(no subject)

Jan 27, 2014 20:00

Гэты дзень нараджэньня я сустракала ў самым ўтульным горадзе - у Вільне....
Выбрала жыльлё у самым сэрцы старога горада. З маіх вокнаў адкрываўся від на старыя дахі Bernardinu gatve і ад гэтага я адчувала сабе часткай гэтага горада...


У гэты раз мая вандроўка па Вільне праходзіла пад дэвізам "калі гэтая сьцяжына тут пратаптаная, то мне таксама абавязкова трэба па ёй прайсьціся". І я нечакана для сябе апынулася на Халме Гедэміна. Не блытаць зь Вежай(замкам).
Я шпацыравала па Ужупісу і шукала шлях да гары Трох Крыжоў. Але апынулася на Халме. Зараз з упэўненасьцю магу сказаць - гэта адно з "маіх" месцаў! Энергетыка тут неверагодная! Адсюль не хацелася спускацца: так бы і стаяла, глядзела на горад, размаўляючы з Гедэмінам, вымаўляючы самыя запаветныя мары...
Пасьля я патрапіла-такі і на гару Трох Крыжоў. Глядзела на горад, дзівілася, які ён кампактны, харызматычны, шукала знаёмыя дахі...




Але самы класны від на гэты горад адкрываецца з халма, на які трапляеш, спускаючыся з Халма Гедэміна.
(нажаль, камера на тэлефоне не здолела захаваць прыгажосьць)

Усё ж я класна гуляць па Вільне, калі там няма турыстаў! Як у гэты зімовы панядзелак. Горад належыць рэдкім мінакам, і мне ў тым ліку. І я хаджу па мясцовым сьцяжынкам, заміраючы ад захапленьня неверагодных сустрэч з віленскімі вулачкамі. І у мяне нават пыталіся "як прайсьці" :)Па-літоўску! І што самае неверагоднае, я змагла падказаць :)




А яшчэ, зранку, выходзячы за браму, здаецца, што мясцовыя старажылы абавязкова скажуць табе "Labas rytas!" і прызнаюць адным са сваіх. І раптам падасца, што я выйшла не для таго, каб крочыць на вакзал, а проста сабралася ў найбліжэйшую "Максіму" за малаком і хлебам...

Вільня, асабістае, Літва

Previous post Next post
Up