Тэзісы аб нейснаваньні герсы

Aug 17, 2010 00:35


Тое, што будзе апісана ніжэй ужо амаль паўгады не давала спакою майму хвораму на фартыфікацыю розуму.

Расповед пойдзе пра дзівосны і ўжо, на вялікі жаль, нават ненавісны для многіх Мірскі замак. Уласна я чым больш прыязджаю ў замак, тым больш захапляюся самім фактам існаваньня такога выключнага па многіх парамэтрах помніка на нашых землях. Напраўду, ён уяўляецца мне чароўны прэзэнтам беларусам, які ўпарта адпіхваюцца ад рэшткаў гісторыі дасавецкага пэрыяду.

Кожны сумленны турыст пасьля набыцьця квітку трапляе ў замак праз праход зроблены ў заходняй сьцяне. Пагадзіцеся ня самы ўрачысты прыём! Юры Ільінічы пры будаўніцтва замка уваход абазначыў магутнай шасціпавярховай вежай-брамай, у якой уласна зьмяшчаўся адзіны праезд на замкавы двор. Традыцыйна ў фартыфікацыі брама лічылася самым слабым месцам умацаваньня, таму яе імкнуліся як мага лепей ўмацаваць. Па памерах вежа-брама Мірскага замка напраўду большая за іншыя нарожныя вежы (12х12 м, шэсць паверхаў+падвал). Аднак для сваёй уласнай абароны яна мела толькі адзін невялікі машыкуль на трэцім паверсе. Пры гэтым вежа-брама выступала за контур сцен далей за сумежныя нарожныя вежы, што рабіла немагчымы пасьпяховы флянкіруючы вагонь у непасрэднай блізкасьці да праезда брамы. Гэта падмацоўвае даволі пашыранае меркаваньне аб тым, што Мірскі замак ствараўся не для абароны, а для рэпрэзентацыі велічы свайго ўладальніка, а абарончыя якасьці яго вельмі пасрэдныя. Аднак я засьцерагаю ўласна сябе ад такога банальнага спрашчэньня, бо, напраўду, мы яшчэ слаба разумеем фартыфікацыю часу, калі сярэднявечныя замкі пад пераможную кананаду артылерыі саступалі месца бастыённым фартэцыям.





Цяпер бліжэй да справы. Каб пераканацца ці была брама Мірскага замка насамрэч такая безабаронная трэба разабрацца сістэме абароны яе праезда. Акрамя фланкіруючага вагня з сумежных вежаў, які ўрэшце зьнікаў у непасрэдным набліжэньні (2-3 м) да праезда брамы ў т.зв. мёртвай зоне, біць ворага маглі таксама з машыкуля на трэцім паверсе. Якім жа чынам стрымлівалі ворага далей? Доўгі час даследчыкі амаль адзінагалосна сьцьвярджалі, што ў браме Мірскага замку мелася падаючая крата ці герса, якой я хочу прысьвяціць сваю першую лірычную замалёўку па фартыфікацыі Мірскага замка.



Само па сабе меркаваньне аб існаваньні герсы мае выключна гіпатэтычны характар, бо ніводная крыніца не згадвае аб  яе існаваньні. Нарадзілася ж гэтая думка з памылковага разуменьня прызначэньня адтуліны даўжынёй 3,4 м і шырынёй 0,46 м ўверсе між вонкавай паўцыркулярнай і унутранай стральчатай аркамі праезда брамы. Натурныя даследваньні абвяргаюць гіпотэзу аб існаваньні герсы. Цікава, што "бацька" гіпотэза аб герсе Ю.Ядкоўскі пасьля неабгрунтаванага (у прамым сэньсе без якога-кольвек абгрунтаваньня) сьцьвярджэньня, што герса была,пісаў: "Ныне следов от герсы не сохранилось". Цяпер урэшце тэзісы аб неіснаваньні герсы:




1) Адтуліна занадта шырокая, у той час як шырыня герсы звычайна вагалася ад 9 да 15 см . Асабліва відавочным падаецца параўнаньне з бліжэйшымі па часе і рэгіёне помнікамі, якія ,насамрэч, мелі герсы, Вострай брамай у Вільні і Мураванкаўскай царквой.




