Усё пачалося са слова Інсбрук.
Я нават слаба ўяўляла сабе, што гэта за горад, але інтэрнэт зрабіў сваю справу - у здымкі сталіцы альпійскага Ціроля я закахалася адразу і назаўсёды. Гэта стала такой прыгожай марай. І амаль недасяжнай.
Але… Калі нашы мары становяцца мацнейшыя за нашы жахі, яны пачынаюць збывацца. Абсалютна выпадкова намалявалася магчымасьць патрапіць у Аўстрыю.
ВЕНА
Аўстрыя пачалася з Вены. У ёй мы прабылі ўсяго 4 гадзіны, хуценька прайшоўшыся па знакавых месцах. Таму мы толькі падзівіліся на яе велічнасьць, уявілі, як можа быць тут класна позняй вясной, калі ўсё квітнее і можна гадзінамі сядзець на адкрытых летніх тэрасах кавярняў, гледзячы на шпілі св.Стэфана…
І пабеглі далей. На цягнік да Зальбургу.
ЗАЛЬЦБУРГ
Тры гадзіны ў цягніку, і мы прыбываем у Зальцбург. Ноч у маленькім утульным гатэлі, сонечны ранак - і мы гатовыя адкрываць для сябе горад, у якім нарадзіўся Моцарт.
Для нас атмасьфера пачалася з унутранага дворыка ля Кафедральнага сабора, дзе быў хрышчоны Моцарт. Зранку, калі турыстаў яшчэ няшмат, можна хадзіць там, уяўляючы сабе ў далёкім 18 стагоддзі, слухаць, як б’юць званы, настройваючы на ўзьнёслы лад, і раптам, недзе ў глыбіні самаго сабе, пачуць гэтую музыку… Нават, калі вы ніколі не чулі Моцарта, вы адчуеце лёгкасьць яго мелодый, якія будуць нячутна разьлітыя ў паветры.
Пасьля, канечне, была плошча з помнікам цукерке “Моцарт” і яе стваральніку. І від на крэпасьць Хоэнзальцбург. Нават, калі вы і не плянавалі ўздымацца туды, іншых варыянтаў у вас проста не застанецца. Бо гэтыя рамантычныя белыя вежы так і вабяць да сабе. Ну і лепшы від на гэты горад(с)… Ну вы разумееце)))
З агляднай пляцоўкі гэтай крэпасьці шыкоўны від не толькі на дахі і шпілі Зальбурга, але і на велічныя Альпы. Вось менавіта тут для нас пачала адкрывацца прыгажосьць Ціроля.
Вышэй ёсьць яшчэ адна аглядная пляцоўка. Патрапіць на яе можна праз экскурсію па ўнутраных залях вежаў. Дарэчы, экскурсія суправаджаецца аўдыёгідам, дзе ёсьць руская мова. Цікава паслухаць.
Прагуляцца па іншых унутраных памяшканьнях крэпасьці можна і без эксрурсіі - у іх месьціцца даволі вялікі музэй, дзе можна пабачыць амуніцыю і зброю аўстрыйскіх войскаў розных перыядаў, старажытныя кнігі, посуд і шмат іншых цікавых рэчаў, распавядаючых аб жыцьці горада і краіны ў розныя эпохі.
Падымае і спускае з крэпасьці вагончык-фунікулёр. Дарослы квіток каштуе 11,50 еўра, дзіцячы - 6,50.
Пасьля мы проста гулялі па вуліцах Зальцбурга, не адмаўляючы сабе ў жаданьні зьвярнуць на спадабаўшуюся вулачку, ухапіўшыся позіркам за прыгожую вывеску ці дах. Для мяне вось такое паглыбленьне ў горад - гэта амаль самае цікавае пры вандроўках. Калі ты ідзеш, схаваўшы мапы ў кішэню, і наўпрост адкрываеш для сябе горад такім, як ён ёсьць.
Мы выйшлі да ракі, селі на камяні, падставіўшы твары сонцу. У трох кроках на масту кіпіць жыцьцё, снуюць тралейбусы, граюць вулічныя музыкі… А тут - цішыня, спакой, сонца і поўнае адчуваньне вясны і шчасьця.
