Jan 18, 2017 11:33
Папкоў і вялікая любоў
Ёсць паэты і мастакі, якіх любяць. Так у нас любілі Анатоля Сыса і Міколу Селяшчука. Іх любілі шчыра і моцна. Ім зайздросцілі, ім перашкаджалі і паскудзілі, ім рабілі розную дрэнь, але вялікая любоў усё гэта перакрывала. Падобным чынам у Маскве любілі жывапісца Віктара Папкова. Яго любілі за чырвонакрылых анёлаў, за ключ згублены ў снезе, за птушак, якія не баяцца людзей, і за людзей, якіх не баяцца птушкі. Маючы вялікую любоў, мастак можа паверыць у сваю абранасць і ва ўсёдазволенасць. Папкоў піў, трапляў у выцьвярэзнікі. Яго вызвалялі, а ён зноў напіваўся і буяніў. Раптам чорная навіна - Папкова забілі! Дзе? Хто? Як? Забілі ў Маскве. Застрэлілі каля рэстарацыі. Хто мог застрэліць мастака, якога ведалі і любілі? Тады і пісталетаў ні ў кога не было... Папкова застрэліў інкасатар. Мастак лавіў таксоўку. “Галасаваў”. Выпадкова ён сунуўся да інкасатарскай машыны. Інкасатар апусціў шкло, наставіў пісталет на горла Папкова, стрэліў і забіў мастака. На пахаванне сабралася ўся мастакоўская Масква. Папкова пасмяротна ўзнагародзілі дзяржаўнай прэміяй. Пасля гэтага стрэла ў горла я перастаў верыць у моц вялікай любові, ва ўсёдазволенасць і ва ўсёдаравальнасць.
расейская кунсткамера