Новы Час:"Такім жанчынам трэба кветкі дарыць"

Apr 22, 2011 13:48



22-04-2011 / Вольга Хвоін НОВЫ ЧАС - http://www.novychas.org/person/такім-жанчынам-трэба-кветкі-дарыць

«Таццяна вас з раніцы чакае - у кватэры прыбралася, сама прыхарашылася», - праінфармаваў мяне муж Таццяны Грачанікавай. Сапраўды, выжыць жанчыну з жанчыны складана - у следчы ізалятар просяць перадаць касметыку, у лякарнях турбуюцца, ці хораша выглядаюць, прычоска, нягледзячы на хваробу.

Пасля арышту 19 снежня ва ўдзельніцы Плошчы Таццяны Грачанікавай дабраякасная пухліна ператварылася ў злаякасную. Падчас выбарчай кампаніі яна дапамагала аднаму з кандыдатаў у прэзідэнты: збірала подпісы, распаўсюджвала агітацыйныя матэрыялы. У нядзелю 19-га Таццяна пайшла на Плошчу, дзе яе збілі, затрымалі і пакаралі 15 суткамі арышту. Яна звярталася да суддзі з просьбай аб змене формы пакарання, зважаючы на хваробу, а таксама да начальніка турмы па дазвол патэлефанаваць, каб паведаміць родным ці адвакату. На ўсе яе звароты пісьмова адмаўлялі. Пасля вызвалення Таццяна паўторна здавала аналізы, зноў стала ў чаргу на аперацыю. У выніку жанчыне дыягнаставалі рак спачатку ІІ, а цяпер ужо ІІІ ступені.

Муж Таццяны, прыхільнік Руху «За Свабоду» Юрась Шпак-Рыжкаў быў сябрам выбарчай камісіі ад апазіцыі ў леташняй выбарчай кампаніі. Пасля затрымання на Плошчы адсядзеў 10 сутак. Нягледзячы на тое, што на ягоным утрыманні знаходзіцца цяжкахворая жонка, была даведка, што Юрась прысутнічаў на пасяджэнні ўчастковай камісіі, дырэктар прадпрыемства «Мингорсвет» звольніў работніка па артыкуле «за прагулы».

Юрась з парога паведаміў, што жонка ад яго доўгі час хавала хваробу.

- А вось неяк усе жанчыны хаваюць, калі хварэюць на рак. Я была ў анкалагічным цэнтры, і калі нехта змог абысціся без хіміі, апраменьвання, то ўвогуле не казалі родным. Мая мама дагэтуль не ведае пра маю хваробу. Спадзяюся, у знаёмых хопіць такту не расказаць, бо я моцна перажываю за яе здароўе, - распавядае Таццяна. - Мінулай восенню я хадзіла да доктара, аналізы ўзяць не змаглі, але сказалі назірацца ў анкалагічным аддзяленні. Потым змянілася заведуючая аддзялення, дзе я назіралася, і мяне накіравалі на абследаванне, пасля чаго сказалі, што тэндэнцыя кепская. Мусіла быць падрыхтоўка да аперацыі, урачы званілі мне дадому, але ніхто не падымаў трубку. У гэты час я была на «сутках», зразумела, у не самых лепшых умовах.

- Два месяцы прайшло паміж планаванай і фактычнай аперацыяй. Спачатку дыягнаставалі другую ступень раку, цяпер ужо трэцюю. Магчыма, тым самым хочуць зняць з сябе адказнасць. Летам была здаровая, а цяпер такі цяжкі стан... Учора мусіла легчы ў бальніцу, але месцаў няма. Ды, чаго хаваць, усе, хто там ляжаць, нешта плацяць, - з абурэннем у голасе далучаецца да размовы Юрась Шпак-Рыжкаў.

Таццяна спрабуе прыглушыць яго запал:

- Наконт хабараў хачу сказаць - іх ніхто не вымагае, але ўсе даюць. У дыспансеры цяжкая атмасфера, у палаце ляжаць па шэсць чалавек. Зробяць апраменьванне - і чалавек сам сабе прадстаўлены.

