Калі дождж скончыўся, мы выйшлі з МакДональдсу ў надзеі злавіць хоць яшчэ адну машыну да ночы. Спыніўся пікап. Кіроўца - рэднэк, як тут абразьліва называюць мясцовых сялянаў - ад працы ў полі на сонцы ў іх чырвоныя шыі. Але ў Джошуа нават на кабіне з гонарам напісана - Рэднэк. Мы разам з заплечнікамі загрузіліся ў кузаў. Едзем міляў 90 ў гадзіну, вецер зьдзімае з нас капелюшы, неба па-ранейшаму блішчыць маланкамі, мы ўцякаем ад хмараў.
Пакуль даехалі, зусім сьцямнела. Намёт яшчэ сыры зь мінулай ночы, і вось-вось зноў пачнецца навальніца. Ідзем па прыдарожных гатэлях - просім прытуліць на ноч, а за гэта можам выканаць любую працу - папрыбіраць нумары, вымыць падлогу, ды што заўгодна. Усе адмаўляюць. Толькі ў апошнім гатэлі дзяўчынка на рэцэпцыі падкзала: ёсьць дабрачынная арганізацыя, якая зможа нам дапамагчы. Набірае нумар.
Добры дзень, кажу я, маўляў, так і так, падарожнічаем з мужам, музыкі, звычайна сьпім у намёце, але намёт мокры яшчэ зь мінулай ночы, а зараз зноў пачнецца навальніца, можа зможаце чым дапамагчы. “Пачакайце, пераключу вас на сямейны аддзел”, - пачула я ў адказ.
Жанчына ўважліва выслухала мяне і спытала, ці ёсьць у нас з сабой пашпарты і пасьведчаньне пра шлюб. Пачуўшы мой станоўчы адказ, патлумачыла, куды ісьці. Прыкладна ў мілі ўжо ў поўнай цемры нас сустрэлі і прывялі ў баптысцкі сямейны прытулак.
Праверылі дакументы, азнаёмілі з правіламі. Пад’ём а 7-й раніцы, сьняданак а 8-й, абед а 2-й, вячэра а 6-й. Перад сном - абавязкова прымаць душ. Тэлефонам-аўтаматам карыстацца ня больш за 5 хвілінаў у дзень. Пасьля трох дзён жыцьця ў прытулку за дарма, наступныя 7 дзён мы мусім выконваць нейкія працы - напрыклад, прыбіраць у будынку, працаваць на ферме.
Але нам толькі на адну ноч, тлумачым мы, нас угаворваюць застацца як мінімум на 3 дні, але мы настойваем на сваім і нас вядуць у пакой з шыкоўным ложкам і душам.
Тут тры прытулкі - сямейная, для мужчынаў і для жанчынаў. Іх жыхары - у асноўным бяздомныя, альбо тыя, хто пасварыўся з сям’ёй і ня мае дзе прытуліцца. Пасьля сьняданку мы далі невялікі канцэрт мясцовым жыхарам. На разьвітаньне, яны памаліліся за нас, сказалі, што чакаюць яшчэ, і мы рушылі ў шлях.
Кірыл, зь якім мы разлучыліся два дні таму, цэлыя суткі прастаяў на адным месцы і так нікуды і ня зьехаў. На наступны дзень ён прачнуўся а 6-й раніцы і зрабіў марш-кідок аж да Мэмфісу - а гэта амаль тысяча міляў. Пакуль ён там разрульваў на ўсіх нас начлег, мы яго даганялі.
Спыняцца ў Нэшвілі - сталіцы музыкі стылю кантры - нават не зьбіраліся. Але наш спадарожнік Марк так расхваліў гэты горад, што мы вырашаем хаця б на пару гадзінак заехаць туды. Тым больш што траса - усяго ў мілі ад цэнтру.
Нэшвіль апынуўся даволі сумным гарадком. Цэнтр - забава для турыстаў. Процьма сувенірных крамаў і бараў з жывою музыкаю. У кожным зь іх - сцэна, дзе граюць кантры. У адным з такіх бараў мы разрулілі выступ і для сябе. Сагналі са сцэны дзядзьку, які брынькаў кантры, і залабалі некалькі беларускіх народных песень.
