Праваслаўе і гуманізм

Apr 12, 2014 00:42

Увага! Тэрыторыя цудаў.
Госпадзі, не той гэта чалавек, ад якога я чакала узмацнення веры. Але Ты дыхаеш, дзе хочаш. У мяне склалася стройная сістэма, а з догматаў яна не выводзілася. Амінь, амінь, у дыскусіях адкрываецца ісціна.

Не ведала, як пагадзіць чалавечыя ідэалы з боскімі. Не ведала, як гуманізм у хрысціянства запіхнуць, то нага тырчала, то хвост. Аж тут дасякла, што Ты ўжо пагадзіў. Што пацвердзіў Твой вучань Павал з Тарса: калі ўвесь свет маю, а любові не маю, то нуль я без палачкі. Любіць, любіць трэба людзей.

Спачатку мы запіхвалі Бога у цэнтр сусвету, і ў Сярэднявеччы ратавалі вядзьмарак, забіваючы іх у муках. Потым мы туды ж палкамі загналі чалавека, і дайшлі да таго, што забіваем дзяцей у Бельгіі, пазбаўляючы іх мук фізічных. А у цэнтры нашага адліку часу ўжо два тысячагоддзі ціхенька стаяў Бог і Чалавек.

Рэлігія, у якой Бог адначасова Чалавек, не можа не быць гуманістычнай. Але яна разглядае чалавека такім, якім ён ёсць: з целам, душою і духам. Таму дазваляе абмяжоўваць дадзеную Богам свабоду, каб выратаваць дух чалавечы ад пекла ўнутры яго самога. Напрыклад, нельга дазволіць самагубства, бо гэта адзіны грэх, у якім нельга пакаяцца, а значыць, ён не дасць самагубцы асягнуць стан духоўнага шчасця. Негуманна і неправаслаўна чалавеку шчасця не жадаць. Шчасця на думку Божую, а не на маю думку.

Божая думка ёсць аб'ектыўным станам рэчаў, адзінай існуючай рэальнасцю. Падабаецца яна мне ці не - яна такая, як апісана ў Дабравесці, такая, як падказвае мне маё сумленне і такая, як вучыць Праваслаўная Царква. Я магу не згаджацца з духоўнымі законамі "рабі так і так, і будзе табе шчасце", але гэта ўсё адно, што спрачацца з гравітацыяй. Няма розных меркаванняў у дзеянні закона гравітацыі. Ёсць адна ісціна: калі я скокну з дзесятага паверха, мазгі мае збіраць прыйдзецца. Таму стой, дурань, не лезь у акно. Такая праўда, яна адна, і я яе ведаю.

- Ці то вы так высока сябе ставіце, ці то Бога так прыніжаеце?
- Бога, які прынізіўся да чалавека, больш прынізіць немагчыма.

Мы забілі Бога свайго і Чалавека, такога, як мы, адначасова. Мы яго білі і плявалі яму ў твар. Мы смяяліся з яго і гралі ў косці на яго хітон, бо яму тая вопратка ўжо была непатрэбная - як гэта капіталістычна, прыдбалі хітон на халяву. А ён, ведаючы наперад гэта, да ўласнай тварыны прынізіўся. Каб параўнаць, запытаю: ці не хацелі б вы стаць стулам, зробленым вашымі рукамі?

Да нас, акварыумных рыб, у акварыум завітаў чалавек, гаспадар хаты, у якой стаіць наш акварыум. Ён зрабіўся чалавекам-амфібіяй, каб нам расказаць, што можна дыхаць паветрам, не раствораным ў вадзе. Мы нармальныя рыбы, мы капіталістычна абаранялі існуючы догмат: калі выйсці з вады, нам смерць. Чалавека закідалі камянямі, насыпалі яму ў вочы іл. Ён тры дні праціраў вочы, а потым ўзяў - і падняўся з дна. Працэс эвалюцыі і выхада на сушу нас, рыб, праходзіць цяжка. Але ёсць чутка, што, прыстасоўваючыся да паветра, можна стаць нават чалавекам. І што гэта такі і ёсць мэта нашага жыцця.

Далей павінна быць прызнанне ў любові да А. за сам факт існавання, але я саромеюся :)

православие

Previous post Next post
Up