Пашпарт аб'екта і суб'екта

Jan 20, 2014 22:07

Успрыманне наваколля і самога сябе - гэта замкнутае кола.
Наваколле і сам я - гэта усё клапатліва адфільтраванае, ачышчанае ад насення хаосу. Гэта структураваны вопыт.
Успрыманне і яго водгук, адбітак ува мне, самаадбіццё, - гэта таксама структурызацыя. Ці можна ўбачыць, вынайсці пачатак гэтага ўпарадкавання?

Свядомасць - гэта люстэрка. Яно натуральна незалежнае, бясконцае і нічым не абумоўленае. Нельга зразумець, што з’яўляецца прычынай: адбітак, ці зыходны прадмет. Яны сіметрычныя, складна падобныя, так што нават крывое люстэрка аднолькавымі сваімі рухамі выклікае аднолькавыя змены ў іх адносінах. Так і мая свядомасць не мае сродкаў разабраць, дзе прычына таго, што адбываецца: у нейкім аб'ектыўным свеце, ці ў нейкім свеце ўнутры. Яны абодва роўнавялікія.
Пры гэтым самое люстэрка я ўсё ж лічу па-за гульнёй, нібыта ў поўным спакоі па-над імклівымі бурамі ды халодным калючым ветрам барацьбы сусвету па абодва бакі.

Пабудова. Самапабудова.

Я сам склаў гэтую цытадэль. З недасяжнай вышіні яе назіраю я за корпаннем мурашоў на зямлі і за іх імклівым шчасцем і горам.

[Suave, mari magno turbantibus aequora ventis e terra magnum alterius spectare laborem.]Прыемна, як ўздымлецца мора, і ветрам штурхаюцца хвалі,

Глядзець з берагу́ на цяжкасці іншых. (Лукрэцый)


Яны вядуць войны, яны грызуць адзін аднаго, яны заключаюць пагадненні, кахаюць, прыносяць ахвяры і аддаюцца на карысць іншага. Гэтая карцiна кранае сваёй прастатой i iдылiчнасцю.
Але з цягам часу, чым больш я назіраю за іх паўхаатычным і неразумным рухам, я заўважаю нешта дзівоснае. - Самая думка залішне цяжкая, каб утрымацца з ёю на маёй вышыні, і я нібыта правальваюся на зямлю, і нават трохі ніжэй. - Я заўважаю, што гэтыя мурашы будуюць маю цытадэль. Больш за тое, заўважаю, што іх паводзіны нейкім чынам звязаныя з маімі. Сувязь ірвецца, як толькі падасца, што я вось-вось схаплю яе за хвост і адкіну ўсе покрывы. Але ж праз імгненне яна ўзнікае зноў у іншым месцы, нібыта чарговы вобраз у паўсне.

Менавіта так.
Не будынак, а пабудова. Не цэгла і не будаўнік, і не архітэктар з яго планам. А сам працэс канструявання, падбору і дапасавання, саматворчасці і саманазірання, - вось што такое свядомасць і ўсё звязанае з ёй.

Можна вылучыць розныя цыклічныя контуры, нібыта розныя будаўніцкія брыгады, якія будуць займацца толькі назіраннем за працай іншых, што можа служыць метафарай рэфлексіі ці пазнання, - і тым дасягнуць адчування, нібыта самі яны не ўдзельнічаюць у працэсе. Але ж яны ўсе тут ужо праз сваё назіранне. Сам працэс будаўніцтва назначыў іх назіральнікамі, вылучыў іх, і яны адыгрываюць агульны сцэнарый.

Можа скласціся ўяўленне, нібыта гэта ўсё сведчыць аб прысутнасці нейкай найвышэйшай і найразумнейшай сілы, якая і кіруе ўсім. Але ж працэс кіруе сам сабой. Больш дакладна, “ён кіруе сабой” - гэта толькі ўмоўны выраз, неабходны для таго, каб упісаць гэтую схему ў схему маўлення, у схему разумення адной з брыгад.
Доказам адсутнасці гэткай найвышэйшай сілы з’яўляецца вялікая колькасць памылак: парушаных паверхаў, крывых фасадаў, ды і ўвогуле заўчаснага разбурэння будынку і канчатковага спынення працы. Канешне, можна і ў гэтым знайсці нейкі генеральны план, але гэта робіць зноў-такі адна з кіруючых брыгад, якая на падставе гэтага ўносіць свае прапановы ў далейшае будаўніцтва. Толькі ў гэтым ёсць сэнс панятка пра лёс і ўсё астатняе з гэтай вобласці.

