У Бога няма выпадковасцей. Мабыць не выпадкова абвешчаны Папам Год веры супадае ў Касцёле на Палессі з гадавінай вялікіх мучанікаў за веру. 22 студзеня - 70 гадавіна неверагоднай па людскіх мерках мучаніцкай смерці кс. Вітальда Івіцкага, генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі. 16 мая - 75 гадавіна кананізацыі вялікага мучаніка - св. Андрэя Баболі, апостала Палесся.
Яшчэ да нядаўна выраз “Касцёл мучанікаў” гісторыкі адносілі да хрысціянаў першых вякоў. Бо найбольшая колькасць асобаў, якія аддалі сваё жыццё за веру ў Хрыста, жыла менавіта тады - у першыя вякі хрысціянства. Аднак у канцы другога тысячагоддзя Касцёл зноў стаў Касцёлам мучанікаў. Падчас жудасных сусветных войнаў, крывавых рэвалюцый, камуністычных і нацысцкіх рэжымаў за вызнанне Хрыста загінулі мільёны хрысціянаў. Паняцце “мучанік за веру” перастала асацыявацца са старажытнасцю. Яно стала рэальнасцю, горкім знакам нашай сучаснасці.
Яшчэ жывуць людзі, якія сустрэліся ў сваім жыцці з кс. Вітальдам Івіцкім. Некаторыя з іх нават не здагадваліся, што вось гэты святар, які іх хрысціў, падаваў св. Камунію ці спавядаў, стане ў адным шэрагу са святымі мучанікамі - Максімільянам Кольбэ, Андрэем Баболем ці сёстрамі з Навагрудка.
Знешне - звычайны святар, які разам са сваімі паплечнікамі ў Хрыстовым святарстве аддана служыў Богу і людзям, несучы ім дапамогу і суцяшэнне ў няпростыя часы ваенных ліхалеццяў і міжваенных адбудоваў. Напэўна няпроста было служыць каталіцкім святаром у грамадстве, дзе кожныя некалькі гадоў змяняліся палітычныя рэжымы, грамадскія настроі, смяротнымі хвалямі праходзілі сусветныя і лакальныя войны. У крывавым моры пастаяннай зменлівасці непахісна стаяў толькі адзін маяк Хрыстовай веры - святы Касцёл. І святарскім заданнем кс. Івіцкага было дапамагчы вернікам не згубіць святла гэтага маяка - адзінай стабільнай надзеі сярод бурлівых хваляў гісторыі.
Раніца 22 студзеня 1943 г. аб’явілася ўся глыбіня духоўнай моцы кс. Вітальда Івіцкага, калі гітлераўцы павялі яго на расстрэл разам з 38 закладнікамі з Пінска і ваколіц. Можна толькі гадаць - гэта выпадак ці Божы Провід, што пад канвоем нацыстаў святар ішоў мучаніцкім шляхам Андрэя Баболі: з Пінска ў Янаў Палескі? У мястэчку вялікага мучаніка і апостала Палесся кс. Вітальду было наканавана зрабіць лёсавызначальны выбар. У момант, калі святар ужо быў гатовы загінуць, раптам аказалася, што з падрасстрэльнай групы вызваляюць аднаго закладніка. Афіцэр указаў на кс. Івіцкага. Нечаканы дар выратавання ці спакуса? Ратаваць сябе ці бліжняга? Секунды вырашалі, што пераможа: натуральны інстынкт самазахавання ці звышнатуральная ахвярнасць дзеля незнаёмага бліжняга? Здаецца, сам Бог дазволіў выбраць. Кс. Івіцкі выбраў ахвяру мучаніцтва, каб уратаваць жыцці незнаёмай сям’і пінскага чыгуначніка.
“Кроў мучанікаў - гэта засеў хрысціянаў”, - пісаў старажытны хрысціянскі мысліцель Тэртуліян. Мучаніцкая кроў кс. Вітальда Івіцкага выратавала не толькі сям’ю з Пінска. Яна так урадліва арашыла каталіцкую зямлю Беларусі, што ніякія пазнейшыя шаленствы бязбожнікаў не змаглі знішчыць засеенае зерне веры. У адпаведным часе яно пачало даваць багаты плён, засеяны ахвярай вялікага святара.