Ежа ў Львове-1

Mar 03, 2015 18:37

Нарэшце я сабралася з думкамі і знайшла час на гэты пост. Дакладней, на кавалак :)
Оў, пост, цяпер жа пост! Ну, тады я, як атэіст, з яшчэ большым задавальненнем напішу пра гэтую зусім не посную ежу. Прэдамся, так сказаць, граху чрэваўгоддзя ў думкх сваіх. Больш за тое - я цяпер зразумела, што падсвядома чакала пачатку паста, каб зрабіць гэта :))

У плане ежы Львоў - гэта сапраўдны рай. Асабліва для аматараў мяса і алкаголю :) Хаця там ёсць і вегетарыянскія кафэ, але тут я не спец.
Рэстараны ў цэнтры на кожным кроку, і збольшага яны нармальныя і добрыя. Цэны ў Львове ў два-тры разы (а цяпер, са скачкамі грыўні, наогул не ведаю ў колькі разоў) ніжэйшыя, чым у Менску. Абслугоўванне ў Львове на дзве галавы вышэйшае за менскае. Порцыі - па-ўсякаму бывае, але звычайна як мінімум дастатковыя, каб наесціся. А галоўнае - амаль заўжды ўсё вельмі смачна!
Ва ўсім гэтым ёсць толькі адзін велізарны мінус.
НЕЛЬГА ЕСЦІ ПАСТАЯННА.
Рэальна, вельмі шкада, што гэта немагчыма :)

Значыцца, так.
Першае месца, куды імкнуцца трапіць госці Львова, гэта Крыіўка. Рэстаран зроблены, як вядома, пад схоў УПА. І зроблены добра - там вельмі атмасферна і прыкольна. Паўзмрок, сцены аброблены дрэвам, хісткія драўляныя сталы, ежу прыносяць у люміневых паходных талерках. Ежа даволі простая, мяса-каўбасы-бульба-разнасолы, многія стравы гатуюцца загадзя і разаграваюцца. Тым не менш там смачна. Асабліва класныя ў іх квашаныя агуркі з мёдам. Ёсць свае настойкі: медавуха, хрэнавуха, мятная. Вельмі смачныя!
Цэны: настойкі па 12 гр за 50 мл, агуркі 16 ці 20 гр, салаты каля 40 гр, асноўныя стравы каля 60 гр. Цэны звычайныя для Львова, мо нават трошкі даражэй чым недзе. Схадзіць раз ці два варта, але не больш. Гэта чыста турыстычнае месца, задавальненне ад кухні лепш атрымліваць у іншых рэстаранах. Хаця там атмасферна, збіраюцца людзі з розных гарадоў і краін, часта можна пачуць народныя спевы і г.д. Ну і галоўны атракцыён - уваход. Як вядома, там пытаюцца "гасло" (пароль) - "Слава Украіне!", адказваюць вам "Героям слава!" і наліваюць кілішак медавухі :) Але каб гэтага дачакацца, часта (прынамсі, у  турыстычныя дні) трэба выстаяць вялізную чаргу. Яна выпаўзае ажно на плошчу, таму ў выходныя-святы месцазнаходжанне Крыіўкі перасте быць таямніцай :)
Сваіх фотак не маю, таму хай будзе гэта.




Другое месца, куды ўсе бягуць - гэта Львоўская майстэрня шакаладу. Яна знаходзіцца там жа, побач з Рынкавай плошчай, пару крокаў адысці па вуліцы Сербскай. Там два, здаецца, паверхі, унізе за шклом вараць-месяць шакалад, можна пааблізвацца і падняцца наверх, у краму. Там прадаецца мора ўсяго - вочы разбягаюцца, рукі чэшуцца. Усякія фігурк з чорнага, малочнага і белага шакаладу, пліткі з разнастайнымі дадаткамі, цукеркі, кава... Там не танна, але і не занадта дорага, і яно таго каштуе. Мы ўзялі толькі пару фігурак і чорны шакалад з вішнямі - і гэта было неверагодна смачна!





Але ёсць адна праблема. Чэргі туды яшчэ большыя, чым у Крыіўку, унутры не прапіхнуцца, спакойна паразглядаць і выбраць немагчыма. Таму для наведвання лепш выбраць нейкі такі час, калі людзей павінна быць менш.
Да ўсяго, там можна выпіць гарачага шакаладу з цукеркамі і ўсякае такое, але людзей было так многа, што мы нават не зразумелі, дзе ж там сама "кавярня". Або зусім яе там нма і яна ў іншым месцы, або мы не ўбачылі - не ведаю. Але ў Адэсе летам я заходзіла ў Майстэрню (у іх сетка па Украіне), каштавала гарачы шакалад з вяршкамі - гэта проста цуд!