- Калі б была магчымасць яшчэ раз пражыць тыя моманты, вы б сышлі з Плошчы ці засталіся?

- Калі разам з намі сядзела на «сутках» маладзенькая дзяўчына, ёй прынеслі перадачу ад незнаёмых людзей. І яна так расчулілася, гаварыла, што ў наступны раз пойдзе на вулічныя акцыі з сябрамі. У мяне прыблізна тыя ж эмоцыі - я адчуваю вялікую падтрымку, тэлефануюць знаёмыя і незнаёмыя...

- Вы маглі б умовы ўтрымання ў ізалятары трактаваць як катаванні? Што было найбольш цяжкім?

- Катаваннямі я гэта назваць не магу, але ўмовы, канешне, не спрыяльныя. Калі нас заводзілі ў аўтазак праз строй амапаўцаў, адзін з іх схапіўся за мой шалік. Сарваў і яго, і шапку. Пасля нават сіняк невялікі быў на шчацэ...

У ізалятары міліцыянты імкнуліся рабіць усё магчымае, пазней падвезлі коўдры і матрацы, бо спачатку іх не хапала. Я адна з апошніх афармлялася. У выніку трапіла ў «двухмесны нумар». Потым на бетонную падлогу трэцяй падсялілі 20-гадовую дзяўчыну. Але праз колькі дзён людзей ператусавалі, я ўжо знаходзілася ў камеры з Вольгай Чарных і Святланай Барышчук. Гэтыя дзяўчаты «строілі» міліцыянтаў, дык тыя не ведалі, што рабіць.

Калі нас перавялі на Акрэсціна, некаму стала кепска, хацелі выклікаць «хуткую», але нам сказалі, што нават калі і пакладуць у шпіталь, потым усё адно будзеце адседжваць свае «суткі». Ніхто не хацеў сядзець з п’яніцамі і бамжамі, калі ўсіх, каго забралі на Плошчы, ужо выпусцяць. Хаця і сярод нас былі выпадковыя людзі. Нехта за шампанскім пайшоў, адну дзяўчыну пасадзілі на «суткі», калі суседзі выклікалі на яе ўчастковага за шумныя паводзіны. Гэтая дзяўчына не ведала ніводнага прозвішча кандыдатаў у прэзідэнты, апроч Лукашэнкі. Але праз колькі дзён і кругагляд пашырыла, і нават выказваць сваё меркаванне пачала. Там усе былі прыгожыя, інтэлігентныя (смяецца)...

- Ніл Гілевіч сказаў, што такім жанчынам трэба кветкі дарыць, а яны... - абураецца Юрась. Расказвае, як у Таццяны амапаўцы здзіралі з шыі бел-чырвона-белы шалік, як яны з жонкай адганялі ад дзвярэй Дома ўраду тых, хто хацеў іх ламаць.

- Ён мне сказаў: «Нікуды не пойдзем, будзем ахоўваць Дом ураду», - пацвярджае Таццяна.

- Таццяну не пацягнеш за сабой сілком, у 2006-м, калі нас палохалі, што будуць страляць па людзях, я баяўся ісці. Таццяна сказала, што пойдзе адна, і я пайшоў за ёй на ватных нагах. У 2010-м мы пайшлі галасаваць 19 снежня вечарам, а лісты са спісамі, якія мы бачылі, былі амаль пустыя. Потым рушылі на плошчу Незалежнасці.

Юрась і Таццяна дзіўная пара: ён - як бурлівая плынь, энергічны, эмацыйны, яна, наадварот, - стрыманая, тактоўная. Але разам з тым у іх адносінах ёсць нейкія кранальныя ноткі...

