Асабісты выбар
Вінцэсь Мудроў. Ператвораныя ў попел. Эсэ, фантасмагорыі, успаміны. Менск: Логвінаў, 2005.
Ёсьць такія кнігі, у якіх табе ўсё знаёма і пазнавальна. І асобныя гісторыі, пра якія ты чуў з першакрыніцы, і галоўныя героі, некаторых ты ведаеш асабіста, і нават асобныя словазлучэньні і выразы, якія ты чуў з вуснаў аўтара кнігі неаднойчы і пазнаеш іх па «трох нотах».
Увогуле зьдзіўляюся, чаму такі адметны празаік як Вінцэсь Мудроў, застаецца як бы ў ценю. Кнігі яго разыходзяцца павольна, журналісты не дакучаюць роспытамі пра творчыя пляны, мясцовыя ўлады не запрашаюць на гарадзкія культурныя мерапрыемствы. Сёньня гэты арыгінальны наваполацкі празаік друкуецца толькі ў двух недзяржаўных літаратурных перыёдыках - часопісе «Дзеяслоў» і газэце «Літаратурная Беларусь» (дадатак да газэты «Новы час»). Гэта асабісты выбар пісьменьніка, хаця наўрад ці ягоныя творы могуць сёньня трапіць на старонкі дзяржаўных выданьняў - задужа яны сьмелыя, нонканфармісцкія і праўдзівыя. Яго тэксты неаднойчы прыносілі клопат галоўным редактарам літвыданьняў. Так за надрукаванае апавяданьне «Халоднае лета 00» «на дыван» да вышэйшага начальства выклікалі тагачасную рэдактарку часопіса «Крыніца», а «Дзеяслоў» за апавяданьне Мудрова атрымаў узбучку ад ветэранаў, якія напісалі ліст-скаргу, пасля чаго рэдакцыя перыёдыка пазбавілася магчымасьці прадаваць часопіс у дзяржаўных шапіках і кнігарнях.
З кнігі ўспамінаў «Ператвораныя ў попел» можна давецца амаль пра ўсе таямніцы Мудрова: адкуль узялося імя Вінцэсь, чаму ён зацікавіўся краінай Албанія, адкуль узялася ідэя выдаваць падпольны альманах «Блакітны ліхтар» і, самае галоўнае, чаму напалову рускі напалову беларус Віктар Мудроў стаўся беларускім нацыяналістам, што прызналі «адмыслоўцы» з КДБ і цягалі хлопца на пранікнёныя выхаваўчыя гутаркі. Увогуле гэтая кніга таксама і пра савецкі час канца 60-х пачатак 70-х мінулага стагоддзя: пра першыя палёты ў космас, пра салідарнасьць з Анджэлай Дэвіс, пра даўгія валасы ў хлопцаў, за якія ганялі ў школе, пра першыя кружэлкі брытанскага гурта The Beatles, пра Хемэнгуэя, «Шэрбургскія парасонікі» і шмат чаго іншага.
Асаблівасьцю гэтай кнігі, як і ўсёй прозы Вінцэся Мудрова, з'яўляецца адметная беларуская мова, якую без перабольшваньня можна назваць аўтарскай. І яшчэ адна істотная прыкмета - іранічны стыль. Літаратуразнаўца Пятро Васючэнка неяк напісаў, што іранічны стыль - асаблівасьць усіх прадстаўнікоў полацкай прозы. І тады мусім прызнаць, што галоўным клясікам полацкай іранічнасьці зьяўляецца менавіта Вінцэсь Мудроў.
Алесь Аркуш