Віртуальны ШДК. Дзесяты тур, альбо самы доўгі і можа быць не надта й лёгкі

Dec 14, 2012 20:52

Вось нарэшце я, а спадзяюся, што і вы таксама, усе мы разам дачакаліся Дзесятага тура. Нават ня верыцца, што энтузіазму на гэта ў нас усіх хапіла. Дзякуй вам за ўсе версіі і правільныя адказы. У гэтым туры крыху больш пытанняў, чым у папярэдніх, але ж трэба было неяк адзначыць першы юбілей :) Ну дык што, наперад!

1. Збігнеў Нянацкі ў канцы 80-х пісаў, крытыкуючы заняпад культуры, што ў тэатр ходзіць арганізаваны глядач, залы сустрэч з пісьменнікамі запаўняюць школьнікамі, філармонія ззяе пустымі месцамі, а на вернісажах мастакоў бываюць збольшага іх калегі ці іх … . Адкажыце двума словамі хто.

2. У горадзе Бердзічаве пачаўся збор сродкаў на стварэнне помніка загінулым ІМ. Жыхары горада ставяцца да ініцыятывы насцярожана, але прызнаюць, што помнік прыцягне ў горад мноства жыхароў Зямлі. Нашумелы фільм 1947 г., дзе можна пабачыць загінулага ЯГО, мог быць зняты не раней за 1967 г. Назавіце ЯГО.

3. Аднаму з герояў Я. Брыля раілі РАБІЦЬ ГЭТА падперазаным і з сякерай за поясам. А герою серыяла “Як я сустрэў вашу маму” бацька раіў РАБІЦЬ ГЭТА з’еўшы літровую банку селядца з цыбуляй. Што мы замянілі на РАБІЦЬ ГЭТА?

4. А. Марыенгоф расказвае, што адну з маскоўскіх зім ім з Есеніным прыйшлося правесці ў кватэры з дрэнным ацяпленнем. Электрычную грэлку яны нярэдка выкарыстоўвалі, каб сагрэць Пастэрнака. Назавіце слова, якое мы замянілі ў пытанні.

5. Аднойчы адзін амерыканскі бізнэсмэн пачаў губляць кліентаў. Прычына была ў тым, што жонка аднаго з яго канкурэнтаў карысталася сваім службовым становішчам для прасоўвання бізнэса мужа. Назавіце тое, што запатэнтаваў гэты амерыканскі бізнэсмэн у 1891 г.

6. Сувенірны ІКС з англійскага гораду Лейберна зроблены ў выглядзе карабля пад назвай “Цітанік”. Якое слова мы замянілі ІКСом?

7. У адным з раманаў Л. Дайнекі апісваецца помнік Плюралізму. Калона наверсе распускалася кветкай з сям’ю пялёсткамі. На пялёстках выявы Хрыста, Магамета, Іеговы, Буды, Дзевы Атэісткі і Сівога Паганца. А якая выява была на сёмым пялёстку?

8. Адзін знакаміты чалавек, расказваючы пра падзеі 1945-га года ў Дрэздэне, гаварыў, што атрымаў за кожнага нябожчыка па 3 долары. Хоць і сам мог спакойна стаць адным з гэтых нябожчыкаў. Назавіце гэтага чалавека.

9. Два героі аповесці Я. Брыля “Ніжнія Байдуны” уночы за хлявамі пільнуюць “калядных салаўёў”. Хто такія “калядныя салаўі”?

10. Адзін выхваляка, персанаж пэўнай гісторыі, сцвярджае, што на паляванні можа патрапіць у дзічыну з агромністай адлегласці, а таму прадбачліва выкарыстоўвае гэта. Для атрымання гэтага некаторыя жыхары Гандураса выкарыстоўваюць гарачыя палкі. Назавіце гэта кароткім словам.

Уф, аж замарыўся пісаць :) Каментары схаваў, чакаю вашыя адказы!

п.с. Дзесяты тур зноў прызавы, канечне :)

ЧГК

Previous post Next post
Up