2) Для скальжэньня герсы ў сьценах абавязкова рабіліся пазы, якія фіксавалі становішча герсы у паднятым і апушчаным становішчы. Звычайна гэты паз, як і сама герса, месьціўся звонку ад варот, радзей з унутранага боку. Падобныя пазы захаваліся ў Вострай браме ў Вільні, існавалі таксама ў Мураванкаўскай царкве. Па баках праезда брамы Мірскага замка пад адтулінай няма пазоў для руху і фіксавання герсы ў апушчаным стане, таксама ў бакавых сьценах праезда, дзе мусіла фіксавацца герса ў апушчаным становішчы добра захаваліся дэкаратыўныя нішы, якія б дойліды наўрадці вымуравалі, каб пасьля закрыць дадатковымі канструкцыямі для герсы.



3) Існавалі варыянты, калі герса фіксавалася пры дапамозе драўляных канструкцый, але ў выпадку брамы Мірскага замка на бакавых сьценах няма ніякіх сьлядоў ад якіх-кольвек мацаваньняў . Ніякіх мацаваньняў для герсы не было выяўлена і ў выніку археалyгічных даследванmняў 2010 г. (аб іх будзе напісана пазьней).




4) На другім паверсе над адтулінай знаходзіцца памяшканьне, якое выконвала функцыі капліцы. У ім адсутнічае пазы для ходу герсы і сьляды ад мэханізма для яе пад’ёма і ўтрыманьня. Паводле інвэнтара замка 1688 г., у якім упершыню апісваецца капліца, у апошняй пры падрабязным апісаньні інтэр’ера не адзначаецца якога-кольвек мэханізма для пад’ёма герсы. Пры гэтым узгадваюцца шэсць шкафчыкаў, якія месьціліся ў нішах у сьценах. Справа ў тым, што ў час распрацоўкі праекта герсы былі праведзены даследваньні капліцы і выявілася, што ніякіх рэшткаў ад канструкцый ці блёкаў унутры няма. Тады навуковым кіраўніком рэстаўрацыі замка Д.С. Бубноўскім было распрацавана адмысловая канструкцыя з колам, якая мусіць абапірацца выключна на падлогу. У выпадку рэалізацыі такога пад’ёмнага мэханізма чатыры нішы-шкафчыкі будуць закрыты гэтым самым мэханізмам. Да таго ж існаваньне вялікага пад’ёмнага мэханізма парушала б канцэпцыю капліцы. Для прыкладу можна прывесьці ізноў жа Вострую браму: герса хавалася ў спэцыяльнае вузкае памяшканьне на другім паверсе, якое было аддзелена ад памяшканьня самой капліцы магутнай сьцяной. Пры гэтым пад’ёмны мэханізм для герсы знаходзіўся на наступным трэцім паверсе. Вяртаючыся да інвэнтара 1688 г. трэба заўважыць, што калі ні герса, ні які кольвек мэханізм для яе пад’ёму не ўзгадваецца, дык аб існаваньні ўзвода ці пад’ёмнага моста пішацца выразна. Гэта значыць, што узвод і гіпатэтычная герсы не працавалі як узаемазвязаны мэханізм, як прапануецца па існуючаму праекту.




Аб функцыі адтуліны, узводзе і раскопках ліпеня 2010 напішу крыху пазьней. На заканчэньне гэтай лірычнай замалёўкі заўважу наступнае: пэўныя рэчы ў Мірскім замку, як для саміх спэцыялістаў, якія вядуць рэстаўрацыю, так і для звычайных абываталяў падаюцца простымі і зразумелымі, аднак наш розум сам баналізуе і спрашчае гэтыя рэчы, што перашкаджае нам дашукацца нейкай гістарычнае праўды. Не разумеючы ўнікальнасьці Мірскага замка мы хочам надзяліць яго герса, таму што як жаж замак будзе без герсы (напраўду, чуў падобныя развагі нават ад гісторыкаў архітэктуры), ці ствараем псэўдацунікальнасьць фарбуючы замак у ружовы колер і упіхваючы ў капліцу Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі пад'ёмны мэханізм герсы, аналагаў якога няма ў прынцыпе.

З найлепшымі,
мв.

P.S. Пасьпяшайцеся ўбачыць замак, пакуль яго не зарэстаўравалі!

ФАРТЫФІКАЦЫЯ, Мірскі замак

Previous post Next post
Up