Я некалькі разоў збіралася пачаць пост пра Валію, маўляў, першыя ўражанні, але, пэўна, неабходна, каб прайшло колькі часу і вобразы ўлягліся ў галаве і пераўтварыліся ў нешта асэнсаванае. Інакш увесь пост апынуўся ў адно слова - прыгажосць! ;)
Без гэтага, канешне, таксама не абыйдзецца. Што яшчэ можна сказаць пра марскі пейзаж? Магчыма, мы проста немарскія людзі, а магчыма, героі "Knokin' on Heavens Door" мелі рацыю і нават на нябёсах размовы толькі пра мора і пра захад.
Праўда, акром мора тут яшчэ шмат цікавай прыроды. Зялёныя пагоркі з белымі авечкамі, пералескі, рэчкі...
Я ўжо не кажу пра кветкі. Я ведала, што нарцысы - сымбаль Валіі - тут будуць распаўсюджаныя, але каб на столькі! Жоўтыя сонейкі на клумбах, на ўзбочынах, ў вулічных гаршэчках, у кожным офісе, на касах у крамах, на адзенні. Карацей, паўсюль. Адчуванне сапраўднай вясны.
Часам нават лета. Асабліва калі глядзіш, як мясцовыя малыя гуляюцца на ўзбярэжжы ў хвалях. Праўда, мне да іх смеласці далёка.
У той дзень я цалкам камфортна адчувала сябе ў швэдары. Купальны сезон будзе пазней, пакуль мяне задавальняе шпацыр і кава на пляжы.
Сам горад Аберыствіс такма цікавы. Нягледзячы на невялікі памер (15,9 тысяч жыхароў),ён займае важнае месца ў валійскай культуры і нават лічыцца сталіцай Мід-Уэльса.
Тут знаходзіцца валійская нацыянальная бібліятэка, адзін з лепшых універсітэтаў, руіны замка 13 стагоддзя...
Каб не марскі пейзаж, можна б было адчуць сябе амаль як дома, недзе ў Наваградку. Праўда, мора не заўважыць тут нерэальна.
Трэба яшчэ залезці на пагорак, каб пабачыць гэтую прыгажосць з вышыні. І калі маё дужанне з лянотаю на гэтым не скончыцца, выкладу некалькі фатаздымкаў для вас.