Радзівілы - самы славуты і самы багаты род Вялікага княства Літоўскага. Дакладна ніхто не можа падлічыць, колькі палацаў і рэзідэнцый яны мелі. У адной толькі Гародні яны мелі два палацы: першы - на Рынку, другі - на Занёманскім прадмесці. Месцазнаходжанне другога да гэтага часу дакладна не вядома.
Паводле гісторыка Ю.Гардзеева, палац размяшчаўся на паўднёвым баку Рабяёўскай вуліцы, дзе знаходзіліся зямельныя ўладанні Радзівілаў. Тут, на ўзвышшы, і стаяў палац “мураваны на два паверхі, дахоўкаю крыты”, з афіцынай і кухоннай афіцынкай.
Захаваўся схематычны чарцёж палаца на плане горада 1655 г. Палац, згодна з планам, меў дзве вежы, размешчаныя па супрацьлеглых баках. З паўднёвага боку да будынку прымыкалі пабудовы ў форме літары “П”, у цэнтральнай частцы якіх быў уваход.
На мапе 1706 г. палац прадстаўлены ў выглядзе выцягнутага ўздоўж ракі прамавугольнага будынка і пакрыты высокім чатырохсхільным дахам. Паводле гісторыка А.Кінковіча, палац меў знешнія вежачкі, якія былі на ўзровень паверха вышэй за корпус і накрытыя барочнымі купаламі. Уздоўж фасаду былі вокны, якія размяшчаліся на сямі восях. Палац быў двухпавярховы (па сучасным меркам ён быў трохпавярховы, так як у тыя часы першы паверх называўся “партэр”). Уваход размяшчаўся на цэнтральнай восі.
Каля палаца стаялі дзве афіцыны, відаць, пашкоджаныя пажарам, магчыма падчас Паўночнай вайны (не маюць стрэх, над карпусамі тырчаць коміны). Гэта наводзіць на думку, што яны таксама былі цаглянымі
На мапе 1758 г. палац паказаны прамавугольным у плане будынкам з выступам у бок Нёмана:
Некаторыя даследчыкі лічаць, што на ўзор занёманскага палацу Радзівілы збудавалі падобны палац ў Дзятлаве, будынак якога захаваўся да нашага часу.
Палац Радзівілаў у Дзятлаве. Малюнак Н.Орды
Аб лёсе занёманскага палаца ў літаратуры не сустракаецца ніякай інфармацыі. З асабістага досведу пошуку ў архіве мне вядома, што ў 1810-я гг. сутарэнні палаца выкарыстоўваліся як вайсковы склад. Праўдападобна, рэшткі палацу былі разабраны на цэглу ў 1820-я гг.
Дзе дакладна знаходзіўся палац мы можам даведацца дзякуючы прывязцы да
абарончых валоў часоў Паўночнай вайны. (Цалкам пагаджаюся з версіяй
asnoru, апублікаванай у яго
матэрыяле). На нямецкім арафотаздымку 1941 г. на гэтым месцы пустка.
Падчас будаўніцтва завода карданных валаў падмуркі палаца маглі быць засыпаны тоўстым слоем пяску: падчас узвядзення аднаго з цэхаў была зроблена нівеліроўка грунту. Цалкам верагодна, што яны цудам захаваліся і чакаюць свайго адкрыцця.
Grodno, Zaniemeński pałac Radziwiłłów, Rumiówka, Румлево, Занеманский дворец Радзивиллов, Гродно, Гродна, Гародня, Горадня