Палеанталогія гарадзенскіх касцёлаў

Jun 20, 2015 00:36

Гарадзенскія храмы крыюць шмат таямніцаў.  Хто ведаў, што на падлозе Фарнага і Бернардынскага касцёлаў ляжаць пліты, на якіх бачны скамянелыя ракавіны галаваногіх малюскаў, якія жылі 450 млн год таму?



Архіўныя крыніцы і інвентары касцёла ўзгадваюць аб "шведскім камяні", якім была пакрыта падлога ўнутры касцёла. "Шведскі камень", "шведскі мармур", "lapis sueticus", "шведская падлога" або "вазоўская падлога" - назва папулярнага і вельмі дарагога каменя, які быў распаўсюджаны на нашых землях у XVI - XVIII ст. Патрапіў ён са Скандынаўскага паўвострава, менавіта - са Швецыі, адсюль і такая назва. Гэтым каменем  аздабляліся капліцы, касцёлы, надмагільныя пліты. Характэрнай рысай каменя, які мае асадкавае паходжанне і адносіцца да ардавікскага перыяда, з'яўляецца адсутнасць устойлівага колеру: каменныя пліты маюць шэры і чырвоны колеры. Іншай важнай прыкметай пароды з'яўляецца прысутнасць палеазаалагічных акамянеласцяў, галоўным чынам галаваногіх малюскаў Ortoceras i Endoceras. Гэтыя вымершыя марскія жывёлы мелі конусападобную выцягнутую ракавіну, даўжыня якой дасягала 4 м (!), але ў асноўным не перавышала 30 см. Пры небяспецы малюскі маглі хаваць у ёй галаву і шчупальцы.

У шведскіх каменяломнях пароду калолі на квадратныя кавалкі ад 20 см да 55 см (у залежнасці ад заказу) і паліравалі пры дапамозе цяглавай сілы. Затым гатовы матэрыял транспартаваўся ў порт Гданьска, адкуль развозіўся па ўсёй Еўропе, у тым ліку і ў Гародню. У наш горад камень прыплыў па Нёману на плытах. Галоўнымі заказчыкамі гэтага матэрыялу былі магнаты і каталіцкія ордэны, асабліва цыстэрыяне, бернардыны і езуіты). Сапраўды, у Гародні са "шведскага каменю" выкладзена падлога ў па-езуіцкім і па-бернардынскім касцёлах, магчыма ім былі аздоблены і іншыя храмы, якія не захаваліся да гэтага часу.

Ніжэй прадстаўлены фатаздымкі акамянеласцяў, якія былі зроблены ў Фарным касцёле:























касцёлы, Гародня, скамянеласці, Гродна

Previous post Next post
Up