Сэнс.
Жыццё.

Будаўніцтва не мае аніякай пазітыўнай і агульнай мэты. Мэты задаюцца, калі ў руцэ ёсць цагліна, ці нейкае падхопленае непадалёк смецце, і працэс ідзе. Вылучаюцца перспектывы, ацэньваецца супольны стан, ідзе бясконцы цыкл дапасавання і сутыкнення падпрацэсаў і іх унутраная барацьба. Кагосьці выкідваюць за плот за неналежныя паводзіны і ўтыкванне пасюль чагосьці непатрэбнага. Кагосьці ўзнагароджваюць. Потым яны мяняюцца месцамі. Тым часам паверхаў усё больш і больш. Мурашы апыняюцца дэміургамі.
Сэнс, як яго можна ўхапіць праз пэўны час, калі ўжо бачнае імкненне да разрастання, заключаецца менавіта ў гэтым: уключыць у будаўніцтва ўвесь Сусвет. Кожнай струхлелай галінке і кожнаму бясформеннаму камяню, кожнай жывёліне і кожнаму панятку, - усяму знайсці месца ў працэсе.
Зрэшты, такі сэнс, такі план мне прапануе тая брыгада, якая зараз назірае за будаўніцтвам. Аглядаючыся яшчэ далей у пачатак будаўніцтва, цалкам лагічна гэтая брыгада кажа, што працэс ішоў нават і да таго, як быў заліты фундамент. Патрэбны былі людзі і рэсурсы. Але самыя людзі і рэсурсы, цэгла і пясок, і самый фундамент, - гэта таксама толькі сімвалы, праз якія адна частка працэсу тлумачыць іншай, што яна збіраецца рабіць. Гэта толькі зарубкi, якімі працэс праз свае брыгады нешта для сябе адзначае.
Працэс замкнуты, ён не мае пачатку. Калі кажуць пра фундамент, кажуць пра яго, стоячы на пятым паверсе. Пераказ папярэдніх этапаў адбываецца тут і зараз, прытым з мэтай працягу. “Хтосьці прыдаў чаму-небудзь значэнне фундаменту”, - вось што сапраўды адбываецца.
Канструяванне сябе, арганізацыя вопыту.

Цела. Душа.
Бог. Абстракцыя. Логіка.

Пачуцці. Час. Прастора. Гук.
Асалода. Здзіўленне. Марнасць. Боль.

Хуткасць. Энтузіязм. -
Усё гэта канструкты, сродкі кіравання працэсам з пэўнай кропкі назірання, з пэўнага паверху, - сцвярджаючы, нiбыта з пэўнага паверху.
Свая мова, свае сімвалы. Хібнасці і іх выпраўленне. “Табе прыйдзецца з гэтым жыць”, - цудоўны шанс вылучыцца для іншых брыгад, выпрацаваць новы план і сказаць сваё слова ў працэсе. Пераадоленне. Уключэнне ў сябе ўсяго негатыўнага без разбурэння і шкоды для працэсу, - вось сапраўднае майстэрства.
Прадказанні, шчаслівыя супадзенні, калі праца ідзе на апярэджанне, ці раптоўна захоплівае вялікую прастору праз уключэнне ў сябе нейкая лежачай паблізу пячоры. Таго, што было трапна ўспрынята як пячора і як тое, што можна выкарыстаць.

Зваротныя сувязі.

Брыгада залежыць ад будаўніцтва. Як і я на сваёй вежы - ад мурашоў. І як яны ад мяне, бо я ствараю іх сваім позіркам і накіроўваю іх дзейнасць у той самы час, як яны ўзнімаюць мяне. І як сам я стаўлюся да сябе i да iх інакш, i кiрую сабою i iмi iнакш, узнiмаючыся.

Змены. Смерць.
Прырода.