Вярнуўшыся на процілеглы бок ракі, мы выйшлі да палаца Мірабэль. Ён і ягоны сад былі яшчэ зачынены для наведвальнікаў, таму мы абышлі яго па перыметры, жмурачыся ад сонца, любуючыся вясновымі кветкамі і скульптурамі.
За палацам знайшлася невялікая, але вельмі добрая дзіцячая пляцоўка. Вельмі раю))
Пасьля мы выправіліся ў Цаль-ам-Зее - Капрун - Пізендорф. Пра гэта падрабязьней будзе ў другой частцы.
ЦАЛЬ-АМ-ЗЕЕ
Гэта маленькі альпійскі гарадок на беразе возера. Зь яго берагоў адкрываюцца клясычныя альпійскія віды. Тыя, што знаёмыя нам па рэклямных плякатах)) Абацаючыя спакой і прыгажосьць. Што я магу сказаць - усё так і ёсьць)))
На возера можна глядзець бясконца.
Сюды прыходзяць бацькі з калыскамі, больш дарослыя дзеці бегаюць па дзіцячай пляцоўцы і чачстуюць хлебам качак і лебядзей. Дарослыя сядзяць на лавачках ці гуляюць уздоўж парапета.
Увесь гарадок можна абыйсьці натуральна за паўгадзіны. Маленькія кароткія вулачкі, утульныя, упрыгожаныя рознымі фігуркамі карвярні, сувенірныя лавачкі, ліхтары, уздоўж возера, беласьнежны “Гранд гатэль”… І горы, горы, горы… Засьнежаныя і цалкам зялёныя. Вельмі не хапала ровараў))
КІТЦБЮЭЛЬ
Старажытныя вежы, цыбулінкі храмаў, аркі, рознакаляровыя домікі, брукаванка… Мяркую, тут прыемна праехацца ў вазку з конікамі. Дарэчы, яны тут прысутнічаюць, але дарагавата)
Пад час майго наведваньня горад актыўна рыхтаваўся да Пасхі. Мора кветак, яек, пасхальныя зайкі… Гэта стварала такі ап’яняючы і крыху фліртуючы настрой))Шматлікія кавярні і рэстарацыі гасьцінна запрашаюць прысесьці за столікі на вуліцы. У кубках яркімі блікамі грае віно і піва, сонечныя зайчыкі хаваюцца ў вазочках з дэсертамі. Вясёлыя гутаркі на розных мовах. І ты адчуваеш сабе абсалютна сваім сярод ўсяго гэтага хараства…
ІНСБРУК
Вось так, невялікі крокамі мы наблізіліся да Інсбрука. Яшчэ колькі дзён таму гэта было марай, і вось я ў гэтым горадзе, за мной - знакаміты залаты дах, а перада мной вуліца Марыі-Тэрэзіі… І горы))
Выдатная рэзідэнцыя Габсбургаў шмат гадоў таму прымерыла спартыўны вобраз. Для гэтага ёй спатрэбілася ўсяго дзве зімовыя алімпіяды. У 1964 годзе і ў 1976-м. Але Інсбрук - адзін з самых прыгожых сярэднявечных гарадоў Еўропы. Гэта горад, якому без малога 1000 гадоў і тут ёсць на што паглядзець. Чаго вартыя толькі Хелблінгхаус - вытанчаны жылы дом бела-ружовага колеру ў стылі барока, падобны на каштоўную шкатулку, ці гарадская Вежа - незвычайнае архітэктурнае збудаванне вышынёй у 56 метраў. Зараз гэта адна з назіральных пляцовак горада.
Вось тут я зусім не карысталася мапай. Проста хадзіла па вуліцах і вулачках, піла каву з найсмачнейшым пірожным, глядзела на ўсё шырока адкрытымі вачыма, зьлівалася з натоўпам і хавалася ад яго…
Пахадзіла нетурыстычнымі сьцежкамі за ракой Інн.
Увечары ізноўку выбраліся ў горад усе разам. І нават патрапілі на нейкія кіназдымкі ці то навагодняй стужкі, ці то перадачы.
Нажаль, не патрапілі ў альпійскі заапарк. Але, трэба ж нешта пакінуць і на наступны раз, праўда?