Мой сусед Віктар Іванавіч

Oct 30, 2013 23:18

Апавяданне

Віктар Іванавіч мяне не любіць. І не вітаецца. Я б на ягоным месцы мяне таксама не любіў.

Летам па начах Віктар Іванавіч любіць курыць на балконе са свайго другога паверху. Да ягоных вокнаў амаль дарасла чарэшня. Усе курцы так любяць рабіць, незалежна ад таго на якім паверсе яны жывуць. І ўсе курцы не любяць, калі ім на галаву ліецца дождж з ванітаў. Але, зразумейце, я ж таксама не вінаваты, што піва змяшанае з зуброўкай так добра пілося ў бары “Крыніца” насупраць КДБ. Вінаватая кампанія, вінаватыя цікавыя размовы і прыгожыя дзяўчыны, але не я. У той вечар столь у кватэры нечакана пачала круціцца як у нейкім нізкапробным фільме, калі герой п’яны-п’яны. Ніколі са мной такога не было. Я не думаў куды бліжэй пайсці: да прыбіральні, ці балкона. Проста пабег на балкон. Віктару Іванавічу ноч я сапсаваў капітальна.

Даўно ўжо той “Крыніцы” няма, на яе месцы “Голдэн кофе”, а Віктар Іванавіч усё крыўдуе. Мне здаецца, што ён марыць пакатаць мяне на сваёй машыне. Ды яшчэ як марыць! Ах, забыўся згадаць. Віктар Іванавіч працуе шафёрам на катафалку. Гатычненька, відаць, падумалі вы. Я б ніколі не даведаўся пра ягоную працу, каб у нашым пад’ездзе аднойчы не акалеў нейкі бомж. Прыходзілі міліцыянты, задавалі пытанні. Я не ведаў ад чаго ён памёр, і не ведаў, хто памёр. І мне было ўсё адно. Абы гэта было не заразным. Я толькі пабачыў, што закручанае ў нешта цела пагрузілі ў катафалк, а за руль машыны сеў Віктар Іванавіч.

Мне нават шкада, што нашы адносіны гэтак сапсаваліся тым несанкцыянаваным вывяржэннем майго страўніка. Інакш, можа быць, мы б маглі нават пасябраваць. Я перакананы, што ў Віктара Іванавіча шмат цікавых гісторый. Заўсёды хацеў запытацца, ці прыходзяць да яго па начах пасажыры машыны. Чамусьці думаю, што прыходзяць. Інакш бы ён не паліў ноч на пралёт сіні вінстан на балконе. Я баюся трупаў, ды я нават манекенаў баюся. Чалавечыя целы сапраўдныя ці пласмасавыя, пазбаўленыя жыцця, вусцішныя. Гэта ведае кожнае дзіця, праўда, калі становіцца дарослым гэта чамусьці забывае. Я не забыўся. Таму Віктар Іванававіч мой герой. Ён не баіцца.

Дарэчы, ніколі не бачыў і не чуў, каб Віктар Іванавіч размаўляў са сваімі дзецьмі. Я не ведаю, як іх завуць. Няхай будуць Лёша і Дзіна. Лёша са мной вітаецца, хоць я і абяцаў неяк разбіць яму твар. Ну ў мяне ў кватэры прарвала трубу. Сантэхнік з мяне ніякі. Я ўвогуле рукамі мала што рабіць умею. Рабочыя не ехалі. Лёша хваляваўся, прыбягаў некалькі разоў на мой паверх, грукаў у дзверы, прасіў прыняць неадкладныя меры. Я яго разумею цудоўна. Непрыемна, што вада са столі цячэ. Тым болей калі новыя польскія шпалеры паклеілі. Я яму тлумачыў як мог: “Лёшка, я - гуманітарый!!!” А ён здаецца не зразумеў. Давялося сказаць, што буду біць морду. На выгляд я страшны, а што біцца не ўмею, то хто ж гэта ведае.

