Першая частка надрукавана ў “Народнай Волі” 22-га кастрычніка 2019 г. пад рубрыкай “Чалавек і дзяржава”.
Адышла ў безбар’ерны свет …
Я доўга разважаў, ці варта пісаць гэты тэкст, ці пісаць яго пад сваім іменем або выкарыстаць псеўданім. Рэч у тым, што тут размова пойдзе пра смерць блізкага мне чалавека, маёй жонкі, з якой я пражыў разам 57 гадоў. Смерць “маленькага чалавека” сама па сабе не можа быць прадметам публічнага сацыяльнага інтарэсу. Гэта інтымны боль і шчымлівыя ўспаміны пра нябожчыка на ўсё жыццё толькі для яго блізкіх. Асабліва, калі ён доўга хварэў. Ці добра выносіць на людзей свае пакуты? І ўсёж-такі я вырашыў, што гэта варта зрабіць: можа, гэта дапаможа іншым такім жа хворым і зменшыць гора іх блізкіх. Спадзяюся, што гэтыя мае нататкі прачытаюць і будучыя дэпутаты беларускага парламента, якія, нарэшце, зразумеюць, што трэба кантраляваць дзяржаўныя выдаткі, якія аплочваем мы, падаткаплацельшчыкі. Я не крыўдую на дактароў: яны мужныя, добрыя людзі, што знаходзяць сілы працаваць у сістэме, якую ім стварыла дзяржава. Ці не засланяе нам імкненне да дзяржаўнай велічы і пампезнасці пакуты маленькага чалавека, які папаў у бяду? Ці ў той бок мы ідзем?
Мы, народжаныя за 2-3 гады да пачатку саракавых мінулага стагоддзя, хаця і маем пра тую вялікую вайну, якую афіцыйна называем Вялікай Айчыннай, даволі цьмяныя ўспаміны, аднак як фізічныя істоты мы - дзеці вайны. У 45-м мы былі ўжо дзеткамі дашкольнага ўзросту, аднак мы былі маларослыя, вузкагрудыя, з тонкімі шыйкамі, што вытыркалі з пацёртых каўняроў кашуль, як сцяблінкі засохлых кветак з глінянага гарлачыка. Калі нас пасля вайны “ставили на наружный вид” для вызначэння ўзросту пры адсутнасці дакументаў, шмат каго маладзілі на год, а то і на два. Бамбёжкі, страляніна, уцёкі, бадзянне па лясах ды пасляваенны голад зрабілі сваю справу. Мы хварэлі, як тады казалі, на чахотку, рахіт, прыпадкі, язву страўніка, запаленне касцявых скляпенняў… Савецкая ўлада, што б мы цяпер пра яе ні гаварылі, час ад часу заўважала нас: шматдзетным сем’ям давалі пасільную дапамогу ад міжнароднага Чырвонага крыжа, пасылалі на ”дзіцячыя аздараўленчыя пляцоўкі”, у “лясныя школы”. Тых, каму сёння за 80 і хто з 40-х гадоў нясе ў сабе тыя балячкі, я б выдзеліў у асобную сацыяльную групу - дзеці вайны. Пра гэта магла б быць асобая гаворка.
Пры гэтым мы выраслі рамантыкамі, кахалі шчыра, ствараючы сям’ю. Мы не пыталіся любага чалавека пра здароўе ці спадчынныя захворванні бацькоў. Усё жыццё выжывалі і хварэлі разам, не кідалі адно аднаго ў цяжкія дні. Праз хваробы аазісаў шчасця было ня так і шмат.
Народжаная да вайны ў Маскве, мая жонка ў 4-гадовым узросце ў час эвакуацыі папала пад бамбёжку, апынулася пасля вайны ў Гомелі, куды бацька быў накіраваны пасля фронту на адбудову станкабудаўнічага заводу. Пачаліся праблемы са здароўем: кашмары не давалі спаць, мучылі галаўныя болі, ужо школьніцай часта траціла прытомнасць, раз-пораз аднімаліся ногі … І дарослае жыццё не было салодкім.
