Маргінальны і ілюзорны свет гей-супольнасці

Jan 09, 2012 05:47

Мы, сталічныя геі і гей-актывісты, якія акружылі сябе колам прагрэсіўнай і талерантнай моладзі, прасунутымі палітыкамі і праваабаронцамі, вельмі часта становімся такія далёкія ад рэчаіснасці.

Жывучы ў гета гей-клубаў і сваіх офісаў, ап'янёныя алкаголем і гей-гімнамі Глорыі Гейнар мы адмаўляемся памятаць, што за сценамі буяе гамафобная нянавісць і ўжо нават сябры нашых сяброў нас могуць, мякка кажучы, недалюбліваць.

Сядаючы ў таксі ля гей-клуба мы адны, а каля свайго пад'езда выходзім іншымі. Мы вяртаемся з гламурных гей-клубаў, стомленыя адпачынкам і гей-тусоўкай, зусім не памятаючы тых рабят, якіх збіваюць у Шабанах, райцэнтрах, абражаюць у старэйшых класах і тым больш, апускаюць у закрытых мужчынскіх асяродках... А што з тымі маладзёнамі, якія не з буйных гарадоў, хто да гэтага часу сябе лічыць хворым і ненармальным? А калі ў нас заробак хаця бы роўны сярэднебеларускаму, мы пра іх нават не ведаем, і не падуем аб такой праблеме. Бо ў нас клопат - штомесяц стрыгчыся, набываць па адной новай шмотцы і проста рабіць выгляд рэспектабельнага чувака ці чувіхі... Быць геем - гэта рэспектабельна. Пакуль табе не зламалі нос, прынамсі... Мы пачалі думаць, што свет круціцца вакол нас, а Заза Напалі стала сімвалам публічнасці гей-руху.

Мы не ведаем, часцей за ўсё, бацькоў сваіх каханых людзей, бо яны па-просту не ведаюць аб нашым існаванні - нашы каханыя нас старанна хаваюць за небыліцамі аб таемнай сяброўцы.

Часам абудзіць нас можа толькі пабітая скронь прыяцеля, сутрасенне мозгу пасля пацалнку на вуліцы, нападзенне на гей-клуб ці ўласная парваная кашуля...

Дык можа арганізаваць у Мінску гамафобнае пабоішча, каб мы разам знялі ружовыя акуляры і зразумелі сваё месца ў гэтай краіне!? Каб зніклі ілюзіі, што ўсё нармальна!?

Добра жывем, кажаце? А гаспадыня кватэры, якую Вы здымаеце, ведае, што здае яе кампаніі підараў ці лесбіянак? Хацеў бы я пабачыць яе вочы, калі б яна даведалася, што здае кватэру збачэнцам...

У нас ўсё добра ў жыцці? Тады чаму на гей-сайце знаёмстваў мы ставім статус "пра мяне ніхто не ведае" ці "пра мяне ведаюць толькі блізкія сябры"!? Няўжо гэта ад годнага жыцця?

У Мінску гей-дыскатэка амаль на Кастрычніцкай плошчы, а ў тую самую ноч збіваюць гея каля брэсцкай "Планеты Рок". У Мінску гей-дыскатэка амаль каля Дома Урада, праз 50 метраў ад увахода гея збіваюць да сутрасення мозга... Арганізатары Мінскага гей-прайда атрымліваюць пагрозы аб забойстве, прэзідэнт лічыць, што мужчына з мужчынам - гэта ненармальна, буйнейшая беларуская пратэстанцкая царка арганізавала гамафобную кампанію сярод сваіх прыхаджан супраць Гей-прайда... І хлопца забіваюць у Смалявіцкім раёне ў вясковым клубе, бо ён неяк не так выглядаў.

Ведаю сотні людзей, чуў дзясяткі гісторый, вывучыў лад жыцця гомасэксуалаў па ўсёй краіне і зараз магу смела казаць - мы жывем у сваім свеце, маргінальным і ілюзорным, дзе нават сацыяльную старонку гей-актывіста не дадаюць да сяброў, каб не западозрылі...

Добрай раніцы, калегі і прасунутая гей-тусоўка! Плёнага працоўнага тыдня!

ЛГБТ, гамафобія, Беларусь

Previous post Next post
Up