…Але Лёшка вітаецца. Мы з ім бяром шаурму ў адным месцы. У егіпцяніна Ахмеда. Вы яго павінны ведаць, у яго яшчэ сцяг сірыйскіх паўстанцаў стаіць на працоўным месцы. Лёшка бярэ заўсёды фалафель. У яго ўжо нават не пытаюцца пра замову. Фалафель - гэта добра, але мяса ў ім няма. Я ўжо казаў усім, скажу і вам: “Вегетарыянства - першы крок да гомасэксуалізму”. Лёшку я праўда тое не казаў. Ён ужо амаль дарослы чалавек, таму яго выбар застаецца толькі паважаць. Як і выбар граць на скрыпцы. Дарэчы, а музыкі яны таксама гуманітарыі?

Дзіна ж мяне баіцца, хоць ёй морду я біць ніколі не абяцаў. Упэўнены, што яна лічыць мяне маньякам. Штовечар Дзіна ідзе гуляць з сваім сабачкам. Я не разбіраюся ў сабаках, мне яны, як в’етнамцы, усе на адзін твар. Хаця не, хлушу. Чао-чао ідэнтыфікаваць магу. Яны падобныя на медведаў. А медведаў я люблю. Узгадаў, што сярод в’етнамцаў я таксама магу адрозніць Хо Шы Міна. Праўда, яго мімішкай я не называю і не расплываюся ва ўсмешцы, калі бачу. Адны чао-чао маюць шанец на тое, каб рэабілітаваць род сабачы.

Але ж я пра Дзіну. Дзяўчына выводзіць свайго шчанюка штовечар на прагулку (яшчэ адзін відавочны мінус сабак). І так ужо атрымліваецца, што ў дом яна заходзіць у той час, калі я вяртаюся з працы. Халера яго ведае, чаму чып ад пад’езду з сабой яна ніколі не бярэ. Але пакуль звініць дамафон, я падыходжу ззаду, і ці карыстаюся сваім чыпам, ці чакаю, пакуль дзверы адчыняць ёй. Кожны раз, абарочваючыся і бачачы мяне, Дзіна аж падскоквае ад здзіўлення і страху. Ну проста як я ад манекенаў. Хаця я б на месцы Дзіны таксама баяўся б. Лысы, стокілаграмовы мужык падкрадаецца да цябе ззаду, а потым заходзіць следам у цёмны пад’езд. Яна бяжыць, штосілы на свой другі паверх. Часам мне здаецца, што варта было б загаварыць з ёй калі, але потым такая думка зусім не падаецца бліскучай. Бо гэткая размова можа прывесці да таго, што дзяўчынцы давядзецца шукаць бабку-шаптуху ад сполаху. Як шукалі мне, калі перад маім роварам ударыла маланка. Хаця я не разумею, як можна быць такой баязлівай, калі ў цябе тата працуе на катафалку.

Маці? Яна ёсць. Я перакананы ў гэтым. Толькі я яе ніколі не бачыў. Ну ў кожным серыяле павінен быць персанаж пра якога гавораць, але яго ніхто не бачыў. Таму маці я назваў “місіс Каломба”. Чаму місіс Каломба дазволіла Дзіне пастрыгчыся ў стылі я-ўпала-з-сенавала-тармазіла-галавой, а Лёшу насіць бабскі абутак, я не ведаю. Але не лезу ў справы старэйшых людзей. Яны ведаюць пра выхаванне лепш за мяне.

Мне здаецца, што ў нас яшчэ б быў шанец памірыцца і залагодзіць нашы канфлікты з Віктарам Іванавічам і ягонай сям’ёй, каб не мая параноя.

Віктар Іванавіч - адзіны чалавек, які ходзіць у сутарэнні дома. Ніхто болей не ходзіць: ні шляхетная бландзінка з блакітнай венай, што праходзіць праз усю леваю шчаку, ні маладая пара неграў з-пад Гомеля, ні алкаголік Калян, які камусьці на лавачцы прызнаваўся як у 1970-я яго саджалі ў турму КДБ за “палітыку”. Нават гэтыя найбольш каларытныя персанажы пад’езда не заходзяць у сутарэнні, а Віктар Іванавіч адтуль не выходзіць у свае выхадныя.

