70 гадоў расстрэлу Аляксандры Ізмайловіч

Sep 11, 2011 23:01





70 гадоў таму, 11 верасьня 1941 г. ў Мядзьведаўскім лесе каля Арла была расстраляна Аляксандра Ізмайловіч, саўдзельніца Пуліхава ў замаху на менскага губэрнатара Курлава, эс.-эрка, аўтарка успамінаў пра менскую турму і эс.-эраўскае падпольле ў Менску 1906 г.
         Аляксандра Ізмайловіч (Измайлович Александра Адольфовна) нарадзілася ў 1878 годзе ў С.-Пецярбургу, яе бацька быў гэнэрал, у пачатку ХХ ст. служыў у Менску (начальнік артылерыі корпусу, у 1904-06 на вайне зь Японіяй). 14 студзеня 1906 г. (ст.ст.) разам зь Іванам Пуліхавам зьдзейсьніла замах на менскага губэрнатара. Пуліхаўская бомба была папярэдне абясшкоджана афіцэрам царскай службы бясьпекі. Ізмайловіч зрабіла 5 стрэлаў з рэвальвэра, у выніку чаго быў прастрэлены каўнер мундура паліцмайстара Д. Норава, а шэраговы З. Патапаў і паштальён Ф. Ганчарык атрымалі лёгкія пашкоджаньні (адсюль), менскі ваенны суд прысудзіў абодвух да сьмерці. Для Ізмайловіч кара сьмерці была заменена на пажыцьцёвую катаргу ў Сыбіры (дзе занялася адукацыяй дзяцей крымінальных катаржанаў). У 1917 вызвалена на загад міністра юстыцыі Кэрэнскага. Пасьля кастрычніка 1917, падчас блёку бальшавікоў зь левымі эсэрамі была кандыдаткай у наркамы СНК ад партыі с.-р. Пасьля разрыву з бальшавікамі, Ізмайловіч крытыкавала савецкую палітыку, асабліва камбеды і чырвоны тэрор, з 1919 была шматразова арыштаваная, з 1923 стала ў ссылцы, у 1937 асуджана да 10 гадоў, утрымлівалася сярод найважнейшых палітвязьняў у Арлоўскім цэнтрале (адсюль).
          6 верасьня 1941 „В связи с военными действиями между СССР и Германией“  Берыя падаў Сталіну „список на 170 заключенных, разновременно осужденных ... [адносна якіх] НКВД СССР считает необходимым применить к ним высшую меру наказания - расстрел“, што было зацьверджана Сталіным і Дзяржаўным Камітэтам Абароны. У выкананьне гэтай пастановы, 11 верасьня 1941 г. ў Мядзьведаўскім лесе каля Арла было расстраляна 157 савецкіх і замежных грамадзянаў (у т.л. кітайцаў, гішпанцаў і інш.), разгляданых НКУС СССР як VIP-палітзьняволеныя: пазасталыя былыя сябры кіраўніцтва патрыі эс.-эраў (Ізмайловіч, Спірыдонава), меньшавікоў, замежныя палітычныя дзеячы, асуджаныя на працэсах 30-х высокія прадстаўнікі савецкай намэнклятуры (як Хрысьціян Ракоўскі), прадстаўнікі іслямскага духавенства і найважнейшыя „жёны врагов народа“ (жонка Каменева (сястра Троцкага), жонка Гамарніка (былы 1-ы сакретар ЦК КП(б) Беларусі, потым начальнік Палітупраўленьня РККА), жонкі савецкіх маршалаў Егорава, Корка, Убарэвіча) і інш. (адсюль).
***
У сваіх успамінах Ізмайловіч шмат піша, зь якой радасьцю чакала яна выкананьня сьмяротнага прысуду ў Менску ў 1906 г., загінуць гэройскай ахвярай за працоўны народ у, маўляў, яркім сьвятле „сонца“ вялікай мэты сацыяльнага перавароту, як „другая Пяроўская“. - Можна толькі здагадвацца, як нявесела павінна было 63-гадовай Ізмайловіч паміраць у верасьні 1941 ў лесе пад Арлом, калі „сонца“ мэты болей даўно не сьвяціла, а наступствы сацыяльнага перавароту былі ўжо надта навідавоку.
***
Ва ўспамінах Ізмайловіч згадвае, што ў эс-эраў быў звычай успамінаць загіблых таварышаў па барацьбе сьпевам старога народніцкага (каля 1870 г.) „рэвалюцыйнага рэквіюму“ - „Вы жертвою пали в борьбе роковой“. Вось гэтая песьня ніжэй. Узьнёлыя словы і мэлёдыя, чыстыя і шчырыя памкненьні. Аднак мабыць „любви беззаветной к народу“ было-бы слушна замяніць на „любви безответной к народу“. - У чым, канешне, ніякай уласнай віны ці заганы саміх народнікаў ці эс-эраў зрэшты няма, яны бо й сапраўды отдали всё, что могли, за него - за жизнь его, честь и свободу.

image Click to view

Našy (sumnyja) jubilei, „žach u čałaviečym sercy“, голоса изъ Россіи, z šyrokaha śvietu

Previous post Next post
Up