Але гэта ня быў фільм...

Feb 01, 2008 23:39

Вася і Федзя вучыліся ў адной клясе. Сябрамі не былі ніколі ды і ўвогуле былі рознымі па поглядах людзьмі. Дакладней, погляды зь іх меў толькі адзін. У дадатак да гэтага Федзя меў пляны на будучыню, прадметы, якія не даваліся, завучваў празь "не магу" і быў адным зь лепшых вучняў. Вася паліў у прыбіральні і публічна пасылаў настаўніцу хіміі на... Увесь школьны стасунак двух хлопцаў можна зьвесьці да гісторыі пра разьбітыя акуляры Федзі, калі на выпускной вечарынцы ён "ня так" паглядзеў на Васіну дзяўчыну. Ніхто не сумняваўся, што Федзя паступіць ва ўнівэрсытэт, Вася ж са складанасьцю прайшоў па конкурсе атэстатаў у ПТВ. Факультэт быў ня зь ліку прэстыжных, але гэта не замінала Федзі захоўваць амплюа "батаніка" і веерна зрываць на іспытах свае "выдатна". Вася са скандалам выляцеў з вучэльні не дачакакаўшыся першае сэсіі. На другім курсе, як казалі нядобразычлівыя знаёмыя, Федзя прыдумаў сабе "мову", нечакана стаўшы даказваць карэнным жыхарам краіны яе існаваньне. Вася праз сваякоў уладкаваўся на завод і безыніцыятыўна тачыў за станком мэталічныя балванкі. Асьпіранта-гуманітарыя Федзю паслалі ў краіну былога сацлягеру на стажыроўкі. Увесь час на замежжы зводзіўся да спрэчак з калегамі з суседніх краін, што яго моцна нэрвавала. Паралельна Васю даюць два гады за наступствы п'янае бойкі са сьлесарам з суседняга цэху. Вярнуўшыся на радзіму Федзя абараняецца і пачынае працаваць у сфэры навукі. Аднак справы ня йшлі, кпіўцы зьдзекваліся, што "нацыя ўпарта не адраджаецца". Усё было ня так, як ён хацеў... Патроху-патроху Федзя пачынае піць. Вася вяртаецца з адсідкі і хутка, праз выпадак, праматаўшы свой дом у прыватным сэктары, застаецца жыць на вуліцы. Федзя п'е і доўгімі перапынкамі не зьяўляецца на працы, якую неўзабаве губляе. У адзін дзень жонка памяняла ў дзьвярах замкі... Доўга жыць у сябра не дазваляла сумленьне, Федзя пайшоў да вакзалу.
Дзьве шэрыя постаці сядзелі ў самым цёмным кутку сталоўкі. На стале "дымілася" небагатая вячэра - пара чэбурэкаў. А пад сталом дрыжачыя рукі налівалі ў шматкроць выкарыстаныя плястыкавыя кубачкі цёплы партвэйн. Такія розныя калісьці і такія аднолькавыя зараз, яны сустрэліся ў першую суботу лютага...
Previous post Next post
Up