пасярод халоднага

Sep 15, 2008 10:00

Выдалася поўгадзінкі вольныя на працы (калі не лічыць, што ў мяне пакуль зусім няма чым там заняцца) і магчымасць выйсці ў горад. А там холад. І чамусьці ідзеш па вуліцы і як быццам гэта ня ты. Ідзеш і як міма ўсяго, як быццам хутка-хутка прабягаеш, так, што не паспяваеш нічога заўважыць. Ад гэтага наадварот усё ўпітваецца больш ярка і адчувальна. Але нейкімі ўрыўкамі.

...Вось першы мой сабраны ў гэтую восень каштан. Такі гладкі і бліскучы, карычневы, як быццам заўсёды мокры. Ён будзе захоўваць маю шафу ад молі...

...Вось ідуць мае дзеці са школы. Радасць нейкая і адначасова не хачу, каб яны мяне бачылі. Яны ўжо з нейкага мінулага жыцця. але калі ямы праходзяць міма і не заўважаюць мяне, мне так шкада, што яны не звярнулі нават ўвагі. Захацелася памахаць ім услед рукою...

...Нейкі дзядзька засоўвае на прыпынку страшныя кавалкі мяса ў пакет. Яны чырвоныя і здаецца, што ад іх павінна ісці пара. Яны як быццам з фільму жахаў. Хутчэй трэба адвесці позірк...

...Дзяўчына з табурэтам, замотанным у цалафан. Хочацца паглядзець, як яна сядзе на яго пасярод вуліцы, але яна гэтага ня робіць, а проста некуды яго нясе, мабыць дахаты...

...А яшчэ людзі-людзі-людзі насустрач, розныя твары, розныя настроі, розныя лёсы...

штодзень, восень

Previous post Next post
Up