Прызнацца, цяжка брацца пісаць нейкія справаздачы. Прасьцей, здаецца, зноўку туды махнуць! Таму вельмі сьцісла (калі не сказаць "суха") і колькі фотак.
Pueblos Blancos - гэта, па-наску, "белыя вёскі" - тыповыя для Андалусіі паселішчы. І самае знакамітае зь іх, наймацнейшы цэнтр прыцягненьня для турысцкай браціі - Ронда.
З Кадысу да яе ехалі не раўнінай, але адмыслова горным сэрпантынам A372 - пішуць, адным з найпрыгажэйшых у Іспаніі. Хоць па маляўнічасьці ў маіх вачах ён і прайграе прасёлку А601, якім дабіраліся з Мадрыду да Сэговіі, але лішняй гадзіны я б яму і зараз - ведаючы - не пашкадаваў.
Па вялікім рахунку, большасьць едзе ў Ронду дзеля гэтых хрэстаматыйна-турыстычных кадраў з мастом паміж старай і "новай" часткамі гарадку.
І як едзе! На самім мосьце і на сьцежцы, што вядзе зь яго долу - суцэльны Вавілон. А сама Ронда літаральна вытаптаная турыстамі настолькі, што ў мясцовым рэстаране мэню было нават на расейскай. І замест таго, каб шляхетна ўкушаць, як высакародны ідальго, "Rabo de Toro" - адзін з маіх абавязковых пунктаў-"бзікаў" на іспанскую вандроўку - давялося есьці празаічны "Бычий хвост", хех. Падалі, дарэчы, з бульбай. У Беларусі я яе амаль ня ем, але што б ні замовіў у Іспаніі - ці то Rabo de Toro, ці то малочнага парасяці, ці страву папрасьцей - шторазу ў якасьці гарніру несьлі і яе. Іспанцы - вось хто ў Еўропе сапраўдныя бульбашы!
Каб закрыць тэму - сама страва апынулася смачней, чым выглядае, і значна лепшай, чым гучыць па-масквінску!
Ад маста кіруемся ў стары горад, не забываючы азірацца і на "новую" частку.
Старая частка ад часоў мусульманскага панаваньня абнесеная мурамі, якія выглядаюць так цацачна і неяк на вока дылетанта несур'ёзна, што цяжка ўявіць, каб яны несьлі сур'ёзную абарончую функцыю. Але ж бач ты - Ронда пад наступам амаль васьмісотгадовае іспанскае Рэканкісты пала адной з апошніх - у 1485 - літаральна за сем год да апошняга бастыёну маўраў - Гранады.
Але ж апроч старой і адносна новай частак Ронды ёсьць Ронда і парадная, куды надвячоркам вывальваецца на прамэнад мясцовая публіка. І вось тады ня можаш даўмецца: чаму гэты ажыўлены паўнавартасны горад - і раптам "pueblo"? 36 тысячаў само па сабе нямала для "вёскі". Але тут мы яшчэ ж і пра Іспанію кажам, а значыць, звыклыя беларускаму воку лічбы трэба памнажаць на пяць! Так, суб'ектыўна Ронда ўспрымаецца як дзесьці двухсоттысячны горад. Я з гэтым іспанскім эфэктам потым неаднойчы сутыкнуся - і ў маленечкім двухтысячным Сэтэнылі (от дзе сапраўдная pueblo!), які па мясцовым дзьвіжы здаецца ну прынамсі дзесяцітысячным, і ў двухсоттысячнай Гранадзе, якая ўспрымаецца практычна як горад-мільёньнік. Па шуме і вітальнасьці адзін іспанец - як кампанія з пяці беларусаў!
Але ўжо зьмяркаецца, Ронда і ваколіцы патанаюць у сутоньні, а нам яшчэ на Сэтэныль ехаць!
Прыехалі!
І вось такім мы яго па прыезьдзе пабачылі.
О, я ня буду шматслоўна разьлівацца пра гэтае мястэчка! Такога я яшчэ ня бачыў. Хоць, прыгадаўшы
рамантычныя вёскі Партугаліі (тут ёсьць яшчэ жывыя людзі, якія памятаюць той пост?), мог бы назваць Сэтэныль дэ лас Бодэгас зводным братам партугальскае Мансанту (хутка стане зразумелым, чаму). А вось апісаць сваю гаму пачуцьцяў ад таго, што апынуўся тут уначы ня зь юнай красуняй, але з барадатым мужыком - не вазьмуся!
Так ці інакш, пры далейшым разглядзе Сэтэныль здаўся адным з найлепшых для мяне месцаў, каб залегчы тут на дно. Спакойна сабе прагульвацца, нічога не рабіць, лайдачыць, адпачываць. І жыць у доме, абстаўленым зь мілым і крыху сьмешным правінцыйным шыкам:
Той жа ракурс, што на першай сэтэныльскай фотачцы, толькі пры дзённым сьвятле:
Цяпер зразумела, чаму параўноваю Сэтэныль з партугальскім Мансанту?!
Так, я нейкі час пажыў бы тут яшчэ, папіваючы сангрыю на тэрасе, спускаючыся ў гарадок, апроч нетаропкага вечаровага мацыёну, хіба што дзеля сьняданку і вячэры. Дарэчы, з самым класным сьняданкам за ўсю іспанскую выправу нам пашчасьціла менавіта тут.
Адгэтуль Сэтэныль дэ лас Бодэгас - мая маленькая любоў.
Але фармат вандроўкі-"разьведкі" затрымацца ў гэтым кутку не дазваляў, таму мы паехалі на Гранаду. "На Гранаду", ага.. толькі на шляху будзе як бы не зусім пустыня. І хоць болей раскручаных турыстычных гарадоў на шляху да Гранады ня будзе, ты паедзеш такі, і тут - на! атрымай! - якая-небудзь невядомая сьвету Ольвэра эфэктна выплыве з-за павароту...
...і ты будзеш вымушаны хоць бы нос у яе сунуць!
Хоць, у прынцыпе, што суваць-та? Усяго-та тысячагадовы (ну, амаль) маўрскі замак на гары, пампезны сабор, белыя дамкі - тыповы андалусійскі набор; нічога, можна сказаць, цікавага:)
А вось цяпер - на Гранаду!