Ужо больш за тыдзень працую над 3D мадэлькай замка Стэфана Баторыя ў Горадні па замове мясцовага музэя. На цяперашні момант маю добры матэрыял па варыянту рэканструкцыі замка У. Бачкова. Аднак пры супастаўленьні з гавюрай Макоўскага 1600 года вынікае безьліч супярэчнасьцяў. Яшчэ дадае складанасьцяў вядомая выява Цюндта. І вось куды мяне занесла ў пошуках адказу на пытаньне аб браме замка. Істотную ролю ў паўстаньні ніжэйпрыведзенай гіпотэзы адыграла само па сабе 3D мадэляваньне, і магчымасьць паставіць помнік на рэальны ляндшафт.
На цяперашні момант "збудаваў" браму, вежу над Нёманам, лазьню і прасла сьцяны батарыянскага замку. Даволі просьценькім спосабам "саджу" будынкі на сваё месца адпаведна пляну замка. Гэтаксама раней дакладна быў адноўлены ляндшафт.
Зьвярніце ўвагу на плян прыбудовы да брамы з боку Нёмана. Гэтая прыбудова існуе і зараз (была збудавана тут ў 18 ст.) Мяркуецца, што на гэтым месцы стаяла ранейшая брама замка Вітаўта. Так браму лакалізуюць, а ўвесь замак Вітаўта прадстаўляюць на усіх рэканструкцыях, пачынаючы ад Вайцахоўскага з 1930-ых гадоў.
Гэты варыянт рэканструкцыі стаў кананічным і на ім грунтуюцца ўсе вядомыя рэканструкцыі Старога замка часоў Вітаўта.
Аднак зьвярну ўвагу: сам Вайцахоўскі ня выявіў падмуркаў ні брамы, ні круглай вежы-бэргфрыда, таму на пляне пазначыў іх пункцірам.
У час свайго "будаўніцтва" брамы мяне дужа бянтэжыла думка, чаму Баторый пры перабудове замка не скарыстаўся мурамі ці падмуркамі ранейшай вітаўтавай брамы, бо так было б лягічней і таньней.
Так і не дабудаваўшы замак у пошуках адказаў паспрабаваў знайсьці кропку, адкуль рабілі свае гравюры Макоўскі і Цюндт. Для большай праўдападобнасьці паставіў умоўныя аб'ёмы вежы і палаца на час Баторыя па пляне.
Па малюнку Макоўскага:
Параўнайце:
Бачна, што прапорцыі і разьмяшчэньне будынкаў ў Макоўскага крыху зьменена. Яшчэ раз паўтаруся, мая рэканструкцыя і пастаноўка аб'ёмаў грунтуецца на пляне, таму фота ці рэндэр з мадэлі больш рэальна перадае сітуацыю. Аднак вялікіх памылак і блытаніны у выпадку Макоўскага ўсё ж няма, усё сыходзіцца. Горш зь Цюндта: павярнуў замак Баторыя, каб адпавядаў яго гравюры.
Параўнайце:
Магчыма, гэта апэрацыя была лішняй, але яна прывяла да наступных больш слушных крокаў. На аснове пляна Вайцахоўскага даставіў усе патрэбныя элемэнты: старую браму, вежу-бэргфрыд, палац і мур, каля яго. У натуры выйшла так (параўнайце з Вайцахоўскім).
Дадаткова яшчэ крыху выгнуў мост, каб было падобна да Цюндта. Прашу не зважаць на якасьць выкананьня рэйдэраў, палёт думкі не пасьпяваў за тэхнічнымі здольнасьцямі. Асноўнай ідэяй было пагуляцца з аб'ёмамі, каб разабрацца, таму фігуры рабіліся хутка.
Калі адкінуць браму Баторыя, і "зьменшыць" перабудаваную ім вежу над Нёмам сілуэт выходзіць усё адно вельмі адрозны ад таго, што мы бачым у Цюндта: палац Вітаўта мусіць вымалёўвацца недзе між брамаю і бэргфрыдам. А зьлева ад вежы над Нёманам ўвогуле ня мусіць быць відно ні прасла сьцяны ні вежы, якая стаіць на мысе над вусьцем Гараднічанкі (а гэта ледзьве не траціна замка).
Тут можна, канечне, абвінаваціць Цюндта ў спрашчэньнях і пэўных мэтаамарфозах вобразу замка. Зьвярніце ўвагу, у яго нават Нёман цячэ ня ў той бок:) Але будзем сьмелымі і паспрабуем фантазіраваць далей: што калі старой брамаю была тая самая вежа над Нёманам, а бэргфрыд стаяў дзесьці ў раёне брамы Баторыя.
Атрымаўся такі доўгі драўляны мост з лягічным заваротам, як гэта мы бачым у Цюндта.
Нагадаю, аб умовах экспэрымэнту: вядома, як ішлі сьцены, стаялі тры квадратныя вежы і палац Вітаўта. Маім дапушчэньнем было завесьці мост да наднёманскай вежы і паставіць бэргфрыд ў раёне брамы Баторыя. Вось як гэта выглядае з той самай "кропкі Цюндта".
І яшчэ раз для параўняньня Цюндт:
Пагадзіцеся, выглядае больш падобна! Адзінае, паварот вежы над Гараднічанкаю не такі моцны, а вежа-брама, бэргфрыд, вежа за бэргфрыдам і палац са сьцяною складваюцца ідэальна. Што тычыцца той жа вежы над Гараднічанкаю: яна збудавана асобна ад мура з боку Нёмана, ці дакладней прыбудавана да яго, а не пабудавана на яго аснове. Гэтакі выступ сьцяны мы бачым і на гравюры Цюндта.
Нашто такая, падаецца, нерацыянальная і дарагая ідэя - зрабіць браму з боку Нёмана. Каб зразумець, зірніце вось на гэты рэйндэр.
Паспрабавалі Вы б дабегчы да брамы па гэтым мосьце, калі за Вамі будуць пільна сачыць дзесяткі абаронцаў зь вежаў і сьцяны між імі?
Іншымі словамі, такі варыянт маста моцна ўскладняў бы магчымасьць ворага дабрацца да брамы, фактычна рабіў бы штурм брамы немагчымым. Над драўляным мастом даўжынёй больш за 50 м навісае бэргфрыд, сьцяна і сама вежа-брама. Урэшце пры неабходнасьці мост можна спаліць.
Замест заключэньня:
Спадзяюся гэта гіпотэза не пазбаўлена лёгікі ды, ўрэшце, існуюць крыніцы ці ў зямлі, ці ў архівах, ці ў мурах замка, якія дазволяць абвергнуць яе, скарэктаваць, альбо ... пацьвердзіць!