Цяпер - у Мэмфіс. Нас падвозіў будаўнік Патрык, інжынер Майкл і фермер пратыстант Рычард з дзікаркай-жонкай Хэйзл. На пятай хвіліне нашага знаёмства Рычард прапанаваў пераначаваць у іх з Хэйзл на ферме. Мы было ўжо згадзіліся, але наступную гадзіну Рычард апантана расказваў прытчы пра канец сьвету, а ягоная жонка - з выгляду індыянка - так і не раскрыла роту. Мы сказалі, што нас чакаюць у Мэмфісе і мы мусім ехаць далей. На разьвітаньне Рычард сьпеў нам уласную песьню пра канец сьвету і мы разьвіталіся.
Наступным спыніўся індус Алі. Вельмі клёвы, вясёлы і разумны чувак, уладальнік запраўкі “Брытыш петроліум”. Давёз нас паўдарогі да Мэмфісу і высадзіў у гарадку Джэксан. На разьвітаньне сказаў, што калі праз паўгадзіны нас ніхто не забярэ, ён будзе ехаць на Мэмфіс і падвязе нас.
Месца, дзе нас высадзіў Алі, апынулася вельмі дрэнным. Карауліла паліцыя і ніхто не хацеў спыняцца. Мы прастаялі хвілінаў 20, як паліцэйская машына зрушылася зь месца і пад’ехала да нас.
- Спрабуеце ехаць аўтаспынам?
- Ага, - асьцярожна адказваю я і адчуваю - зараз выганяць адсюль.
- Куды едзеце?
- У Мэмфіс.
- Вы ўпэўненыя, што вас хтосьці забярэ?
- Ага.
- Якая-небудзь дапамога ад мяне патрэбная?
Я нават не знайшла, што сказаць, акрамя “не, дзякуй”. Потым ужо падумала, трэба было прасіць падвезьці, але проста не чакала ад паліцыі такой дабрыні.
І тут нарэшце спынілася машына, едзе ўсяго каля мілі па трасе, але я хачу зьмяніць месца і згаджаюся нават на мілю. Мы залазім у кабіну, едзем хвілінаў 7 і апынаемся на пустынным заезьдзе на трасу, дзе амаль няма машынаў, а калі і ёсьць, то кіроўцы ў іх праязджаюць паўз нас з каменнымі мінамі.
Стаім больш за паўгадзіны, ніхто не спыняецца. Амаль зусім сьцямнела. Я нават надзела флікер. Верасень злуецца на мяне, за тое, што я не захацела застацца там, дзе нас высадзіў Алі, і не дачакаліся яго. А ён жа абяцаў нас давезьці да Мэмфісу. У адчаі мы вырашаем прайсьці далей на трасу. Надзелі заплечнікі, узялі інструменты і рушылі сумныя і злыя.
І раптам ззаду спыняецца машына. Мы падыходзім бліжэй і бачым у цемры твар Алі. Алі! Якім лёсам? Ён выпадкова заехаў на запраўку і выехаў на трасу не з таго месца, дзе нас пакінуў, а там, дзе мы апынуліся зараз. Ну ці не містыка? Весела і хутка мы даехалі літаральна да месца, дзе нас ужо чакаў Кірыл.
Мэмфіс апынуўся яшчэ больш сумным горадам, чым Нэшвіль. Да таго ж, не прыгодным для пешаходаў. Без машыны там жыць немагчыма. Грамадскага транспарту амаль няма, а адлегласьці велічэзныя. Пагуляўшы па радзіме Элвіса Прэслі, мы вырашлі да вечара пакінуць яе.
Адным з часовых насельнікаў хаты, куды нас упісаў Кірыл, быў таксама каўч-сёрфер Рональд. Рональду 18 год, ён купіў сабе машыну за 3 тысячы баксаў і калясіць па Амерыцы, зарабляючы грошы ігрою на гітары. Ён нас і вывез у штат Арканзаз, пераехаўшы мост праз Місісіпі.