Дзьве душы: Русскій мір і Беларускі сьвет у слове

Nov 05, 2014 00:17


                                                                                              Частка І
Литвин и мертвый дзекнет...
Литвин не доспавши сено косит
Литвин, как линь.
Биться, как с Литвой (зло и упорно) ...
(Владимир Даль. Пословицы русского народа, в 2-х томах)

Бульба дробная, як у маскаля
Маскаль зачаў ляды, ды ня даў рады
Гуляй, пакуль маскаль не прыйшоў
Татка, чорт у хату лезе! - Дармо, сынку, абы не маскаль ...
І на чужы Сьвяты не кідай у ніты
(беларускія прыгаворкі)
  Гэты тэкст - вельмі пэрсанальны, таму аўтар у сваіх назіраньнях пазьбягае формы pluralis auctoris зь дзейнікам “мы” ды іншых безасабова-абагульняльных прыёмаў кшталту “традыцыйна лічыцца, што ...”. Форма выкладу ў форме 1-й асобы падкрэсьлівае і магчымасьць таго, што некаму напісанае падасца некарэктным ці нават недарэчным. Гэта заўвага для тых, хто жыве ў каардынатах “рускага сьвету”.
Я зьбіраюся паразважаць пра тое, як у мове у сэмантыцы асобных словаў, у словазлучэньнях, сказах (прымаўках, прыбабуньках), песьнях, гімнах, ваярскіх маршах, тэкстах (у мадэрным разуменьні) можа адлюстравацца культурная антрапалёгія народу, што можна прыблізна назваць нацыянальным кодам.

Асобнае слова (ілюстрацыі-прыклады)

Расейскае “преступнік” і наша “злачынец”. У цяперашнім расейскім афіцыйным тэрміне “преступление” праглядаецца празрыста больш фармальны сэнс - перакрочваньне лініі літары закону, нешта блізкае да нямецкага Verbrechen. Актор гэтага дзеяньня і ёсьць “преступник”. У нас такога чалавека называюць “злачынец”, -- той, хто чыніць зло. У нашым тэрміне акрамя фармальна-юрыдычнай даецца і маральная ацэнка, нешта блізкае да двучлена Дастаеўскага.
“Лихой парень”. У сучасных расейскіх “тэкстах” панятак дабра і зла набывае выразна рэлятывісцкі характар: праўда, дабро, зло, парушэньне закону, мэтазгоднасьць, канцавы вынік ператвараюцца ў кантыніум безь берагоў. У папулярным сэрыяле “Брыгада” “лихой парень», сімпатычны герой Саша Белый, у мінулым - круты без сантымэнтаў бізнэсмэн, “по-русскі” справядлівы, з сваім разуменьнем дабра і зла (як, дарэчы, і галоўны герой фільма “Брат”), балатуючыся ў Дзярждуму ў рэклямным роліку фармулюе крэда новага “рускага міру”(цытую па памяці): “Да, я нарушал закон, нарушал его крепко, я не щадил своих конкурентов, но я построил два храма от фундамента до купала ...”. З гэтага ж клону і “станоўчы”, галоўны герой “Брата” і “Брата -2”. Помсьцячы за падманутага земляка-хакеіста, якога абакраў амерыканскі мэнэджэр, расейскі рэмба-праведнік з самаробнай бярданкі косіць шараговых амэрыканцаў ды кажа: “Мы рускія, за намі праўда”. Расейскія публічныя асобы, аналізуючы крымінальныя эканамічныя рэформы пачатку 90-х гадоў, гавораць: “В лихие девяностые ...”.
Наш Леў Сапега, прэзэнтуючы Статут 1588 г. падкрэсьліваў: “Мы напісалі гэты статут, каб не было ліхасьці”.

