«У нашай новай песеньцы вы не пачуеце стандартных гітарных рыфаў і надрыўнага вакалу, бо мы перакананыя ў тым, што час падобнае музыкі даўно мінуў і надышоў час шукаць кардынальна новае гучаньне», - так прадстаўляюць твор «Нехта» музыкі з гурта Rostra. Менавіта гэтая кампазыцыя на верш Вікі Трэнас дэбютуе ў новым туры на ТГ.
«Нехта» напісана на словы вядомай у паэтычных колах маладой паэткі Вікі Трэнас. Верш яскрава перадае знаёмыя ўсім пачуцьці. Вядома, што кожны чалавек марыць пра свае асабістае маленькае шчасьце. Мае патрэбу ў сябрах і блізкіх людзях. Людзі хочуць кахаць і быць заўсёды каханымі, мець чалавека, які заўжды будзе побач і дапаможа ў цяжкую часіну ці пацешыцца разам у вяселую. Вобраз, які малюецца ва ўяўленьні - гэта самотная дзяўчына, якая сядзіць ля вакна, на шкле якога бачныя кроплі дажджу. За вакном невялічкая вуліца, дзе ў розныя бакі езьдзяць машыны, снуюць людзі. Шмат людзей… Бягуць па сваіх справах… Кожны са сваімі думкамі… А яна адна… у гэтым сьвеце сярод вялізнай колькасьці такіх жа шэрых капелюшоў і парасонаў. Яна ўглядаецца ў постаці мінакоў… а мо сярод іх… ён…
«Нехта» была зроблена даволі хутка, бо музыка сама падказвала сродкі, якія ёй неабходныя. Змрочны настрой кампазыцыі падкрэсьліваюць галасы вуліцы, аўтамабілі і выпадковыя словы асобных людзей, якія быццам вядуць нябачную размову ў нейкім іншым вымярэньні.
Твор па ўсіх парамэтрах нетыповы: тут вы не пачуеце стандартных гітарных рыфаў і надрыўнага вакалу, бо мы перакананыя ў тым, што час падобнае музыкі даўно мінуў і надышоў час шукаць кардынальна новае гучаньне.
З дапамогай «Нехта» Rostra робіць значны крок наперад, што ўжо было падкрэсьлена на прэзэнтацыі дыска гурта на радыё «Сталіца».
Цяпер дакладна вядома і зразумела ўсім, што Rostra - гэта ЯНА. Вось нейкая жаночая энэргетыка прысутнічае, трошачкі змрочная. Кагосьці прыціскае, кагосьці наадварот…
Гурт у сеціве: rostra.info
Галасаваць за НЕХТУ можна тут
http://music.fromby.net/chart/ кожны дзень!