- Мы разам столькі ж, колькі і Лукашэнка пры ўладзе, - смяецца Юрась. - Пазнаёміліся ў Расіі, жылі ў Магілёве, але Таццяна даўно сімпатызуе апазіцыі, я за ёй і пачаў хадзіць на мітынгі, ездзіць у Мінск. Потым яе некалькі разоў звальнялі з працы за нашу актыўнасць. Яна нават узначальвала суполку свабоднага прафсаюзу, тады амаль у кожнай арганізацыі былі такія суполкі. Але ўсё раздушылі. У 2003 годзе мы з’ехалі ў Мінск. Таццяна і я доўга шукалі працу. Не ведаю, ці існуюць нейкія спісы непажаданых работнікаў, але вось у нас столькі год стажу, а працу знайсці не маглі. Калі мяне пасля сутак звальнялі з працы, адзін рабочы ўстаў і сказаў, што не падпіша гэтую паперу, жанчына-супрацоўніца ўстрымалася. Астатнія сядзелі і маўчалі...

- Магчыма, атрымаецца пажыць год-другі спакойна, але аднойчы цябе ўсё закране. Цяпер назіраю скандалы ў мясцовым філіяле банка - патрабуюць ад супрацоўнікаў выдаць ім валютныя зберажэнні, хаця, можа, яшчэ не разумеюць, што вінаватыя ў гэтай няпростай эканамічнай сітуацыі не касіры ў банку, - разважае Таццяна наконт таго, ці варта трымацца актыўнай грамадзянскай пазіцыі. - Думаю, нашы людзі мусяць адукоўвацца. Прыходзіць калега з вышэйшай адукацыяй і гаворыць: «Пашанцавала нам на цароў - Мікалай І, і Пётр І». Пра нейкі падзел улады, прафсаюзы людзі ўвогуле ўяўлення не маюць. Мне падаецца, трэба выдаваць газеты ў коміксах, каб патлумачыць народу простыя ісціны. У народзе пануюць тыповы разважанні на тэму таго, што трэба галасаваць за Лукашэнку, бо ён, маўляў, ведае, куды трэба ездзіць і з кім размаўляць. Вось такія ўяўленні. Але я думаю, што ўсё адно нейкая грамадзянская супольнасць існуе. Хай разграмяць партыі, але заўжды будуць людзі, якія цікавяцца гісторыяй краіны, яе лёсам. Гэтага не адняць.

Магчыма, у Мінску гэта не вельмі заўважна, бо тут не ўсе навідавоку. А ў маленькіх гарадках кожны ведае паднаготную свайго суседа. Напрыклад, начальнік мае заробак больш-менш прыстойны, ён дасць магчымасць свайму падначаленаму нешта прыхапіць. Людзі звыкліся жыць у такой сістэме. Але ёсць разуменне таго, што ў суседніх краінах па многіх паказчыках лепш. Раней падобныя параўнанні выклікалі злосць, цяпер людзі ездзяць за мяжу і ведаюць, па чым там грэчка, алей. Магу сказаць, што ў людзей ёсць страх перад апазіцыяй, бо стварылі ўстойлівы негатыўны вобраз. Хаця і ад гэтай улады ўсе стаміліся.

* * *

На развітанне Юрась расказвае, як адпраўляе жонку часам пагуляць на свежым паветры, як перажывае за яе здароўе. З запалам расказвае пра свае ініцыятывы і грамадскую дзейнасць. «Яна ж мой рухавік, мой стымул. Я многім ёй абавязаны», - прызнаецца мужчына. І ў голасе чуецца спадзеў, што нейкая вышэйшая сіла ўсё ж адумаецца і пакіне іх разам.

P.S.

Таццяне Грачанікавай патрабуецца неадкладнае лячэнне, а сям’і - фінансавая дапамога.

Рэквізіты для пералічэння сродкаў:

Грачанікава Таццяна Анатольеўна
Беларусбанк
філіял 511
аддзяленне 273
рахунак 000 001
9004-Р Дабрачынны рахунак бел. рублі

Новы Час, Тацяна Грачанікава

Previous post Next post
Up