Вуліца Асіпенкі - напэўна, самая малая вуліца ў Гародні. Тут усяго толькі пяць дамоў. Разам з яшчэ трыма дамамі, што знаходзяцца побач на вул. Чкалава, яны ўваходзяць у абсалютна ўнікальны па еўрапейскім меркам комплекс драўляных дамоў у стылі канструктывізм.
Дамы былі пабудаваны ў сярэдзіне 1930-х гг. для настаўнікаў. За польскім часам гэтыя вуліцы называліся ў гонар трагічна загінуўшых лётчыкаў Жвіркі і Вігулы (пасля вайны вуліцы перайменавалі ў гонар савецкіх лётчыкаў Валерыя Чкалава і Паліны Асіпенкі).
Да нашага часу захавалася восем дамоў. Адзін з іх закінуты і часткова пацярпеў ад пажару. З іншага паступова вясяляюць жыхароў. Усе астатнія паступова перабудоўваюцца або разбураюцца, губляючы сваю аўтэнтыку.