“Иван Грозный» -- “Іван Жахлівы”. Расейскае “Іван Грозны” знаходзіцца ў “цярпімым” полі, -- суворы, але неабходны, мэтазгодны. У мастацкім асацыятыўным полі - нешта зусім белае і пушыстае: “Уж больно ты грозен, как я погляжу!” (Некрасаў, “Мужичок с ноготок») або: “Не ругай меня, мамаша, не ругай так грозно / Ты была сама такая, приходила поздно” (из шаловливой песни). Гадоў 30 таму мы яшчэ не ўжывалі выраз “Іван Жахлівы”, як гэта рабілі эўрапэйцы увесь час: Iwan der Schreckliche, Ivan the Terrible, Ivan le Terrible ... Мне здаецца, што я быў першы, хто ўвёў у наш час ў зварот выраз “Іван Жахлівы”, калі напісаў адмысловы нарыс пра Івана Грознага для часопіса “Беларусь” у 80-х гадах. Там я, разглядаючы выпадкі эўрапэйскіх “перакладаў” уласных імёнаў, разважаў і пра норавы. Часопіс той у мяне згубіўся. Помніцца, я разважаў, што калі б зь беларускім шляхціцам эпохі ВКЛ абышліся так, як Іван Жахлівы/Грозны трактаваў сваіх баяраў, то шляхціц-літвін, пэўна б, застрэліўся ці засіліўся б якім іншым чынам. Галоўным рэдактарам часопіса быў тады Аляксандар Шабалін. Уладзімір Арлоў тады яшчэ ўжываў расейскі варыянт. Першы раз я сустрэў выраз Iwan der Screckliche ў 1956 годзе ў нямецкім размоўніку, калі вычыўся ў 8-й клясе Мн СВУ. Зьдзівіла і штурханула да роздуму. Вось вам і ўплыў замежных моваў на фармаваньне асобы.
Далей яшчэ будзе гаворка пра сэмантыку асобных словаў ды іх сувязь з навакольным асяродзьдзем.

Мастацки тэкст: “рускі” сьвет у Максіма Гарэцкага

Словазлучэньне “Дзьве душы” ў кантэксьце задуманых разважаньняў навеялася мне, натуральна, ў першую чаргу аднайменнай назваю аповесьці Маскіма Гарэцкага і ягонага ж кароткага апавяданьня “Рускі”.( З другога боку, хацелася б нам таго ці не, у кожным з нас, сучасных беларусаў, жыве частка расейскай душы). У аповесьці маладзіца, якую ўзялі “за мамку” для панскага дзіцёнка, “трохмесячнага першачка Ігналіка (амаль аднадзёньнічка зь ейным сынам Васільком”), асірацелага пасьля разбойнага нападу на ягоных бацькоў, “паноў сярэдняга багацьця” Абдзіраловічаў, падмяняе свайго сыночка на панскага, каб зрабіць яго багатым і шчасьлівым. Для мяне асабіста гэта, акрамя традыцыйнай інтэрпрэтацыі твора, - трагічная спачувальная алегорыя самаадмаўленьня дзеля прывіднага шчасьця, пра што дасьледчыкі мала гавораць.

У апавяданьні “Рускі” жыхар Магілёўскай губерні (“рускі”) у час “імперыялістычнай вайны” як салдат расейскай арміі, у перапынку паміж “кантактнымі” атакамі, сустракае на бульбянішчы “аўстрыяка” (селянін з Заходняй Украіны), які, як і ён, выкалупвае зь зямлі пехацінскай рыдлёвачкай бульбу. Абодва зьлякнуліся, аднак потым супакоіліся, прыселі, выпілі па кроплі аўстрыякавай гарэлкі, пакурылі рускай махоркі ды разышліся. Магілёўскаму селяніну спакваля упоўз у голаў вайсковы маскальскі чарвяк, ён павярнуўся і стрэліў. Цытата: “Калі Рускі падбег і нахіліўся над яго (аўстрыякавай - П.С) чубатаю шапачкаю і даўна падстрыганымі вусамі, дык у цямноце мала чаго ўбачыў, але пачуў, як ён яшчэ дадаў, гаворачы быццам аб нейкім трэцім: “ Што ж цій москаль наробыв... Застанэцца моя жынка і діты...”. ”Рускі” вярнуўся ў сваю роту. І звар’яцеў. Раз-пораз ён кідаецца на зямлю, б’ецца ў канвульсіях і крычыць: “Я рускі, рускі, рускі!”.
Думаючы пра сёньняшнюю расейска-украінскую вайну і герояў Максіма Гарэцкага, я ўзгадваю 1953 год, калі мяне, бязбацькавіча (бацька загінуў у партызанах) накіравалі ў Мінскую сувораўскую вучэльню, дзе я прайшоў страявым крокам 13 парадаў (перад кожным месяц трэніроўкі на плацу), вывучаў 63 пераможныя паходы Суворава, а пасьля “вячэрняй паверкі” штовечар пячатаў крок пад сьпевы “Юнкерскага маршу”: «Взвейтесь. соколы, орлами, / Полно горе горевать / Толи дело под шатрами / В поле лагерем стоять ...”. Я рыхтаваўся стаць “рускім”. Першай заўпарцілася мая родная мова. Яна была тады ня проста “сродкам зносінаў”, але заставалася зьнітаваная з эмацыйным станам 13-гадовага чалавечка.