Гэтыя два заклады належаць да сеткі "Холдынг эмоцый "!Фэст"", у якой, напэўна, усе месцы вельмі канцэптуальныя. І іх многа. Капірую: "ресторан «Криївка», «Мазох-cafе», Відкрита кав’ярня «Діана на Ринку», Галицька Жидівська кнайпа «Під Золотою Розою», Ресторація-музей «Гасова лямпа», «Лівий берег», «Найдорожча ресторація Галичини», «Львівська майстерня шоколаду» та її крамниці, «Місько Пструг та Петро Братванка», «Дім Легенд», «Зеник. Митник», «Пошта на Друкарській», «Львівська копальня кави», сувенірна крамниця «Львівські цяцьки», суші-кнайпа «Маки», «Міська пекарня штруделів та сирників», мережа крамниць «Два кроки від хати»".
З гэтага ўсяго мы былі яшчэ толькі ў рэстаране  "Місько Пструг, Петро Братванка. Пструг, хліб та вино". Спецыялізацыя - рачная стронга. Яе там запякаюць у печы ў самых розных варыяцыях. Мы бралі дзве - з грыбамі і смятанай і з бульбай і салам. Смаката! Каштавала рыбка 85 грывень. Але што нават лепшае за стронгу, дык эта іхнія канапкі. Яны самі пякуць хлеб і робяць на яго неверагодна смачныя і разнастайныя намазкі. Набор з 6 штук каштаваў каля 33 грывень, за адну - 6-7 грывень. Яны настолькі смачныя, што я нават перад цягніком спецыяльна туды пабегла, каб замовіць канапак з сабой.
Да ўсяго там ёсць недарагое і смачнае сухое гішпанскае віно на розліў, якога можна ўзяць, напрыклад, паўлітра без асабліай турботы за цану (дакладна не памятую, колькі). Ну і яшчэ ўсякія даражэйшыя.
Вось вам фіговае мабільнае ў цемры фота адной з нашых рыбін, як пруф :)


А вось прыгажэйшыя фота з інтэрнэта.


І канапкі!


Ёсць, праўда, адзін падвох з гэтым рэстаранам: у іх два меню з рознымі цэнамі для будняў і выходных/святаў. Выявіла, калі забягала перад цягніком, а гэта была субота. Розніца ў цэнах на стронгу, напрыклад, каля 5 грывень, набор канапак каштаваў не 33, а 40 грывень. Некрытычна, але как-та неочань. Наколькі я зразумела, такая практыка характэрная для некаторых львоўскіх кафэ. Зрэшты, свая логіка ў гэтым ёсць. Мо задумка наадварот - рабіць у будні ніжэйшыя цэны, а я тут наязджаю яшчэ! )

Ну, а цяпер пойдзем у храналагічным парадку, то бок у тым, у якім мы ў розныя месцы траплялі.

1. Кавярня "Атлас".
Знаходзіцца на Рынкавай плошчы, ззаду ратушы справа, калі стаяць тварам да яе галоўнага ўваходу.
Гісторыя гэтага рэстарана сягае больш чым на стагоддзе назад! Гэта, як кажуць, было найпапулярнейшае месца ў горадзе, вельмі багемнае, тут любілі збірацца ўсялякія артыстычныя натуры. Здаецца, у працы быў перапынак, і рэстаран быў адноўлены ў апошнія гады. Там аўтэнтычныя старыя інтэр'еры, некалькі заляў, адна наогул шыкоўная: па сценах вісяць партрэты ўсякіх больш-менш старажытных князёў (я іх на твар не адрозніваю). Усё вельмі класічна і надзіва ўтульна, па-сапраўднаму.
Вось чыёсьці:



А вось і нехта :)


Абслугоўванне там ідэальнае. Цэны нармальныя, хаця львавяне кажуць, што гэта нятаннае месца. Ежа - шыкоўная! Бралі боршч, варэнікі, смажаныя курыныя крыльцы, індычыную пячонку з яблыкамі - усё вельмі смачна. Цэны не памятаю дакладна, але да 45 грывень.
Гэта было першае, фактычна, першае-лепшае месца, куды мы, галаднючыя, зайшлі з мэтай паабедаць у першы ж дзень пасля прыезду. Наеліся там ад пуза, і з напоямі гэта каштавала ў раёне 150 грывень. Такім чынам, рэкамендую.