Адзінае, што можа спыніць працэс у яго разгортванні - гэта смерць. Ёсць абмежаванні, але ж яны працуюць адмоўна, а не сцвярджальна. Яны не давяць і не прымушаюць выбіраць з акрэсленага круга шляхоў. Яны толькі адкідаюць нежыццяздольнае. Усе незамацаваныя камянi абвальваюцца ўнiз, як толькi iх выпусцiш з рук.
Але iх зараз жа ўключаюць у iншы, суседнi працэс.
Увогуле можна сказаць, што толькі гэтая адмоўнасць і ёсць сапраўдны свет. Я знаходжуся ў рамках працэса пабудовы, я жыву ў яго межах. А свет тым часам чакае дзесьці за плотам. Ён уступае ў гульню толькі калі пабудова пераходзіць нейкую мяжу, за якой яна ўжо немагчымая. Натуральны адбор, падзенне незакрэпленага матэрыялу, - гэта і ёсць адзіная вобласць, дзе я сутыкаюся са светам.

[Alles, was wir können in der Außenwelt kontaktieren ist im besten Fall seine Grenzen (die Einfriedungen).]Усё, з чым мы можам сутыкацца са знешняга свету, - гэта ў лепшым выпадку яго межы (перашкоды). (Глазерсфельд)


Творчасць

Вылучыць абсалютную кропку немагчыма. Абсалют - гэта нязменнасць, самаўсведамленне. Быццё.
Творчасць разгортваецца паўсюль, i кожная брыгада - асобны мастак. Укладванне сэнсу адбываецца зараз жа, як толькi працэс вылучае з сябе кагосьцi для ўдзелу. I кожны вылучаны марыць пра сябе як пра абсалют. Кожны ўсведамляе сябе. Кожны валодае быццём.
Часам пункты гледжання i сам знешнi выгляд дзейнасцi апыняюцца даволi дзiўнымi i падаюцца выпадковымi, але i ў ценi найбольш бязглуздых паленаў i пад пажоўклым лiсцем хаваюцца шматлiкiя ягады творчасцi з костачкамi сэнсу ўнутры.
“Няма сэнсу працягваць, трэба ўсё скончыць i парушыць”, - гэта таксама сэнс, таксама пабудова. Гэта таксама пункт гледжання, таксама абсалют i быццё.

Матэрыял.
Рука цягнецца да працы, прагне iнструменту.

[Ἀρχὰς εἶναι τῶν ὅλων ἀτόμους καὶ κενόν.]Пачаткi Сусвету ёсць атамы i пустата. (Дэмакрыт)


Атам - гэта найменшае з таго, што можна ўявiць, што нейкая брыгада можа ўключыць у пабудову.
Гэта прамая праекцыя быцця, нязменнасцi будаўнікоў (у параўнаннi з часовым разгортваннем працэсу пабудовы). Калi б iх вока не стварала, не бачыла ў наваколлi атамаў, цэгла падавалася б глiнаю, амаль што вадкасцю, яна б змянялася хутчэй, чым яны маглi б з ёю працаваць. Цвёрдасць, адзiнкавасць i нязменнасць атама - гэта цвёрдасць, адзiнкавасць i нязменнасць праекта, будаўнiка, яго атаясамлiванне са сваёю працай, яго з ёй роўнавялiкасць.
Атамы, як i ўвесь матэрыял, з’яўляюцца адначасова з будаўнiкамi, разам з iх перспектывай, з iх ацэнкай сябе i наваколля.

[Das Atom ist nichts als die Naturform des abstrakten, einzelen Selbstbewußtseins.]Атам не з’яўляецца нiчым iншым, акрамя прыроднай формы абстрактнага, адзiнкавага самаўсведамлення. (Маркс)


[Der Begriff des Atoms bedeutet ein Einheit und aus unserer psychischen “Erfahrung” herstammend ist.]Паняцце атама ёсць тоеснае паняццю адзiнкавасцi i ўзнiкае зыходзячы з нашага псiхiчнага “вопыту”. (Нiцшэ)


Такой жа адзiнкавасцю, цвёрдасцю, такiм жа быццём i абсалютам з’яўляецца i душа, i яна ўзнiкае разам з атамам. Атам - гэта знешняя выява душы ў люстэрке свядомасцi.

Цела, зразуметае ў рамках працэсу пабудовы, само будуецца з атамаў.
Яно ёсць непасрэдны сродак уздзеяння на матэрыял (на iншыя атамы) з мэтай пабудовы i ажыццяўлення працэсу. Цела сваёй велiчынёй i складанасцю кампенсуе роўнавялiкасць атамаў, расцiскае знешняе супрацiўленне i робiць працэс асiметрычным, нераўнаважным, накiраваным у напрамку здзяйснення мэты.
Цела - гэта выраз намеру.
Цела робiць працэс пабудовы магчымым.