Мова і прастора: “гарлачыкі” і “кувшинки»

Ліцьвіны-беларусы майго ўзросту, якім зараз паміж 70 і 80, уяўляюць сабой своеасаблівых “апошніх з магіканаў” [1], што яшчэ пасьпелі пражыць першыя 15-20 гадоў адмеранага ім веку ў натуральным бацькоўскім сьвеце. І ў гарадах, і ў вёсках дзеці яшчэ маглі засынаць пад родныя калыханкі, чуць нашы вясельныя песьні, скакаць цераз купальскі агонь на сапраўдным, а не на пастаўленым Купальлі, адчуць ціхую і сьветлую ўрачыстасьць слова “Сьвята” . Потым прыйшоў “празьнік”...
Наша Буцькаўшчына , вёска, дзе я нарадзіўся, не была вельмі набожная.. Але ж на на Сьвята (Каляды, Вялікдзень, Тройца, Дзяды) дома была ня толькі асаблівая ежа, але была ціхая радасць, усё чыста вымыта, ніхто не сварыўся, больш шчодра давалі міласьціну таму, хто хадзіў па беднасьці.
Змалку я быў вельмі чуйны - можа, нават чульлівы - да слова. Гэта, пэўна ад маці. У побыце, на ўроках мовы й літаратуры ў Сувораўскай вучэльні я пачуваўся, як арак, якога выцягнулі з-пад карча. У вясковай школе я таксама разумеў ня ўсе словы ў расейскіх падручніках, але гэта не выклікала негатыўных эмоцый. А тут раптам, калі ўсё стала па-расейску, і трэба было старацца гаварыць па-гарадзкому, усё маё нутро пачало супраціў. Чытаю ў падручніку: “Тёма влез на дерево” (“Чаму ня ўзьлез? Як ён туды галавой, як у мех, тачыўся? “) . “Повозка поднимается в гору?” - Чаму не пад гару? “Салазки катятся под гору” - Чаму не з гары? “Оденьте палки!”,-- камандуе вусаты фізрук. - Чаму не “вазьміце кійкі?”. Палкі ў нас вунь за паветкай ляжалі. “Брат нарвал щавеля на щи” - гэта сказ з параграфу пра “шипящие согласные”. Не разумею, што такое “щи”, да таго ж - як гэта можна рваць шчаўе. Яго ж збіраюць. Калі рваць, яно будзе з травой. Тады сядзі ды гадзіну перабірай. Можа, гэты брат званітаваў, яго вырвала шчаўем на нейкае “шчы”. Можа на тое, чым ён пасюкаў?
Гэта не цяперашняя дарослая прыдумка. Тады, шэсцьдзесят гадоў таму, як і дома, дзе слова нараджалася на маіх вачах, я працягваў яго ня толькі прачытваць, але і “бачыць”. Гэдак, як і шчавель, мы грыбы зьбіралі: бралі з сабой ножык, зразалі грыб “на пні” і клалі ў кошык. Расейскі хлопчык “Тёма” з “Родной речи” (падручнік па расейскай мове) набрал полную корзину грибов. Як бульбы! Якая там грыбніца! Іншы лірычны герой (з “Родной литературы”) наломал букет сирени. У нас у Будзькаўшчыне бэз рос ў дагледжаных гародчыках, якія часам называлі палісаднікамі. Галінкі акураненька зразалі нажніцамі ці ножыкам. Нават на пасьляваенных хацішчах, дзе засталіся “нічыйныя” кусты бэзу, як бы саромячыся колішніх гаспадароў-пагарэльцаў, наш тутэйшы хлопец-кавалер ашчадна абыходзіўся з бэзавымі галінкамі, каб зрабіць букет для сваёй “дзеўкі” (такая форма не была ў нас абразьлівай), калі будзе “падводзіць” яе зь вечарынкі-бяседы. За рэчкай жылі зарачане, прысланая з Расеі абслуга для вайсковага гарадка, які атабарыўся ў былым панскім маёнтку. Расейскамоўныя мужчыны -- цывільныя і вайскоўцы -- выцягвалі сукаватымі хварасьцінамі з рэчкі гарлачыкі (па-іхняму - кувшинки) і падносілі іх сваім укормленым дамам, каб тыя плялі зь іх вянкі на галаву або вешалі на свае кароткія шыі ланцугі з колісь яшчэ жывых гарлачыкаў. З таго часу гарлачыкі больш ужо не расьлі ў нашай безымяннай рацэ.