2. На другі дзень мы выспаліся, вылезлі з кватэры і накіраваліся ў бок плошчы Рынак з мэтай заваліцца куды-небудзь, паснедаць і паабедаць адначасова. І нам сустрэўся па дарозе грыль-бар "Churrasco grill&beer" (знаходзіцца на скрыжаванні Стараяўрэйскай і Галіцкай). Алеся, як вялікага аматара мяса, ужо нельга было адтуль адцягнуць :) Зайшлі.
Унутры вельмі светла, і хаця столікаў многа, праходы вузкія, але па адчуваннях прасторна. Інтэр'ер сучасны, мінімалістычны, у шэрых танах, з зялёнымі кветкамі на вокнах. Прыемна.
Меню аказалася маленькім, як і павінна быць у рэстаранах з добрай кухняй. Там некалькі відаў мясных страў з грылю (ялавічына, свініна, курыца), мо тры салаты, пара супоў, некалькі закусак, уласныя ліманады, піва, кава. Самая цікавая фішка - гэта нейкі "безліміт мяса", грывень за 160, здаецца. То бок табе прыносяць па чарзе усе, здаецца, іх мясныя стравы, плюс даюцца закускі і соўсы, і можна есці, колькі хочаш. Толькі, здаецца, гэты безліміт павінен замовіць кожны з кампаніі за адным сталом. Есць яшчэ безліміты закусак, мо яшчэ нейкія ) Прыкольна. Але мы не адчувалі ў сабе сіл столькі з'есці на абед, таму не бралі.
Я ўзяла боршч, бульбяны салат і імбірны ліманад. Алесь - стэйк з ялавічыны і піва. І ёсць у гэтым нешта наконт гендэру! ))
Боршч не фоткала, вось з інэта. З рэбрышкам ягняці, здаецца. Вельмі смачны! Каштаваў 23 ці 25 грывень.


А вось мой бульбяны салат. Як бачна, акрамя бульбы, у ім дабрача так кавалкаў біфштэксу. Ім адным можна было б наесціся. Выдатна! Цана - 42 гр.



А вось стэйк Алеся быў... Як бы вам сказаць. Мы, як нядаўнія студэнты-нішчаброды, стэйкаў яшчэ не ядалі, тым больш што гэта нават людзям з нармльным заробкам у Менску не заўжды па кішэні, бо нашы цэны самі знаеце якія. І самі не рабілі, бо ў нас тут і мяса-та нармальнага не прадаецца. А тут нарэшце была магчымасць паспрабаваць. Дык вось. Гэта было проста нешта неверагоднае! Гэта было свежае мяса, ідэальна прасмажанае (medium rare), не сухое, не падгарэлае, не сырое, ідэальна прыпраўленае. Гэта быў мінімалістычны, дасканалы 300-грамовы кавалак простага смачнага сакавітага мяса. Неперевершено, як сказаў бы ўкраінец!


Стэйк падаваўся з салатам і каштаваў усяго 119 грывень.

Асобна варта сказаць пра тамтэйшае піва. Я не памятаю, што там за піва, мо нават сваё, але яно вельмі смачнае. А самы цымус - у падачы.



Абслугоўванне было выдатнае. Карацей, рэкамендую.

Гэта было 31 снежня. А Новы год мы сустракалі ў самым логаве бандэраўцаў - у "Крыіўцы"! Тут асабліва няма пра што расказваць асобна :) Пад народныя спевы двух каларытных мужычкоў з гармонікам і бубнам мы елі, пілі, елі, пілі, елі, пілі, а калі гэта стала немагчыма, танчылі пад нейкі гурт, які паспяхова спяваў каверы на "Акіян Эльзы", што шалёна падабалася народу. А народу было - мора! ) У тым ліку нейкія актыўныя рускамоўныя, хлопцы з цёлачкамі, якія гучней за ўсіх крычалі "Ууууу! Йеее! С новым годом! С новым счастьем!" і г.д. Максімальная рэакцыя, якую дазволіў сабе афіцыянт у залі, заключалася ў тым, што ён стомлена і асуджальна прыўзняў брыво, калі думаў, што на яго ніхто не глядзіць :)
Вось такія яны, страшныя бандэраўцы, ненавіснікі маскалёў. Хаця хто ведае, што зрабілі з гэтай кампаніяй, калі іншыя госці разышліся ))))

І на гэтым я пакуль што заканчваю свой расповед. Далей - бліжэйшымі днямі :)

Украіна, Львів, нехта, турызм, вандроўкі, нямка

Previous post Next post
Up