Юрась Пацюпа. Сабака

Mar 30, 2013 13:35

Вяртаньне Пацюпавага «Сабакі»

Юрась Пацюпа. Сабака. Менск, «Лімарыус», 2008.

Гэтая кніга абрасла легендамі і мітамі, як апоры старога маста водарасьцямі і мохам. Невялічкая, кішэннага фармату, 55 старонак. Паэтычны зборнік «Сабака» Юрась Пацюпа напісаў яшчэ напачатку 90-х. Планавалася, што зборнік выйдзе ў кніжнай сэрыі «Паэзія новай генэрацыі», якую ў свой час выдавала Таварыства Вольных Літаратараў. У 1993 годзе тыднёвік «Літаратура і мастацтва» нават памылкова паведаміў, што зборнік пабачыў сьвет. Насамрэч Юрась Пацюпа так і не падрыхтаваў рукапіс для тэвээлаўскага выдавецтва «Полацкае ляда» і зборнік застаўся нязьдзейсьненым праектам. Хаця пра яго пісалі ў друку, вершы са зборніка цытаваў у сваіх артыкулах сам Пацюпа, карацей, «Сабака» жыў асобным віртуальным жыцьцём.

І вось нечакана ў 2008 годзе «Сабака» матэрыялізаваўся ў выглядзе рэальнай кнігі - з паперы, з вокладкай і нават ілюстрацыямі - аўтар папрасіў знаёмых паэтаў і пісьменьнікаў намаляваць сабаку, і гэтымі просьценькімі малюнкамі ён яшчэ больш узмацніў канцэптуальнасьць сваёй кнігі.

Увогуле нічога ў сьвеце не бывае выпадковым. Ёсьць і прычына зьяўленьня папяровай «Сабакі». У першай палове нулявых у літаратурным друку пачалася дыскусія адносна беларускага постмадэрнізму. У 2004 годзе ў часопісе «Arche» (№3) Юрась Пацюпа надрукаваў успаміны пра беларускае літаратурнае жыцьцё пачатку 90-х «Постмадэрнізм, калыска мая», у якіх назваў сябе адным з піянэраў беларускага постмадэрнізму, маючы на ўвазе вершы з кнігі «Сабака». Пра гэтыя мэмуары крытычна адгукнулася літаратуразнаўца Ганна Кісліцына ў сваёй кнізе «Новая літаратурная сітуацыя: зьмена культурнай парадыгмы». І пачалася палеміка. У выніку якой, каб давесьці сваю рацыю і прадэманстраваць адзін з першых беларускіх постмадэрнісцкіх паэтычных зборнікаў, Юрась Пацюпа і выдаў свайго «Сабаку».

Зборнік, канешне, "мадэрнізаваўся", у яго ўвайшлі некалькі пазьнейшых па напісаньні вершаў і разьдзел з пародыямі на творы аўтара. Па-шчырасці, я б не назваў гэты зборнік 100-адсоткава постмадэрнісцкім. Частка вершаў, што ў ім зьмешчаны, падпадае хутчэй пад азначэньне літаратурны соц-арт. Яны пісаліся як пратэст супраць тагачасных савецкіх прагнілых парадкаў, эстэтычнага дыктату і нацыянальнага прыгнёту. На жаль, некаторыя з гэтых вершаў дасёньня не згубілі сваёй актуальнасьці.

Дарэчы, слова «сабака» мае адмысловы сэнс у кантэксьце беларускай літаратуры. Тут можна згадаць славуты верш Язэпа Пушчы «Лісты да сабакі». Паэт свае таемныя і трывожныя думкі даверыў свайму сабаку і загадаў лепш вартаваць родны дом. За гэты верш Пушча быў моцна зкрытыкаваны вульгарна-сацыялагічнай крытыкай. А неўзабаве трапіў і ў ГУЛАГ.

Сёння, на шчасце, за ўпадніцкія вершы і разгромныя крытычныя артыкулы ў ГУЛАГ не запраторваюць. Да таго ж зборнік Юрася Пацюпы «Сабака» абсалютна не ўпадніцкі, а хутчэй аптымістычна-задзірлівы, такія звычайна пішуць у маладосьці, і добра, калі ў сталым веку аўтар іх не саромецца, не адмаўляецца і не хавае ў архіў.

Алесь Аркуш

літаратура, кнігі, Пацюпа

Previous post Next post
Up