 “Рускі сьвет” адчыняўся для мяне паступова перш за ўсё праз мову і простыя побытавыя дэталі. Так, мыючыся ў лазьні на “рускай поўначы” ў Каргапалі (падчас турпаездкі на Салаўкі), я прыйшоў з сваім бярозавым венікам, “па-буцькаўску” акуратненька зьвязаўшы дзьве жмені тоненькіх галінак крыж-накрыж бліжэй да лісьця і сьціснуўшы камлі, перавязаў іх другі раз тугім шнурочкам. Потым гладзенька абрэзаў. Каргапальскія хлопцы венікі таксама ламалі, як тую “сирень”, потым прыхоплівалі абы-якім вязьмом бярозавыя дубцы ўсяго адзін раз, таму калючыя канцы веніка растапырваліся, як індычыныя хвасты. Хвастаючыся такім уруччам, дзецюкі дзірапалі адзін аднаму бакі ды мацярылі гарадзкія ўлады, што тыя пабудавалі цесную лазьню. У “моечной” паміж заходамі ў парылку адзін дзядзька ўгледзеў нетутэйшую канструкцыю майго веніка, і хутка ўжо каргапальскія мужыкі разглядалі яго, як колісь “пры саветах” прыпаркаваны Мэрсэдэс. Даведаўшыся, што я зь Менску, адрэагавалі амаль далеўскай прымаўкай: “Литвин-куркуль не доспавши сено косит!”. У вестыбюлі лазьні вісела аб’ява (даслоўна): “Во избежание потери веника просьба забирать выходя в буфет”. Гэтая далікатная аб’ява нагадвала, што ў “моечной” венік могуць скрасьці. Праўда, на дзявярах буфета вісела таблічка: “С веником не входить!”. Умом Россию не понять... У таго ж Даля, дзе гаворыцца, што злодзеі бываюць дурнавата-хцівыя і разумныя, чытаем: “Хороший вор возле себя не гребёт”. А тут грэблі.
 Набраў, наламаў, нарваў, украў... Неяк усё похапкам, бягом, на жывую нітку. Наламаў дроў, зачаў ляды ды ня даў рады ... Гэта нашы беларускія выразы, што характарызуюць гаспадара, які жыве ў аднапавярховай недабудаванай хаце зь незачыненымі дзьвярамі. Але яму ўсёроўна цесна.
Пасьля працяглай адлучанасьці ад першасьвету, на пачатку 80-х, калі, як бы сказалі ў нас дома, “бралася на адраджэньне”, праз “Майстроўню”, “Роднае слова” на бураўкінскім тэлебачаньні, чытаньне Максіма Гарэцкага, невядомага Купалы, працы ў Акадэміі навук мне сталі да болю блізкія радкі Янкі Купалы : Не шукай ты шчасця, долі / На чужым, далёкім полі, / Гэт, за шумным лесам-борам, / За шырокім сінім морам / Не шукай ты шчасця, долі! / Ты ўсё знойдзеш гэта блізка, / Там, дзе маці над калыскай / Табе песні напявала, / Як малога калыхала, / Толькі ўмей шукаці блізка! ...
Потым я прачытаў тое ж у Тараса Шаўчэнкі: “Нема на світі України, / Немає другого Дніпра, /А ви претеся на чужину / Шукати доброго добра ...
 Пазьней межы беларускага (ліцьвінскага) гістарычнага сьвету я пачаў адсочваць на мапах паводле так званых лексічных ды фанэтычных ізаглосаў. У эпіграфе да тэксту сярод прымавак “русскага народу” з двухтамовіка Даля ёсьць адна, што вызначае межы нашай прасторы паводле фанетычных прыкметаў: “Литвин и мертвый дзекнет». Працуючы ў 70-80-х гадах мінулага стагодзьдзя навуковым супрацоўнікам у Лябараторыі экспэрымэнтальнай фанэтыкі АН БССР, мне даводзілася паводле гаспадарча-дамоўнай тэматыкі з Ленінградзкім інстытутам далёкай сувязі рабіць па пэўнай праграме палявыя запісы беларускай мовы бацькоў і расейскай мовы іхных сыноў прызыўнога ўзросту ды кантактаваць з ленінградзкімі і маскоўскімі мовазнаўцамі, што вывучалі фанэтычныя зьявы на памежжы Беларусі і Расеі. Нават паводле маіх тадышніх расейскіх калегаў, дзеканьне сягала далёка за Смаленк. Адна з удзельніц той праграмы, вучаніца Рэфармацкага, напісала артыкул з красамоўнай назвай “Дзеканьне ў Маскве”. З гэтай нагоды я тады ўпершыню прачытаў уважліва філялягічным вокам сцэну “Карчма на литовской границе” з пушкінскага “Барыса Гадунова”.