Я многа гляджу тэлебачання. Грэх, каюся. Канечне, у маю рудую галованьку магло прыйсці толькі адно: там ён зладзіў лабараторыю для катаванняў і забойстваў. Уключыце НТВ, такое спрэс і побач. Віктар Іванавіч чалавек без прыкмет. Мне цяжка яго апісаць. Усё ў ім звычайнае, такімі і бываюць ідэальныя маньякі. На працу кіроўцы катафалка ён таксама пайшоў не проста так жа. Была нейкая цяга да трупаў. Ну згадзіце, ёсць у маіх словах нейкае рацыянальнае зерне.

З таго моманту, як я зразумеў, што ў сутарэннях знаходзіцца вар’яцкае гняздо страху і слёзаў, то я перастаў і піць, і есці. Нават кебабы ад Ахмеда. Самога Віктара Іванавіча я стаў шугацца яшчэ больш, чым Дзіна шарахалася ад мяне. Канечне, я разумеў, што знаходжуся ў групе рызыкі. Блявоціну на сваёй галаве не даруе ніводзін вар’ят-маньяк. Але я разумеў, што забіваць зараз мяне было б вельмі рызыкоўна, бо ўвесь пад’езд ведае пра нашу варажнечу.

Я некалькі разоў спрабаваў трапіць у сутарэнні, але яны былі зачыненымі. Узломваць ноччу? Не, у мяне кішка танка. Супрацоўнікі ЖКГ адмаўляліся адчыняць мне падвал, я ж нават не прапісаны ў гэтым доме. І мне ўсё болей здавалася, што я знаходжуся ўнутры нейкай вялікай змовы. Усе ведаюць, што за чалавек гэты Віктар Іванавіч, але баяцца пра тое сказаць.

Урэшце, так вырашыў жыць і я. Рабіць выгляд, што нічога не ведаю. Прыслухоўвацца да кожнага шораху на паверх ніжэй.

У нейкі момант мне нават здалося, што жыццё па-суседству з маньякам пачынае наладжвацца. Мы так ціха і размерана пражылі два з паловай месяцы, пражылі б і цэлае жыццё, калі б у адзін дзень Віктар Іванавіч не павітаўся са мной. Проста ўзяў і павітаўся пасля столькі ж гадоў маўчання. Я таксама кіўнуў яму, зайшоў у кватэру, паспрабаваў пачытаць “Прессбол”, але рукі мае калаціліся, валяр’янка не дапамагала. Я плакаў, смяяўся, зноў смяяўся і плакаў. Я разумеў, што Віктар Іванавіч хоча памірыцца, каб потым забіць мяне, каб я страціў пільнасць. Колькі пра такое я чытаў!

Я не вытрымаў, я сарваўся. Выйшаў з кватэры і стаў званіць суседзям і крычаць, што Віктар Іванавіч крывавы забойца, што ўнутры ягоных сутарэнняў страшнае месца многіх расправаў, выклікайце міліцыю, умаляў я, як у сне…

Міліцыя прыехала, разам з хуткай дапамогай. Проста адвезці мяне ў бальніцу не атрымлівалася. Я ў істэрыцы патрабаваў, каб Віктар Іванавіч адчыніў нарэшце сутарэнні і паказаў усім, што там адбываецца. Ён адчыніў. Ні ланцугоў, ні іспанскіх туфелек, ні іншых прыладаў для катаванняў там не было. У сутарэннях стаялі станкі і інструменты, якімі Віктар Іванавіч вырабляў дзівосных птушак і звяроў, каб потым аздабляць імі двор. Наш быў упрыгожаны ваўкамі, цмокамі і ластаўкамі задоўга да майго прыезду ў гэтую кватэру. Але Віктар Іванавіч не мог спыніцца, ён рабіў скульптуркі для суседніх двароў. Усе суседзі гэта ведалі, але ж я з імі ніколі не размаўляю. Я іх нават не ведаю па імёнах.

“А яны да вас прыходзяць па начах?” - папытаўся я разгублена ў Віктара Іванавіча.

“Хто яны? Звяры?”

“Ну… Вашы пасажыры”.

“Даўно ўжо не прыходзяць”.

Віктару Іванавічу проста не пашанцавала з суседам зверху.
Previous post Next post
Up