Не прымаць блізка да сэрца, заняцца справамі, заглушыць адны эмоцыі іншымі... І ведаеце, не атрымліваецца, не заўжды, не ва ўсіх. І ў мяне часам не атрымліваецца. Вось як зараз.
Два дні таму Chester Bennington пайшоў з жыцця. Яшчэ адзін выдатнейшы музыка, адзін з найлепшых галасоў альтэрнатыўнай сцэны пакінуў гэты свет занадта рана.
Я не была супер фанатам Linkin Park, але іх песні заўжды мелі месца ў маім плэй-лісце. На самым першым дыску, якія я сабе набыла, другім трэкам быў In the End. Я дагэтуль памятаю ўсе словы. І альбом Meteora з вясны 2003 года перыядычна трапляў у прайгравальнік. Нават у апошніх альбомах больш лёгкай стылістыкі заставаўся той прысягальны эмацыйны пасыл. І мне бясконца шкада, што гэта скончылася.
Бясконца сумна, што ні Чэстар, ні яго сябра Крыс не парадуюць нас новым матэрыялам, а я веру, што ім было б яшчэ што нам сказаць. І яшчэ хочацца спадзявацца, што гэты страшны ланцужок перарвецца. Кажуць, творчыя людзі адкрываюць сваё нутро вонкі і іх лягчэй параніць. Ніякія грошы, слава ці "седатыўныя" не з'яўляюцца надзейным шчытом. Таму трэба быць уважлівымі адзін да аднога. Дэпрэсіі, залежнасці, няўдачы, унутраны боль - гэта не абавязкова самагубства, калі ёсць за што ці за каго зачапіцца. Нажаль, мы часта не бачым або не ўсведамляем, што камусьці побач патрэбна наша дапамога. Ігнаруем званочкі. Смяемся з іх. І так мала ведаем.
https://www.helpguide.org/articles/suicide-prevention/suicide-prevention.htm