Як панК (не)наведаў канцэрт 3 лістапада

Nov 05, 2007 16:19

Ня буду доўга распавядаць пра тое, як мне шкада што так даўно не даводзілася друкаваць у жывы часопіс.

Значыцца, меўся быць канцэрт у Чырвоным Касьцёле 3 лістапада, пра які хадзілі супярэчлівыя чуткі ў пляне кошту квіткоў. Прынамсі, на Тузіне Гітоў (гэта каторы слушны) аніякіх пазнакаў пра абавязковую плату за ўваход не было. У другіх месцах было пра тое, што сродкі будуць зьбірацца на помнік Анатолю Сысу, прычым у памеры 20 тыс. рублёў з асобы - відавочна, кошт надта буйны. Паводле ранейшага досьведу, канцэрты ў Чырвоным Касьцёле былі бясплатнымі, а паводле зьвестак ад сяброў, грошы можа і будуць зьбірацца, але як дабраахвотныя ахвяраваньні (што ў прынцыпе і падаецца найбольш разумным сцэнарам).

Прыйшлі. На месцы апынулася, што чувак з каменным тварам стаіць на ўваходзе і патрабуе 20 тыс за ўваход з асобы. Дык вось, ці ж спрыяе такое стаўленьне прасоўваньню беларускай мовы і культуры? На канцэрт ішлі таму што выканаўцы, што ўдзельнічалі, падаваліся ідэйнымі ў гэтым накірунку. Дарэмна?.. Па існасьці нефармал, што можа захапіцца і надалей працягваць гэтую ж справу, гэтага ня зробіць наўпрост таму, што ў яго няма грошаў трапіць на такі канцэрт. Альбо няма лішніх грошаў у такой колькасьці. Апынаецца, што ідэйнасьці ў арганізатараў (а мо і ў удзельнікаў, што на такое пагадзіліся) няма. Лавачка выключна камэрцыйная. Але ж тады, ці не зашмат за свой "прадукт" яны бяруць? За такі кошт можна і на "Агату Кристи", і на "Крематорий", і на "Гражданскую Оборону" схадзіць (каго пералічаныя не прывабліваюць, падстаўце свой варыянт).

Т.ч. калі разгледзіць захад арганізатараў з маральнай і камэрцыйнай кропкі гледжаньня, то з маральнай ён апынаецца амаральным, а з камэрцыйнай - неканкурэнтаздольным.

Мы разьвярнуліся і пайшлі. Шакаваных і абураных нефармалаў хапала. Мо варта было ўзгадаць "намётачнае мястэчка" - сесьці на падлогу ды пакрычаць "далучайся!"?.. Мо гэтым нягоднікам стала б сорамна?..
Previous post Next post
Up