз сон нешта нядобрае, я прачнуўся а пятай раніцы, вызірнуў у акно і пабачыў Яўгена, які стаяў з касой і ўзіраўся проста мне ў вочы. Ці мне так здалося ад страху. Тады я ўпершыню і пабачыў у яго вачах пекла. Пасля гэтага я стаў маліцца перад сном.
Суседзям не падабалася, што бацькі будуюць лазню, яны лічылі, што мы залазім на іх участак. Было шмат сварак, абяцанні спаліць пабудову, нават прыязджала міліцыя. Праваахоўнікі казалі, што нічым дапамагчы нам не могуць, разводзілі рукамі, разбірайцеся самі. Найбольшы ж быў скандал, калі мая маці пачаставала іх малога сына вафлямі. Яўген прыбег да нас і крычаў, што не хочуць прывучаць дзіця да падачак, каб такога больш паўтаралася. Інакш будзе кепска ўсім. Потым гэтыя ж самыя словы мы пачулі і ў дачыненні да сабакі.
…У той самы вечар, пакарміўшы сабаку, я ўсё ж паспеў на аўтобус.
Спачатку я піў піва з аднакласнікамі ў бары “Нармандыя-Нёман”. Потым з адной часткай сяброў адпачкаваўся ад вялікай кампаніі, каб пасядзець зноўку ж з півам на лаўках стадыёна гімназіі №2. Мы пілі, курылі, рагаталі. Вечар прайшоў ціха, ніякіх зачэпак і намёкаў на бойкі. Я нікога не хацеў праважаць дадому, мне не трэба было ўражваць усіх сваёй дасціпнасцю і інтэлектам. Проста добрая і лёгкая ноч. Нават тры кіламетры да вёскі былі пераадолены ўсё з той жа неверагоднай лёгкасцю…
На гадзінніку было палова на пятую раніцы. Ён чакаў мяне каля брамкі. У адной руцэ Яўген трымаў лязо ад касы, без касавішча, у другой - маленькую балонку, нашага Жука.
“Ты ж ведаў, што ўсё так і будзе? Праўда?” - запытаўся ён. “Не”, - адказаў я. “Хлусіш, ты сам ва ўсім вінаваты”. Іскрынка ў вачах.
Як пішуць у газетах, я нават не паспеў заўважыць ягоны раптоўны і рэзкі рух лязом. Жук заскавытаў. Яўген кінуў сабаку, з шыі якога цякла бардовая кроў, на траву, развярнуўся, і марудна пайшоў у свой двор. Ён ведаў, што я не буду даганяць яго і кідаць камянямі ў спіну. Як дванаццаць гадоў таму, я аслупянеў, а ў галаве ўсё назойліва паўтараліся словы: “Ойча наш, які ёсць у небе…”
25 снежня 2013 - 30 студзеня 2014