Пустата.
Час. Рух.

Толькi як быццё мы непарушальныя, i толькi як абсалют, кропка, мы можам назiраць знешнiя змены.
Пабудова i самапабудова - гэта працэс.
Працэс - гэта хаос.
Што ёсць хаос?
Тое, што не мае ўстойлівых кропак.
Тое, што разлучана з быццём i абсалютам.
Бясконцасць.
Тое, што немагчыма ўявіць.
Не таму, што яно бесперапынна змяняецца, а таму што ўвогуле не мае аніякіх кропак, бо няма каму іх вызначыць, i няма чаму змяняцца. Вызначэнне - гэта ўстойлівасць, а працэс бяжыць. Ён пазбягае вызначэння. Свядомасць i розум ставяць межы, малююць усё ў выглядзе замкнутых пасудзiн, але жыццё заўсёды пералiваецца цераз край i iрве кожнае палатно, кожную сваю выяву. Пабудова наслойваецца паверх гатовых праектаў i ўзбудаванняў, расплаўляе iх, расце далей i заўсёды прагне большага.

Аб’ектыўнасць.
Ісціна.

Аб’ектыўнае - гэта ўсвядомленае. Аб’ектыўнае - гэта тое, пра што можна паведаміць іншым. Гэта атамiзаваны, замарожаны, выяўлены, нанесены на карту працэс. Аб’ектыўнасць мае сэнс толькi тут i зараз, пакуль працэс не паспеў садзьмуць праект са стала прараба, пакуль мы можам разумець адзін аднаго з дапамогай дадзенага плану.
Бог пазнаў свет, калі стварыў яго. Гэтак жа чалавек пазнае толькі тое, што стварыў ён сам. Такім чынам, само існаванне і сутнасць ісціны - гэта таксама наша работа.

[Verum factum est.]Ісціна ёсць створанае. (Віко)


Размова.
Супольнасць.

Кожны малюнак, кожны план пабудовы - гэта маленькi мiф. Нешта зафiксаванае ў абсалюце.
Будаўнiкам патрэбныя гэтыя малюнкi, каб разумець адзiн аднаго. Iх уласныя душа i быццё ёсць правобразы душы i быцця мiфалагiчных герояў. Адна брыгада малюе план, выдумляе мiфалагiчны сцэнарый i быццё мiфалагiчных асоб, а iншая суадносiць яго з сабой, i толькi дзякуючы гэтаму размова магчымая.
“Пад’ёмны кран”, “камень”, “агонь”, “паветра”, “дождж”, - усё гэта мiфалагiчныя персанажы: героi адпаведных казак.
Больш складаныя i глыбокiя мiфы, якiя малююцца ўмелымi будаўнiкамi, патрабуюць сур’ёзнага суаднесення персанажаў i iх складаныя ўзаемадзеяннi, але ж яны вырастаюць з той жа схемы. Так, нехта малюе план, на якiм камень падымаецца з дапамогай крану. Нехта iншы, каб зразумець схему, атаясамлiвае сябе з кранам, уяўляючы свой вопыт (свае пачуццi) пры гэтым, i ў рэшце рэшт разумее, пра што iдзе гаворка.

[Nam si id verum est, quod factum, probare per caussas idem est ac efficere.]Калi сапраўдным з’яўляецца толькi створанае, то вызначыць нешта праз яго прычыну значыць уявіць самога сябе ў якасці гэтай прычыны. (Вiко)


У рэшце рэшт, стварэнне, пабудова, - гэта ценi самастварэння i самапабудовы, i яны могуць быць спасцiгнутыя толькi разам. Адначасова iдзе самапабудова малюючага план, i пабудова самога плану.

[L'intelligence... organise le monde en s'organisant elle-même.]Розум… упарадкоўвае свет, упарадкоўваючы сябе. (Пiажэ)


Знешні свет - гэта створанае, пабудаванае.
Унутраны свет - гэта створанае, пабудаванае.
Адзін свет ляжыць на адной чашы шаляў свядомасці, іншы - на другой, і будаўніцтва ідзе бясконца па абодва бакі.
Пачатак жа - гэта кропка прыкладання сілы, кропка прычыннасці. Сам панятак пачатку другасны і ўзнікае, калі будаўніцтва ўжо ідзе.

познание, философия, конструктивизм, культура, мифология, субъект, сознание, логика, объект

Previous post Next post
Up