Купалаўскія вакацыі - больш падрабязна

Feb 28, 2010 11:06

 
З месца журы выступленні на фэсце ўспрымаюцца, мабыць, зусім інакш, чым са сцэны або з залы.
Такім чынам, адбыўся першы тур фэсту аўтарскай песні “Купалаўскія вакацыі”. Я распавяду пра яго ў форме інтэрвію.

- Што такое аўтарская песня? Ва ўсіх жа песень, акрамя фолька, ёсць аўтар?
- Слушная заўвага. Але спалучэнне “аўтарская песня” - ўстойлівае, і азначае бардаўскую песню і “каля-бардаўскія” спевы. На маю думку, галоўная адметнасць гэтага жанра ў тым, што тэкст тут першасны. І ён нясе сэнсавую нагрузку. На і па-другое, гэта тыя песні, якія можна выконваць буз аніякай электрычнай апаратуры (то бок на фэстах яна звычайна ёсць, але нясе дапаможную функцыю - каб было чуваць у вялікай залі ці на паляне ў лесе). Як толькі пачынаюцца электрагітары, піяніна, “прымочкі” - усё, гэта іншы жанр. Нейкія разумныя людзі вось дадатковае вызначэнне прыдумалі - “бард-рок” (або акустычны рок) - калектыўны або адзінкавы спеў, дзе тэкст мае значэнне, а музыка з большага рытмічная і пераважна гітарная. Цьмяна, але, з большага, слушна.
Умоўна кажучы, калі чалавек можа ўзяць у рукі гітару, сесці на табурэтачку і заспяваць сваю песню так, каб слухачы не маглі адарвацца - гэта сапраўдная аўтарская песня.

- А можа, не варта размяжоўваць жанры? Піша чалавек, і хай сабе, якая розніца, на чым ён/яна/яны там граюць? Ты ж сама не трываеш слова “нефармат”.
-- Чалавек так створаны, што ён “вядзецца” на рытм і гучны гук (масла маслянае, ага!). І калі ў адным і тым жа конкурс возьме ўдзел сярэдніх навыкаў і здольнасцяў бард і сярэдняга ўзроўня рок-гурт, то... няма сумневу, хто каго “пераможа”. За рэдкім-рэдкім выключэннем. Фізіялогія! Тое самае, калі сярод бардаў раптам з’явіцца папсавік са спевамі пад фанеру. Ён мае ўсе шанцы “парваць залу” (ці быць асвістаным - калі аўдыторыя “падрыхтаваная”). Таму абмяжаванні для ўдзельнікаў бардаўскіх фэстаў мне здаюцца цалкам лагічнымі. Больш за тое, як толькі рамкі адмяняюцца, фэст адразу ж з бардаўскага ператвараецца ў лепшым выпадку ў рокавы. А ў горшым - у конкурс мастацкай самадзейнасці. Гэта вельмі яскрава відаць па Басовішчы і Бардаўскай восені. Ну а якіх іншых знакавых бард-фэстаў (прынамсі, беларускамоўных), на Беларусі няма. “Купалаўскія вакацыі” - спроба нішу гэтую заняць. То бок калі арганізатары вырашылі зладзіць конкурс менавіта аўтарскай песні, то ім прыйдзецца неяк акрэсліваць рамкі жанра. Вось жа чаму-сьці панкі не ідуць на джазавыя конкурсы. Або на эстрадныя.

- І як там першы этап прайшоў?
- 15 удзельнікаў. Як я магла зразумець, без асаблівага папярэдняга адсеву. Хто падаў заяўку, таго і слухалі. Сярод “адзіночак” - вакаліст панк-гурта, саліст філармоніі, а таксама дзяўчына, што вучыцца оперным спевам, настаўнік, школьнік. Палова ўдзельнікаў - гурты. Некаторыя - нават з някепскім вопытам выступаў. Вельмі пярэсты склад. І, шчыра кажучы, тым большым было маё расчараванне. Перш за ўсё, расчараванне тэкстамі. Або зусім вучнёўскія. Або нават з прэтэнзіяй на “мастацкасць”, але за малым выключэннем - страшэнна непісьменныя. Для прыкладу, песня, у якой аўтар абураецца з нагоды таго, што “нашу мову знішчаюць”, напісана так, што няма ні аднаго радка без памылак і хібаў. Ці песня пра каханне. У прыпеве якой аўтар шмат разоў паўтарае - “Я кахаю табе” (зямест “цябе”). Па некаторых тэкстах склалася адчуванне, што аўтары па-беларуску звычайна не пішуць, а адмыслова для імпрэзы наважыліся. І ўзялі “выйгрышную”, на іх думку, тэму - родная мова, любоў да Радзімы.

- А што кепскага ў тым, што маладыя людзі пішуць на такія тэмы?
- Не тэма кепская, а яе рэалізацыя. Ну і яўна заўважная кан’юнктурнасць. Калі тэкст “вымучаны”, штучна створаны, ды ячшэ і непісьменны, то “святая тэма” не ратуе і не апраўдвае. Наадварот - такі “твор” успрымаецца як абраза. Ну і дадатковая нагода для майго суму: менавіта вялікая колькасць такіх “якасных” тэкстаў і складае імідж бардаўскай беларускамоўнай песні як “зануднай, малапісьменнай і нізкамастацкай, затое пра Радзіму”.