Смерць падчас балю на пажарышчы
Апошнія 6-7 гадоў яна ўжо з цяжкасцю ўставала, мала сядзела, больш ляжала: адказалі ногі, падкасілі неўрапатычныя болі, невыносна балела скура, наступала кантрактура суставаў, месцамі з’яўлялліся пролежні. Адыходзіла яна ў лепшы свет у спякотныя летнія дні, калі вакол гудзелі бясконцыя святочныя ўрачыстасці: еўрапейскія спартыўныя гульні, Дзень незалежнасці 3 ліпеня з вайсковым парадам (у нас пад балконам грукаталі танкі), Славянскі базар у Віцебску … Ішла гучная медыякампанія пра бітву за ўраджай -2019. Потым была спартыўная “збербанкіяда”, падчас якой Герман Грэф паабяцаў нашаму кіраўніку дзяржавы пабудаваць у падарунак светлавы фантан у цэнтры Мінску … Было аб’яўлена пра планаваную рэканструкцыю помніка Перамогі. Потым праводзіўся адзіны алімпійскі дзень. Потым СМІ радасна паведамлялі, што кітайцы паабяцалі нам пабудаваць сучасны футбольны стадыён і плавальны басейн сусветнага узроўню. Потым была урачыстасць ўсясветнага маштабу - беларускі палітыкум на чале з кіраўніком дзяржавы сабраў у Мінску, які прэтэндуе стаць Хельсінкі-2, канферэнцыю па кібербяспецы супраць святовага тэрарызму. Потым пачалося святочнае чаканне і падрыхтоўка да “матча стагоддзя” у Мінску - лёгкаатлетычных спаборніцтваў Еўропа - ЗША … Грымела тысячагоддзе Брэста. Медыі штодня нагадвалі пра хуткае свята горада Мінска. Агучваліся дзяржаўныя мроі пра Мінск як сталіцу будучых чэмпіянатаў свету і нават Алімпійскіх гульняў …
Апошнія сведчанні дзяржаўнай велічы я ўжо слухаў адзін, радуючыся за сваю спадарожніцу жыцця, што адышла ў безбар’ерны свет, дзе не будзе ні лесвічных прыступак, ні бетонных бардзюраў, ні праблемаў з выклікам дактароў, ні аплатай інваліднага таксі па дарозе дадому пры выпісцы з бальніцы, ні пошукаў дарагіх імпартных лекаў …
Чаму я гавару пра баль на пажарышчы? Сёння ўжо з дзяржаўных крыніц вядома, што кожны жыхар Беларусі вінны замежным крэдыторам больш за тысячу долараў. Называюцца лічбы і ў разы большыя. Я не чытаў ні парламенцкіх справаздач, ні дакладных дзяржаўных статыстычных дадзеных пра тое, коштам якіх затрат ўсе гэтыя дзяржаўныя публічныя юбілеі ды святы ладзяцца. Дзе дзяржава зарабляе, а дзе траціць? Калі нешта фінансуецца спонсарамі, то ці ўсё гэта першараднае? Спонсараў жа можна заахвоціць ствараць фонды, напрыклад, для падвышэння аплаты дактароў у дзяржаўных клініках і бальніцах, распрацоўкі праектаў недарагіх серыйных пад’ёмнікаў у пад’ездах і ванных пакоях для інвалідаў. А колькі каштуюць шматлікія рэзідэнцыі ды гасцявыя дамкі, раскіданыя па ўсёй краіне? Усё гэта пакрыта тайнай, як тая арэнда лагойскіх лясных абшараў на 99 гадоў Арабскімі Эміратамі. Хто пасярэднікі ўсяго гэтага?
Дзяржаўныя СМІ тыражуюць вымучаныя інтэрв’ю з дробнымі міжнароднымі клеркамі, якіх паслухмяныя дзяржаўныя журналісты штурхаюць рытарычнымі пытаннямі на хвалебныя кампліменты на адрас беларускага кіраўніцтва. Нават у “братніх” расійскіх СМІ, не гаворачы ўжо пра заходнія, нашы “эпахальныя” спартыўныя высілкі ды “маштабныя міжнародныя ініцыятывы” знаходзяць вельмі сціплы розгалас.
