Невядомыя ўспаміны пра Багдановіча (з архіву Янкі Саламевіча)

Sep 13, 2011 11:37

(...) Якая ж была мая радасць, калі я даведаўся, што ў Мінск прыехаў Багдановіч і таксама, як і я, збіраецца тут асесці і працаваць. Я спяшаўся знайсці яго. Першы раз я пабачыў Багдановіча ў кнігарні, у заднім пакоі. Увайшоўшы, я пабачыў ля стала чалавека якогась вельмі звычайнага, шэрага. Я разгледзеў яго студэнцкую шапку, крыху згорбленую фігуру ў паношаным шэрым паліце, даўгія спушчаныя рыжыя вусы і густыя нахмураныя бровы. Але з-пад гэтых броваў глянулі прыветна нейкім цяплом і святлом вочы і з-пад паважных вусоў паказалася радасная дзяцінная ўсмешка. І раптам змяніўся чалавек, як змяняецца часамі надвор'е ў вераснёвы дзень, калі з-за воблакаў прагляне сонейка.
Мы мала гаварылі з ім першы раз, але пасля мы з ім праводзілі ўвесь свой вольны час.
Вельмі цікавая рыса была ў [...] Багдановіча. Я ўперад не заўважыў [...] і не зразумеў шмат [...] чаго ў ім, але пасля ён сам мне ўсё выясніў.
Раз неяк гаварылі мы, ходзючы над Нямігаю, аб рэчах палітычных, - "Я, - кажа, - не прызнаю самаахвяры, не прызнаю службы ідэі, я раблю тое, што мне міла і дзеля таго раблю, каб мне было добра, я хачу шчасця для сябе".
Не ведаю, ці гэта абрыўкі якойсь стройнай філасофскай сістэмы, ці можа ў Багдановічы гаварыла яго хвароба, але такія гэтыя словы не адпавядалі яго жыццю, як трудна сабе прадставіць.
Багдановіч у гасцях. П'ець гарбату без цукру. І ніякія запрашэнні не прымусяць яго ўзяць хоць кавалачак цукру. Пасля доўгіх угавораў гаспадар дае спакой Багдановічу, думаючы: "Ат дзівак, ды годзе. Уздумалася нешта, от і фігуруе". Але раз мне Багдановіч растлумачыў гэтае дзівацтва. "Я, - кажа, - даў зарок не ўжываць цукру. Вакол нас мільёны бедных, галодных дзяцей мараць аб кавалачку цукру. як немаведама аб чым - і не маюць. Дык мы, дарослыя, можам абыйсціся".
Багдановіч вельмі любіў дзяцей. Яго найбольшым жаданнем, нават, як ён казаў, мэтаю яго жыцця было - мець свайго дзяцёнка. Гэты факт заслугуе на асаблівую ўвагу. Ён, мне здаецца, быў тэй восяй, каля каторай круціліся падзеі апошніх гадоў і дзён яго жыцця. Падрабней аб гэтым раскажуць адпаведныя людзі тады, калі на тое прыдзе час. Багдановіч казаў, што ўжо некалькі гадоў назад ён усю сваю ўвагу трымаў на ідэі цяжарнасці. Любімым атачэннем яго былі цяжарныя кабеты і іхныя размовы. У гэтых размовах і ён меў заўсёды чыннае дачыненне і разумеўсь у гэтых справах, як які акушэр. Гэта ўсё, як ён казаў, адбілася на яго творчасці. Так ён напісаў цэлы сшытак вершаў, які меў найменне "Вагітнасць" (цяжарнасць). Гэты сшытак павінен быць у Вільні ў Власта. Спадзяюся, што ён хутка будзе надрукован. З гэтай "найвялікшай мэтай" жыцця звязаны, відаць, і шмат якія падзеі з жыцця Багдановіча. Для таго, каб мець дзяцёнка, трэба, каб была жанчына. Вось такой шукаў Багдановіч апошнія гады. Урэшце яму ўдалося. Недзе ў Крыме ён стрэў якуюсь асобу, жонку сімферопальскага купца. Яны пакахаліся і жылі ўсё лета. "Але, - дадаваў з жалем Багдановіч. - сына ад яе не меў. Я быў тады вельмі хворы, слабы, кроў горлам ішла".
Відаць, з гэтымі мэтамі прыехаў Багдановіч і ў Мінск. Я прынамсі ведаю, што адна асоба (В.[анда] Л.[явіцкая]) пісала яму, патрабуючы яго прыезду. Ён прыехаўшы і пабачыўшы, расчараваўся. "Яна, кажа, хоча налажыць на мяне абавязкі, а я гэтых абавязкаў прыняць не магу". Наагул у аднашэнні абавязкаў ён стаяў на такім грунце, чуў мусіць, што нядоўга яму жыць на свеце. Дзеля таго хацеў зысціся іменна з замужняю. "Каб было каму майго сына гадаваць"
Такі крыху дзіўны погляд Багдановіча стане нам зразумелы, калі мы бліжэй прыглядзімся да яго постаці. Ён лічыў, што мець і гадаваць дзіцёнка - хаця б чужога - гэта вялікае, можа, найвялікшае шчасце. А толькі што не кожнаму гэтае шчасце даступна. "От што я, бадзяга, няпэўны чалавек, хіба мне можна быць бацькам і мужам".
І вось, расчараваўшыся ў Мінску, ён рашыў ехаць прабаваць шчасця ізноў у Крым. Сухоты развіваліся, заўсёды паднятая тэмпература, заўсёды душыць кашаль, - дахтары кажуць ехаць у Крым. Але раз ён мне кажа: "Вы думаеце я лячыцца еду ў Крым? Нічога падобнага! Я еду, каб дайсці сваёй найвялікшай мэты".
Некаторыя час я думаў, што можна паправіць справу, жаніўшы Багдановіча з Л.[юдвікай] С.[івіцкай]. Ён, здаецца, крыху закахаўся ў ёй***, быў, прынамсі, вельмі ласкавы (хаця, праўда, ён быў з усякім блізкім чалавекам ласкавы). Урэшце ён пачаў [...] і гаварыць з ёю аб гэтай справе, але пасля - кінуў.
"Л.[юдвіка] С.[івіцкая] таксама нездаровая. Ад Л.[юдвікі] С.[івіцкай] я не буду мець дзяцёнка".
Не ведаю, ці ўдалося дайсці сваёй мэты Багдановічу ў апошні побыт яго ў Крыме.

