Першая азіацкая паездка ў маім спісе вандровак-камандыровак ёсць. Хаця назваць Індыю проста краінай Азіі ў мяне не паварочваецца язык. Мне падаецца, Індыя - гэта свой асаблівы сусвет. І я гэта сцвярджаю пасля ўсяго 1 тыдня тут. Але свядомыя людзі кажуць, што асэнсаванне прыходзіць па вяртанні дамоў, а тое і пасля наступных вандровак. Ці, як трапна кажуць англамоўныя людзі, it grows on you. Тым не менш, не будзем чакаць, чаканне дастала. Таму першыя ўражанні…
Нумар адзін, гэта месяц. Яго я ўбачыла яшчэ з самалёту, бо рэйс прылятаў ўначы і, канешне, рогі ўверх уражваюць! Прынамсі, для мяне гэта было сапраўднае адкрыццё, бо Індыя расцягнула маю асабістую мапу не толькі на ўсход, але і на поўдзень.
З ілюмінатара фатаздымкі не атрымаліся, а з зямлі такога відовішча не заўважыць. Бу нумар два - смог. Канешне, гэта не Пекін, але для нашых распеставаных лёгкіх розніца адчувальная. Ды і тэлефоннай камеры ў такое надвор’е не справіцца.
Праўда, наракаць на яго нельга. Як-ніяк больш 30 градусаў розніцы з радзімай! Тобок наша камфортнае лета (трошку вышэй за 20˚С і без дажджу).
І раслінкі тут таксама нашыя, толькі растуць не дома на падваконні, а на вуліцы.
Вось з жывёльным светам па-экзатычней. Тут табе і папугаі, і паўліны, і малпы…
Асаблівай ўвагі заслугоўваюць бяздомныя сабакі. Калі і ёсць дзе сабачы рай, то ён тут, у Індыі. Настолькі сытых, задаволеных і лянівых сабак я яшчэ не бачыла. Яны спяць на кожным кроку, абсалютна ігнаруючы мінакоў. Нават вухам не вядуць, не тое, каб панюхаць ці паклянчыць ежы. З апошнім, дарэчы, у іх усё наладжана. Бо ў мясцовай рэлігіі дагляд за жывёламі - асаблівы пункт, на свае вочы бачыла, як людзі нясуць торбы ежы - тры стравы і малако ў асобным пакеціку - каб накарміць шчанюкоў і іх маці.
Тут лагічна, канешне, зазначыць індыйскую кухню. Нават я, спрабуючы толькі самыя простыя і нявострыя стравы, зацаніла, наколькі шырокі спектр смакаў прапануюць розныя рэгіёны краіны. І асаблівы дзякуй кажу сваім індыйскім калегам, каторыя клапоцяцца, каб я пакаштавала самую лепшую і аўтэнтычную кухню.
Таксама нельга не зазначыць, колькі вядомых архітэктурных помнікаў можна наведаць у Дэлі. І, што прыемна, новае метро дазваляе зрабіць гэта без інфарктаў і нэрвовых зрываў. Бо рух тут - суцэльны хаос! Шум, гам, бібіканне і абсалютнае ігнараванне ПДД. Нават такія простыя рэчы, як бок руху (а тут ён па-ідэі левы) перыядычна мяняюць, асабліва шпаркія мотарыкшы.
Дык вось, з таго, што я пакуль пабачыла, вялікімі літарамі зазначу AKSHARDHAM! Проста must visit! Вялікі комплес - сумесь сабора і Дыснэй лэнда:) Агромная колькасць красамоўных разных арак з унікальнымі сюжэтамі, вялізны індуіскі храм ад якога проста мурашкі па скуры, павільёны, ў якіх робаты паказваюць сцэнкі з жыцця Bhagwan Swaminarayan, паездка на лодцы па гісторыі Індыі, фудкоры і неверагоднае воднае шоў. Апошняе трэба патлумачыць. Калі звычайна мы захапляемся фантанамі, якія асвятляюцца рознакаляровымі ліхтарамі і пераліваюцца ў розных камбінацыях вышыні і накірунку пад вядомыя кампазіцыі, то тут адчуваецца ўплыў цяперашняга стагоддзя. Па-першае, павялічваем маштаб, палітру колераў, дадаем актораў і з цікавым індуісцкім падтэкстам, лазеры і пражэктары на 360˚, і, канешне, анімацыю з “ажыўленымі” скульптурамі і ўвасабленнем багоў у мультыплікацыйнай форме. 25 хвілін чыстага захаплення! Але фотак няма, бо, хоць уваход і вольны (квіткі на шоў і г.д. набываюцца асобна ўнутры), давядзецца прастаяць чаргу, каб здаць усе торбы і гаджэты ў камеры захоўвання. Таму парада для наведвальнікаў - не браць з сабой шмат рэчаў, па-магчымасці пакідаць камеры і тэлефоны, а заплечнік змяніць на жаночую сумачку.
Што да іншых цікавостак: чырфоны форт я пабачыла толькі здалёк, што мяне цалкам задавальняе, таксама наведалі Lotus Temple (панрэлігійны храм у выглядзе лотаса, чымсці нагадвае сіднэйскую оперу) і Delhi Haat. Апошняе, гэта пра shopping. Гэта не самы танны, але ўтульны і разнастайны базар, дзе прадстаўлены латкі з усіх куткоў Індыі. Спецыі, упрыгожванні, сувеніры і сапраўдныя шалі з Кашміру… Ну, вы зразумелі.
Спадзяюся, мае далейшыя прыгоды будуць не менш запамінальнымі. І для скептыкаў, вядома, у кожным месцы ёсць свае плюсы і мінусы, свой бруд і свае забабоны, галоўнае правільна настроіць фокус аб’ектыва.