Марнае ліставанне з дзяржавай
Акрамя непазбежных выдаткаў на лекі ў хворых з дэфектамі апорна-рухальнага апарату, як правіла, ёсць праблемы з сэрцам, узроўнем глюкозы ў крыві, крывяным ціскам, кровазваротам, неўралагічнымі болямі і да т. п. Жыццё ўскладняецца яшчэ немагчымасцю выйсці з кватэрнай ізаляцыі, падыхаць свежым паветрам, з’ездзіць на працэдуры ў паліклініку ці да прыватнага доктара, не страціць сацыяльную арыентацыю, не ператварыцца ў чалавекападобную расліну.
На працягу 14 месяцаў я вёў перапіску з ЖКГ і адміністрацыяй Цэнтральнага раёна г. Мінска пра магчымасць усталявання пандуса ці пад’ёмнка ў пад’ездзе. Падчас выязнога прыёму ў кіраўніка адміністрацыі раёна я нават прапаноўваў аплаціць уласным коштам частку выдаткаў. Даю храналогію падзей:
5. 05. 2018 г. Мой зварот у “Тэрытарыяльны цэнтр абслугоўвання насельніцтва Цэнтральнага р-на г. Мінска”.
12.06. Зварот ТЦ СОН Цэнтральнага р-на г. Мінска ў ЖКГ Цэнтральнага раёна.
21. 06. Адказ ЖКГ ЦР на адрас ТЦ СОН і на адрас інваліда: “Включение в Городскую программу … работ по устройству пандуса и поручня внутри подъезда … для инвалида 1-й группы … не представляется возможным в связи с большим углом уклона ступеней , что противоречит требованиям СТБ2030-2010. … В данной ситуации могут быть выполнены работы по устройству подъёмной платформы внутри подъезда. … При формировании плана мероприятий …на 2019 г. просьба инвалида 1-й группы … будет учтена”. Подпіс: ИО замдиректора О. С Лапша.
На гэты ліст я даслаў электронны зварот з просьбай удакладніць тэрміны прыняцця афіцыйнага рашэння ЖКГ і абследвання тэхнічных умоў у пад’ездзе для фармулёўкі тэхзадання падрадчыку.
11. 08. 2018 г. Сустрэча з кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага р-на г. Мінска Пятрушам Дз. В. на выязным асабістым прыёме грамадзян у ЖУ №4 у прысутнасці начальніка ЖКГ сп. Собаля .
13. 08. 2018 г. Адказ кіраўніка справамі адміністацыі Цэнтральнага р-на г. Мінска В.А. Перадні: “… Работы по устройству под’ёмной платформы в указанном под’езде учтены”.
25. 08. 2018 г. Прамая тэлефонная лінія з кіраўніком спраў адміністацыі Цэнтральнага р-на. Я зноў прашу удакладніць тэрміны работ.
27. 08. 2018 г. Пісьмовы адказ намесніка кіраўніка адміністрацыі Канаплёва В. Н. без указання тэрмінаў. З фармулёўкай : “ … В настоящее время … формируется потребность в финансировании и план мероприятий Государственной программы по созданию безбарьерной среды жизнедеятельности физически ослабленных лиц на 2019 г. , в котором работы по устройству подъемной платформы учтены»
29.08. 2018 г. Кіраўнік адміністрацыі Пятруша Дз. В. дасылае пісьмовы адказ на маё імя пасля “выездного приема граждан главой администрации Центрального р-на г. Минска», у якім без указання тэрмінаў пацвярждаецца, што “работы по устройству подъемной платформы в указанном подъезде учтены”.
Верасень 2018 г. У сувязі з пагаршэннем стану ўласнага здароўя (адкрылася венознае кровацячэнне ў ніжніх канечнасцях) і кароткачасовай шпіталізацыяй звяртаюся з настойлівай просьбай ў адміністрацыю ЦР паведаміць нарэшце дакладна тэрміны ўсталявання пад’ёмніка.