***Гэтая думка паўстала так. Ад некаторага часу М.Б. пачаў мне вельмі хваліць п. Л.[юдвіку].; пасля стаў пагаворваць, каб я з ёю жаніўся. З яго тону відаць было, што ён яе любіць, а толькі баіцца, што п. Л.[юдвіка] за яго не пойдзе. Тады я ў свой чарод пастараўся іх зблізіць.
(Полымя. - 2011. - №8. - С.149-150).

Успаміны надзвычай цікавыя, але Саламевіч у прадмове, падрабязна распавядаючы пра лёс тэксту (арыгінал не адшуканы ім, ёсць толькі гэтая рукапісная копія) і даводзячы аўтарства Л. Зайца (не надта пераканаўча), зусім не агаворвае іх праўдзівасці. Фактычна каментар да неадназначнага тэксту мусіць быць гэткі ж з аб'ёму, як і сам тэкст. Вось, напрыклад, што пісала пра ўспаміны сама Л.С. - Зоська Верас, у лісце да Ніны Ватацы: "Я, здаецца, пісала Вам 3 лісты, адзін за другім? І ў адным з іх пісала, што атрымала ад Івана Уладзіміравіча Саламевіча нечыя “Успаміны аб Багдановічу…” Быццам А. Смоліча. Але не верыцца мне, каб гэта Ён пісаў. Нешта і стыль і мова не Яго. А змест? Проста нешта недарэчнае. Ізноў Максім паказаны ў вельмі двузначным выглядзе. Ну і мяне туды ўблыталі, ды такой нейкай… бязвольнай… і смешна і горка.
Я прасіла Івана Уладзіміравіча растлумачыць мне: хто Яму гэтыя ўспаміны прынёс, які там подпіс… Каб мне пабачыць рукапіс, можа б я дайшла хто гэта пад А. С[молі]ча “падшыўся”. Калі ласка, пацікаўцеся гэтым “творам”. " Такім чынам, адзін з удзельнікаў мінскага асяродку Багдановіча ацэньвае тэкст як нешта недарэчнае. Аднак, пры ўсім тым, ва ўспамінах ёсць перагукі з іншымі  мемуарнымі тэкстамі (эпізод з цукрам і цікавасць да цяжарнасці, перапіска з Вандай Лявіцкай), якія гавораць пра сапраўднасць ведаў аўтара. Калі ў М.Б. сапраўды была пэўная навязлівая ідэя аб сваім бацькоўстве, то гэта ўносіць новыя фарбы і ў цыкл "Каханне і смерць", і вершаў "Вагітнасці", ды нават і "Страцім-Лебедзя". Разбураецца і німб самаахвярнага служэння і міф пра мэту прыезду. Ёсць і сцверджанні прамога амаралізму і эгацэнтрызму Багдановіча, ідэйнага кшталту. Тэкст, бясспрэчна, загадкавы, але і багацейшы за многія іншыя, бо дае і "простую мову", не толькі побытавыя замалёўкі.

Багдановіч

Previous post Next post
Up