сёньня зь вялікай прыемнасьцю атрымаў "Американские стихи" шаноўнага Алеся Язэпавіча
feduta з вось такой дарчай прыпіскай: спадзяюся, "гэтая кніжка ня дасьць яму (т.б. мне - V.) нагоды адклікаць сваю рэкамендацыю". на што я адказаў: дык рэкамендацыя й давалася за гэтую кнігу! (якая, праўда, тады яшчэ ня выйшла ў сьвет і, можа, пра яе выйсьце ня думаў і сам Аўтар). таму якія могуць быць адкліканьні)
але вось рэкамендацыя ў СП - гэта ж цэлы жанр. зь непрапісанымі нідзе прынцыпамі й крытэрамі...
вось жа, калі каму цікава, - мая
Рэкамендацыя
на ўступленне ў ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”
Фядуту Аляксандру Іосіфавічу
Жанр рэкамендацыі не прадугледжвае шматслоўнасьці (і, перапрашаю, - шматслойнасьці дэфініцыяў), але наадварот - сьцісласьці ды дакладнасьці. Вось жа, калі сьцісла ды дакладна, то Аляксандр Іосіфасіч Фядута (надалей - АІФ) перадусім - Інтэлігент. І ў творчасьці, і ў мысьленьні, і ў паводзінах (а інакш, хіба, і не бывае). Ня будзем тут казаць, наколькі бракуе гэтае рысы сучасным літаратарам (і нелітаратарам) у наш няпросты час (не забываймася на жанр). Як і ня будзем паўтараць вядомую ісьціну пра тое, што панятак “інтэлектуал” зусім не абавязкова зьмяшчае ў сабе і “інтэлігента”. Першых, дзякуй Богу, хапае. Другіх жа заўжды вобмаль…
Мне цяжка аналізаваць, ацэньваць, упісваць у кантэкст і да т.п. уражвальны творчы наробак АІФ - як тэарэтыка і гісторыка літаратуры, публіцыста, блогера і культуртрэгера - з пазіцыяў крытыка-рэкаменданта. То бок з пазіцыяў сілы (хто я такі?). Лепш распавяду, як здарылася, што АІФ стаў маім аўтарам альбо, калі заўгодна, як я стаў яго - адданым і прагным - чытачом. Такім чынам, адразу абмаўляемся, што гэта рэкамендацыя чытача (з усёй вынікальнай адсюль суб’ектыўнасьцю).
А такім вось чытачом АІФ я стаў ні пасьля яго фундаментальнай “Палітычнай біяграфіі”, якую (праўду кажу) перачытваў некалькі разоў, а месцамі і ўслых; і ні ў часе досьледаў-блуканьняў па сутарэньнях і лабірынтах беларускае, расійскае і польскае ментальнасьці (пераможна вернуты і раскрыты ім вобраз Фадзея Булгарына, між іншага, падаецца шмат у чым блізкім і да асобы самога аўтара); і ні пасьля знаёмства зь яго, дарэчы, даволі спрэчнымі, але бліскучымі ў сьвежасьці пагляду паэталагічнымі спробамі акрэсьліць кантэкст сучаснай беларускай паэзіі. Усё гэта было цікава, месцамі захапляла і нават схіляла да стылёвага эпігонства, але… У асабовы склад сваіх чытачоў АІФ канчаткова “завербаваў” мяне ў траўні-чэрвені 2011 г., калі пачаў выкладаць у блогу свае “амерыканскія вершы”.
Блюзьнерствам было б казаць, што адсідка “пайшла на карысьць”, “раскрыла творчы патэнцыял” і інш. Але тое, што ў тых умовах чалавек здолеў захаваць і цьвярозы розум, і пачуцьцё гумару, - шмат пра што гаворыць. Бо інтэлігентнасьць - гэта і мужнасьць, і адказнасьць, і самаіронія…
Аповед пра тое, як пакутліва абіраў вязень АІФ аб’ект для нянавісьці нагадвае старую показку пра піянера і слова “станік”, якое яго прымушаюць крыкнуць хуліганы. “Піянер”-Фядута намагаецца выгукнуць нехарошае слова на адрас сваіх катаў-крыўдзіцеляў, набірае поўныя грудзі паветра і… ня можа. І ў вязьніцы АІФ - перадусім дасьледнік. Ён па-над спохваткай. Зрэшты, так здараецца заўжды, калі інтэлігентны чалавек сутыкаецца з лайном. Але і апошняе тады прымае іншыя формы. Дэфармуецца, так бы мовіць. Так, сьледчы, што вядзе допыт, раптам пачынае чытаць Авідыя на мове арыгінала, а іншыя літаратуразнаўцы ў цывільным знаходзяць сугуччы вершаў АІФ з рытмамі Багрыцкага, а турэмны дзяжурны круціць “ДДТ” падчас шпацыраў…
Я з усёй адказнасьцю рэкамендую Аляксандра Фядуту ў наш Саюз і як навукоўцу, і як публіцыста, але перадусім - як свайго аўтара. Не напісаўшы ніводнага каментара да “амерыканскіх вершаў” у блогу, скарыстоўваю нагоду, каб зрабіць гэта тут: наш рэспект Вам, Аляксандр Іосіфавіч!
Сябра СБП зь 2006 г. А.С.І.