05.03. 2019 г. Ліст з адміністрацыі ЦР г. Мінска пра тэрміны (на беларускай мове!):
“У цяперашні час падрыхтавана рашэнне адміністрацыі Цэнтральнага р-на г. Мінска “Аб дазволе правядзення праектна-пошукавых і выканання і будаўніча-мантажных прац”, у якім улічаны аб’ект “Прылада пад’ёмнай платформы ўнутры пад’езда “… (даецца адрас). Далей у лісце тлумачылася: “Ва ўмовах, якія склаліся на практыцы, будаўнічыя работы ў аналагічных выпадках прыпадаюць на IV квартал. Дадзеная практыка звязана з неабходнасцю працэдуры закупкі па выбары падраднай арганізацыі на выкананне праектна-каштарыснай дакументацыі па аб’екце, узгаднення яе з усімі зацікаўленымі ведамствамі, праходжання дзяржаўнай экспертызы. Пасля атрымання праектнай дакументацыі праводзіцца працэдура закупкі па выбары падраднай арганізацыі на выкананне будаўніча-мантажных работ… Тым не менш, адміністрацыяй Цэнтральнага раёна г. Мінска будуць прымацца ўсе залежныя ад яе структурных падраздзяленняў меры для паскарэння рашэння дадзенага пытання. Просім паставіцца з цярпеннем і разуменнем да існуючага парадку па стварэнні безбар’ернага асяроддзя … “ І напамінак у апошнім абзацы, што я магу абскардзіць адказ ва ўстаноўленым парадку.
Ці то беларуская мова, ці то мая настойлівасць, як бачна, вымусілі канкрэтызаваць тэрміны ды трошкі змякчылі тон адказу. Аднак уявіце сабе, колькі этапаў яшчэ павінна быць пройдзена. Пакуль што прынята рашэнне аб дазволе правядзення! Тэндэры, выбар арганізацыі па распрацоўцы каштарыснай дакументацыі, выбар падрадчыка, закупка матэрыялу, тэхнічная экспертыза. Усё яшчэ наперадзе! А колькі тых зацікаўленых арганізацыяў, з якімі ўсё гэта трэба ўзгадняць?
Трэба толькі захацець
Ці ж не можна прыдумаць нейкую стандартную тыпалогію? Вось ездзіць кіраўнік дзяржавы на жывёлагадоўчыя комплексы, на фабрыку музычных інструментаў, на льнокамбінат, марыць наладзіць айчынныя майстэрні, дзе будуць вырабляць пластыкавыя лыжы. Няхай бы высокі чыноўнік з профільнага міністэрства з’ездзіў адзін раз у Мінску ў РУП “Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр” (Адоеўскага 10а), дзе вырабляюцца і рамантуюцца вазкі для інвалідаў ды праектуецца іншае рознае начынне для асобаў з аслабленым здароўем. Можна даручыць аддзелу галоўнага канструктара (ёсць там такое падраздзяленне) распрацаваць гатовы модуль пад’ёмніка для пэўнага тыпу дома. У нашым выпадку - высокі першы паверх дома з сямю прыступкамі і ліфтам, з такімі й такімі габарытамі пляцоўкі справа і злева, з такой і такой шырынёй лесвіцы. Падобных дамоў забудовы пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў Мінску нямала. Філіялы артапедычнага цэнтра ёсць у кожным абласным цэнтры. Там свае тыпы дамоў. Пераменнай велічынёй застаецца шырыня вазка і прыблізная вагавая нагрузка на платформу. Матэрыялы могуць быць тыпавыя на кожны элемент пад’ёмніка. Фінансаванне трэба рабіць цэнтралізаванае, а не раскладаць па раёнах. Тут жа выпадковыя велічыні: прырода не размяркоўвае інвалідаў па раёнах. Тады спрасціцца працэдура: дзяржаўны падрадчык, дзяржаўная закупка. Выпадзе “раённае звяно”: атрымаў чалавек 1-ю групу інваліднасці паводле дэфектаў апорна-рухальнага апарату, адразу ідзе заяўка да дзяржаўнага падрадчыка-будаўніка на пэўны тып пад’ёмніка з некаторымі ўдакладненнямі. Пад’ёмнік з платформай - не танная рэч. Чым гадамі чакаць і не дачакацца, інваліды былі б рады атрымаць у арэнду ці за ўмераную плату просценькі ланцугова-шнэкавы апарат або прыстасаванне з дзвюма злучанымі тэлескапічнымі шынамі , па якіх вазок будзе рухацца пры дапамозе механічнага паліспаста. Тут толькі трэба дазвол домакіраўніцтва на ўсталявання ў сцяне на першым высокім паверху надзейнага кручкападобнага зачэпа. Пасля з’ёзду і пад’ёму шыны прыбіраюцца. Усё гэта даўно вядома. У інтэрнэце ёсць розныя варыянты ад прыватных фірм. Наколькі я ведаю, нямецкія спецыялісты з Дортмунда прапаноўвалі беларускаму боку на гэты конт свае рэкамендацыі шмат гадоў таму.
