(no subject)

Dec 02, 2008 14:51



Goran Vojnović. ČEFURJI RAUS!

У Славеніі, а канкрэтна ў Любляне, жывуць свае “чуркі” - эканамічныя эмігранты з астатніх краінаў пост-Югаславіі, пераважна з галотнай Босьніі. Яны ствараюць там даволі закрытае культурнае кола, яны слаба сацыялізуюцца, слаба асымілююцца, цывілізацыйна кантрастуюць з славенцамі, занятыя на “горшых” працах, маюць нізкі адукацыйны ўзровень, нечым нагадваюць расейцаў у Эстоніі і Латвіі, туркаў у Нямеччыне, моладзь тыпажна - гапата. Славенцы называюць іх čefurji. ČEFURJI RAUS! - папулярнае графіці на люблянскіх сьценах.

Раман напісаны ад імя 17-гадовага чафура, і паказвае гэтае жыцьцё знутры з усім болем, злосьцю, трагізмам. Напісаны размоўнай славенскай мовай, моцна разбаўленай басьнійскай, перагружанай жаргонам і мацюкамі, прычым часта гэта ўсё так пераплятаецца, што ўжо не разьбярэш дзе якая мова. Так гавораць у Фужынах - такой сабе люблянскай Чыжоўцы...

Тэкст з выгляду просты, насамрэч вельмі глыбокі - фактычна можна ўвесь расьцягнуць на цытаты. Часам канкрэтна рве сэрца. Дачытаў я да канца, і адразу пачаў спачатку...

Аўтар займаецца кіно, яму недзе пад трыццатку, сам “чафур”, жыве ў Славеніі ад 6 гадоў. У нечым тэкст аўтабіяграфічны.

За наводку дзякуй, zlatolaska!
Previous post Next post
Up