Касэрэс: горад і месьцічы

May 09, 2017 16:42


Касэрэс - адзін з трох (разам зь Мерыдай і Бадахасам) галоўных гарадоў Эстрэмадуры - цікавы найперш сваім выдатна захаваным гістарычным цэнтрам, Barrio Monumental, што ўваходзіць у сьпіс сусьведнай спадчыны UNESCO. Сам стары горад невялічкі - усяго гектараў зь дзесяць, 400 на 250 мэтраў; але хай ягоныя памеры нікога не падманваюць: у ім і завіснуць можна надоўга, разглядаючы старасьвецкія будынкі (і ўсё адно нешта прапусьціць!), і нават крыху заблукаць.

Зьнешне суровы, цесна забудаваны досыць змрочнымі цэрквамі і лаканічнымі, але амбітнымі каменнымі мяшкамі-палацамі зь вежамі і пышнымі фамільнымі гербамі, наскрозь прасякнуты водарам ладану, з выразным прысмакам сур'ёзнай, набожнай і крыху мэланхалічнай партугальскай правінцыі - горад нібыта не спрыяе весялосьці і жыцьцялюбству; падштурхоўвае пакорліва думаць пра што заўгодна, толькі не пра зямныя радасьці. Але...

Але ўсё гэта скончваецца адразу за мурамі Barrio Monumental. Выходзіш на Пласа Маёр, што месьціцца адразу пад абарончымі вежамі - і бачыш (бліжэй да ночы - асабліва!), што горад заселены вясёлым, вітальным народцам. Зусім ня дурнем патусіць, пашумець, прапусьціць пару напояў, смачна павячэраць, пацалавацца з харошанькай чыкай..
Вось люблю я такія гарады! Дзе камяні не падпарадкоўваюць сабе людзей, але людзі жывуць трошкі ад іх асобна (за штосьці падобнае, дарэчы, і украінскі Львоў люблю - збудаваны большай часткай аўстрыякамі як высокакультурнае места, заселены цяпер збольшага мілымі бяскрыўднымі рагулямі, якіх моцна месцамі пашарпаныя, але ўсё яшчэ пафасныя львоўскія камяні, напэўна, не адно яшчэ пакаленьне будуць спрабаваць "прычасаць").

Жывуць і радуюцца. Напэўна, тыповую сцэнку з жыцьця назіралі, вяртаючыся наступным днём да машыны, праходзячы міма школы: парачка зусім яшчэ маладзенькіх chicas вывела шкалату на пляцоўку - трэба разумець, на занятак кшталту аэробікі. Шкалата - хто як: нехта стаіць колам, хтосьці рухаецца ў такт музыцы на сваёй хвалі, нехта спрабуе капіраваць рухі інструктарак.. А самі інструктаркі нібыта ўжо і забілі на шкалату: танчаць пад музыку, забыўшыся, ужо самі сабе, дзеля ўласнае асалоды...

І так - увесь горад. І колькі б ксяндзы ні куродымілі сваім ладанам, месьцічы Касэрэса насалоджваюцца зямным жыцьцём, яўна не чакаючы тагасьветных плюшак.
Вось і мне тут было добра..













































трэвэлпорна, Іспанія, вандроўкі

Previous post Next post
Up