Мукі з інвалідным вазком айчыннай вытворчасці
Інвалідам 1-й групы з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата вазкі даюцца бесплатна. Праз недахоп сродкаў яны ж выкарыстоўваюцца і на вуліцы. Кожны карыстальнік інваліднага вазка можа даць парады нашым канструктарам, што скапіявалі апарат (я гавару пра той, што дастаўся нам) з кітайскага, як яго удасканаліць. Трэба абавязкова падоўжыць ручкі сантыметраў на 8-10. Ва ўмовах нашых гарадоў, дзе на кожным кроку прыходзіцца пераадольваць бардзюры, патрэбны большы рычаг для пад’ёма пярэдняй часткі з маленькімі калёсікамі, якія круцяцца вакол восяў на 360 градусаў. Там, дзе ў пад’ездах няма ні пандусаў, ні пад’ёмнікаў, інвалідам трэба даваць вазкі з графітавымі шынамі для вялікіх колаў, бо з гумовых выціскаецца паветра пасля спуску па прыступках без апоры на маленькія пярэднія. Дарэчы: маленькія можна “арыштаваць” з дапамогай металічнага ці пластмасавага вугольнічка, каб яны круціліся толькі паралельна вялікім. Тады можна будзе пры спусках абапірацца і на іх, маючы наперадзе вялікія графітавыя колы. Да кожнага вазка павінны быць прадугледжаны тры адпаведныя ключы для падцяжкі гаек перад выездам (іх не даюць), што прадугледжана інструкцыяй. На корпусе спінкі вазка для ключоў і насоса павінны быць прадугледжаны спецыяльныя кішэні. Насосы даюць кітайскія, закупленыя ў Расіі. Яны яўна кантрафактныя, бо не ганяюць паветра нават пры халастым рэжыме. Нам прывезлі дамоў (!) спраўны насос пасля маіх некалькіх званкоў на кабінат з просьбай паведаміць, якая фірма праводзіць аптовыя закупкі насосаў у расійскага пасярэдніка. Я паабяцаў паскардзіцца ў наш следчы камітэт. Вазкі даюць толькі пакаёвыя. Тыя, што для вуліцы вельмі дарагія. Выціранне колаў пасля бруднай вуліцы - для нас ужо дробязь. У пакаёвым вазку паміж заднімі коламі прадугледжаны два супрацьперакульвальныя кранштэйны, калі інвалід рухаецца задні ходам. Пры кожным выездзе на вуліцу загнутыя наканечнікі прыходзіцца знімаць, бо інакш той, хто коціць вазок, будзе біцца аб яго наскамі чаравікаў і вымушаны будзе ісці скорчыўшыся. Пра гэта, дарэчы ў інструкцыі не ўзгадваецца, бо вазок пакаёвы. Прывязны пояс з штучнай тканіны мацуецца па краях металічнай шпількай з невялікай галоўкай. Канструкцыя вельмі ненадзейная, бо пры нагрузках тканіна вакол галоўкі разбураецца. Шырыня дзьвярэй у ванных пакоях і туалетах у нашых тыпавых дамах мінулых гадоў складае не больш за 60 см. Наш вазок меў невялікія знешнія габарыты, амаль як дзіцячы, - 57 см. А што ж рабіць хвораму з вазком большых памераў? Пра пад’ёмнікі для спуску хворых у ванным пакоі пад душ я ўжо маўчу. Тут трэба шмат думаць, каб сканструяваць адносна недарагое прыстасаванне, якое па кішэні нашай дзяржаве. Людзі прыдумляюць самі паваротную пляцоўку з крэслам (спінка нахілена градусаў на 120), што мацуецца на папярочнай дошцы над ваннай. Гэта канструкцыя нагадвае рухомую платформачку пад тэлевзар на журнальным століку савецкага часу.
(
працяг)
( пачатак,
працяг,
працяг 2-я частка,
постскрыптум)