Рэмарка аўтара: Среди иных Григорий Отрепьев.
Мисаил: “Что ты закручинился, товарищ?
Вот и граница литовская, до которой так хотелось тебе добраться.
Григорий: Пока не буду в Литве, до тех пор не буду спокоен.
Варлаам: Что Литва тебе так слюбилась? ... Литва ли, Русь ли, что гудок, что гусли: всё нам равно, было бы вино ... да вот и оно! ...
Григорий (хозяйке): Куда ведёт эта дорога?
Хозяйка: В Литву, мой кормилец, к Луёвым горам.
Григорий: А далече ли до Луёвых гор?
Хозяйка: Недалече, к вечеру можно бы туда поспеть ... Будто в Литву одна столбовая дорога ... Вот хоть отсюда свороти налево, да бором или по тропинке до часовни. что на Чеканском ручью, а там прямо через болото на Хлопино, а оттуда на Захарьево, а тут уж всякий мальчишка доведет до Луёвых гор ...
Вельмі красамоўная асоба Варлаама: “Литва ли Русь ли, ... всё нам равно, было бы вино ...” . І гэта частка рускага сьвету. А дзе ж пачынаецца Літва для маскавітаў часоў Лжэдзьмітрыя? Каля Луёвых гор, ля Хлопіна ды Захар’ева... Пушкінскія мясьціны, ўзгаданыя ў “Барысе Гадуновым”, ня край сьвету ад Масквы!
Як я ўжо пісаў напачатку, гэтыя развагі-нататкі зьявіліся не без уплыву расейска-украінскай “гібрыднай вайны”, калі расейскае дзяржаўнае кіраўніцтва, інтэлектуалы, маскоўская праваслаўная царква і шараговыя расейцы актыўна рэанімавалі тэзіс пра Русскій мір як асобную цывілізацыю. Не выключаю, што, імкнучыся быць шчырым і не сасьлізгвацца ў русафобію, я ўсё ж месцамі перацягваю свой рэгістр эмоцый за мяжу талерантнасьці. Аднак тэарэтычна я разумею (на разважаючы пра палітыку), што большасьць інтэлігентных апалягетаў рускага сьвету ў кантэксьце маральна-этычным і эстэтычным шчыра дэманструюць свае прыхільнасьці і захапленьні. Мне не падабаецца Мураўёў-вешальнік, як некаторым аўтарам беларускіх падручніаў па гісторыі, мне не да спадобы цэрквы-мураўёўкі, я не ў захапленьні ад асьляпляльнай пазалоты маскоўска-праваслаўных храмаў і візантыйскай велічы аблітых залатым панцырам маскоўскіх сьвятароў. Аднак я не сумняюся ў шчырасьці Нікіты Міхалкова, у якога ёсьць прыгаворка для найвышэйшай ацэнкі візуальнай і этычнай прыгажосці: “Красиво, как на архирейской службе!”. Гэтаму адпавядае радок цяперашняга расейскага гімну - “Россия, священная наша держава ...”. Тут мы ня можам “інтэгравацца”.
Мне бліжэй эстэтыка Тараса Шаўчэнкі, ня толькі як народнага паэта-кабзара,. але і як бліскучага мастака-жывапісца і рысавальніка, акадэміка колішняй Расейскай акадэміі мастацтваў. У дзёньнікавым рускамоўным запісе ад 16 лютага 1858 г. ён заўважае: “В архирейской службе с ее обстановкою и вообще в декорации мне показалось что-то тибетское или японское. И при этой кукольной комедии читается Евангелие”. У тых жа дзённікавых запісах прыблізна празь месяц (22.04.1858 г.) чытаем: “Был на пасхальной заутрене в Кремле. Свету мало, звону много, крестный ход, точно вяземский пряник, движется в толпе. Отсутствие малейшей гармонии, ни тени изящного... ... “

[1] ” (J. F. Cooper.: The Last of the Mohicans)
Previous post Next post
Up