Канонік першатвору
Пятро Васючэнка. Адлюстраванні першатвора. Менск. Логвінаў. 2004
Чалавеку, які ад пачатку знаёміцца з беларускай літаратурай, абавязкова трэба прачытаць гэтую кнігу. У ёй, у сьціслым аб’ёме, амаль як шпаргалка для студэнта, сабраныя практычна ўсе асноўныя легенды, памкненьні, канфлікты, ландшафты і міты сучаснай беларускай літаратуры. Аўтар абраў адмысловую форму для сваіх літаратуразнаўчых аповедаў - філалагему. Калі казаць, што сучасная літаратура імкнецца да нейкага сінтэзу паміж прозай, паэзіяй, драматургіяй і дакументалістыкай, то філалагемы Васючэнкі таму яскравы прыклад. Гэтыя невялікія тэксты можна назваць і кароткімі празаічнымі творамі, і паэтычнымі мініяцюрамі, і літаратуразнайчай эсэістыкай. Бадай, гэта той рэдкі выпадак, калі літаратуразнаўчую кнігу цікава чытаць.
У кнізе “Адлюстраванні першатвора” змешчаны і вядомы, урыўкі якога раней друкаваліся ў розных пэрыёдыках, твор Васючэнкі “Полацкі лабірынт”. Сам аўтар кажа, што гэты тэкст далёка ня скончаны і будзе папаўняцца на працягу ўсяго далейшага жыцьця пісьменьніка. Як карэнны палачанін Пятро Васючэнка адчуў пакліканьне ў справе стварэньня сучаснага полацкага міту. Калі Ўладзімер Арлоў стварае гістарычны міт сталіцы крывічоў, то Пятро Васючэнка - міталагічны і літаратурны. Перш чым напісаць “Полацкі лабірынт”, аўтару трэба было пазнаёміцца з сусветнай культурай і літаратурай, вызначыць каардынаты быцьця чалавецтва і адшукаць на гэтых скрыжалях лёс свайго роднага горада.
Гісторыя сусьветнай літаратуры зазнала яшчэ адзін сінтэз - літаратуры, бібліятэкі, слоўніка і энцыкляпэдыі. Гэтую традыцыю запачаткаваў славуты Борхес у сваёй “Вавілонскай бібліятэцы”. Пятро Васючэнка засвоіў і гэтую традыцыю, напісаўшы свой “Крыўскі слоўнік”. Гэта збор невялікіх энцыкляпэдычных артыкулаў пра азначэньні, тэрміны і асобы, якія маюць дачыненьне да гісторыі Полацка. У кнізе “Адлюстраванні першатвора” надрукавана невялікая частка гэтых тэкстаў, перадусім звязаная з творчасьцю Яна Баршчэўскага.
У кнізе можна прачытаць цікавыя характарыстыкі творчасьці і асобных твораў Сімяона Полацкага, Францыска Скарыны, Яна Баршчэўскага, Янкі Купалы, Васіля Быкава, Юрыя Станкевіча і некаторых іншых.
Многія рэчы з гэтай кнігі сёньняшняму маладому чытачу будуць абсалютна не зразумелыя. Тое-сёе, што гадоў 10 таму ў беларускай літаратуры было ў мэйнстрыме, ператварылася ў друз і зьнікла ў невараці мінулага. Цяжка пісаць пра сучасную літаратуру. Затое кніга Пятра з часам набыла больш мастацкіх вартасьцяў - фэнтэзійных і бурлескавых. Таму чытаць - адно задавальненьне.
Алесь Аркуш