- Дык што, аўтарам лепш не пісаць па-беларуску?
- Пісаць. Але разумеючы пры гэтым, што вялікая тэма не апраўдвае моўных хібаў. Сур’ёзна займацца і працаваць са словам. Усе ж былі пачаткоўцамі. І першыя тэксты класікаў літаратуры таксама не былі шэдэўрамі. Але ж сёння можна, нават жывучы ў глухой вёсцы, звярнуцца па кансультацыю або параду да рэдактараў літаратурных выданняў або да больш дасведчаных аўтараў. Чаму-сьці многім здаецца, што паэзія - гэта “чыстае натхненне”: пішы як пішацца, ды і ўсё. Ніхто ж не лічыць лішнім вучыцца музыцы. Таксама трэба вучыцца і рабоце са словам. 
А што да кан’юнктурнасці... Паэзія ідзе ад душы. А ад разліку атрымліваецца “тавар другога гатунку”. Дык у зале ж і на месцы журы не зусім дурні.

- Мы ўсё пра тэксты ды пра тэксты. Але ж у песні ёсць яшчэ і музыка, што не меней важна...
- Стэрыятыпнае ўспрыманне бардаўскай песні - гэта тры акорды ў ля-міноры а-ля Алег Міцяеў (якога я, прынамсі, люблю і паважаю). Дарэчы, на адборах ў шматлікіх рускамоўных фэстаў звычайна так і ёсць. Звычайна да гэтага дадаецца яшчэ і няякасная гітара, якая да таго ж крыху разладжана. На шчасце, тут такога было мінімум. Затое песні на матыў “Простыя словы, простыя рэчы” я пачула тройчы.

- Цябе паслухаць, дык усё так кепска...
- Не кепска. Проста, на жаль, агульны ўзровень выканаўцаў вымяраецца не па самых моцных, а па самых слабых. І ў гэтым сэнсе аўтарская песня - жанр, якому не пашчасціла. Яе плюс (і ён жа мінус) - гэта тое, што любы чалавек можа ўзяць гітарку і заспяваць. Гэта не патрабуе нейкіх надзвычайных фінансавых выдаткаў ці арганізацыйных высілкаў. 
Каб пачаць рабіць “папсу”, трэба або знайсці музыканта, які сыграе акампанемент (заплаціць, або пераканаць. Або пайсці ў клуб/гурток/гурт), або самому мець “самаграйку” (купіць? Арэндаваць?) і ўмець на ёй граць. А гітара каштуе недорага, тры акорды можна засвоіць хутка, адмысловага месца для рэпетыцый не трэба. Нават “гаражны” гурт стварыць - і тое больш высілкаў патрабуецца. А ў бардаўскай песні такога “натуральнага адбору” няма. 
І выпадковы наведнік адборачнага тура будзе перакананы, што аўтарская песня - гэта сумна і непрафесійна. І на імпрэзу, да якой будзе дадзена вызначэнне “бардаўская”, проста не пойдзе.

- Але ж кожны фэст збірае шмат удзельнікаў...
- Ага, па прынцыпе “чукча не чытацель, чуцча пісацель”. Ну трэба ж маладым людзям якімсьці чынам даносіць сваю творчасць да іншых. Нават калі з рок-спявака прыходзіцца на пэўны час “перакавліфіцыравацца” у барда. І тут, дырэчы, можа атрымацца, што не такі просты гэта жанр. Таму што, калі “адключыць электрычнасць” і пакінуць толькі голас і гітару, то відавочнымі становяцца ўсе хібы і недарэчнасці. Не схаваешся за бадзёрым рытмам і інструментальнай расфарбоўкай. Ты і твой тэкст - такі, які ты ёсць. А вось паспрабуй такімі сродкамі зачапіць за жывое, утрымаць увагу публікі!

- Атрымліваецца?
- У каго як. Слухаючы канкурсантаў, я нават падумала: а што, калі паспрабаваць рэалізаваць праект пад умоўнай назвай “Калі адключаць электрычнасць”. І прапанаваць лідэрам гуртоў “паспаборнічаць” у бардаўскім мінімалісцкім фармаце. Калі я агучыла гэтую ідэю “у кулуарах” фэста, то першае, што пачула - “Большасць адмовіцца!”. Цікава будзе праверыць...

- То бок фэст яшчэ не скончаны, настрой дэпрэсіўны. А ўжо “пруць” новыя задумкі...
- Ну дык разважаць і прыдумляць - не мяхі цягаць. Наперадзе яшчэ тры туры “Купалаўскіх вакацый” і фінал у варыянце “open-air”. Першы тур, пры усіх недахопах, прынёс асабіста мне адно адкрыццё. А гэта - ужо многа.

авторская песня, фестивали, типично белорусское критиканство

Previous post Next post
Up
[]