(no subject)

Jan 17, 2017 19:22

2017. Шаляговіч і самадзейнасць

Заўсёды я не любіў самадзейнае мастацтва. Гоп-ца-ца скокі на правінцыйных сцэнах. Хоры ў раённых дамках культуры. Выставы з краявідамі напісанымі адстаўнымі палкоўнікамі і маёрамі. Усё гэта не палюблю ніколі. Цяпер да самадзейных артыстаў і мастакоў дадаліся самадзейныя нацыястваральнікі. У найноўшым часе піянерам самадзейнага нацыябудавання выступіў Мікола (Коля, Мыкола) Шаляговіч. Заходніх палешукоў Мікола пераназваў у яцьвягаў. З заходнепалескіх дыялектаў ён паспрабаваў зрабіць яцьвяжскую мову ў газетцы «Збудзінне». На сваю сепаратыскую дзейнасць Мікола нават грошы знайшоў у маскоўскім крамлі. Маючы сродкі, імпэт і шчырых аматараў роднага Палесся Міколка са сваёй самадзейнасцю пратрымаўся на палітычнай палітры ў Беларусі некалькі гадоў. На змену Шалягавічу прыйшоў новы самадзейны нацыябудаўнік Ваня (Іван, Ян, Янка) Максімюк з беларускай Беластотчыны. Ваня вырашыў стварыць падляшскую мову і замяніць ёй усё беларускамоўнае, што яшчэ ёсць у Польшчы. Вялікай фінансавай падтрымкі Ваня не знайшоў, таму і дзейнасць ягоная зусім камерная. Часам ён выкарыстоўвае сваё службовае становішча на радыё «Свабода» каб сяк-так прыўзняць свой падляшскі праект, але і тут вялікага рэзанансу не атрымліваецца. Трэцім самадзейным нацыябудаўніком у Беларусі стаў Федзя (Хведар, Тодар) Кашкурэвіч. Ягоны лёс у самадзейным нацыябудаванні самы драматычны. Пачынаў Федзя з захаплення паганствам і старажытнай крывіцкай культурай. Ён бачыў Беларусь, як Крывію. Паступова ягоная Крывія ператварылася ў Літву, а ягоная беларушчына зарасла ліцьвінствам. Федзя абвясціў сябе ліцьвінам і пачаў змаганне за пераназоў усяго лепшага беларускага ў ліцьвінскае. Драма Кашкурэвіча ў тым, што ў ідэі ліцьвінства знайшліся больш спрытныя паслядоўнікі. Яны адкінулі Федзю на другі далёкі план у сучасным антыбеларускім ліцьвінстве. Федзя з'ехаў са сталіцы пад Ракаў на хутар і тамака грае на дудзе сваёй маладой жонцы… У свой час я таварышаваў з Шаляговічам, з Максімюком і з Кашкурэвічам. Ні з кім з іх я нават моцна не сварыўся, але іх самадзейнае нацыябудаванне не прымаў і крытыкаваў заўжды.

сУчаснікі-2

Previous post Next post
Up