ДАЛОЙ ЧЭСНЫЯ ВЫБАРЫ, альбо ЯК МЫ Ў ЖОДЗІНСКІМ ІЧУ РАСТВО СЬВЯТКАВАЛІ

Dec 30, 2010 06:08

ДАЛОЙ ЧЭСНЫЯ ВЫБАРЫ, альбо ЯК МЫ Ў ЖОДЗІНСКІМ ІЧУ РАСТВО СЬВЯТКАВАЛІ(тэкстовая вэрсыя)

   Плошча-2010.

-19-га сьнежня 2010-га. 
Знаходзімся ў групе журналістоў на прыступкох ля дзьвярэй левага крыла д.11 па вул. Савецкай, здымаем разом з жонкаю, Тацянаю Грачанікавай. Калі правакатары пачынаюць граміць цэнтральны ўваход, а калегі кідаюцца да сьвежае тэмы, застаемся бараніць шкляныя дзьверы яшчэ з адным маладзёнам.

Жонку прашу адыйсьці крыху ўбок (потым нейкі эмвэдоўскі правакатар Вароніч І.В. дасьць супроць яе хлусьлівыя “сьведчаньні”, а брудная калябарантка Е.Т.Некрасова  --прозьвішча нават якое-- з Завоцкага суду, бяздоказна, ня ўлічваючы ані фіксаваных камэраў Дому Ўраду, ані тацянінага ўзросту, ані нават таго факту, што сябры Някрасавай Е.Т. ужо зьбілі й абрабавалі Тацяну, дае апошняй па максымуме - 15 сутак! Якая мярзота: мясцовая Фэміда, як і эмвэды, якіх мы таксама ўтрымліваем сваім коштам, зусім згубіла чалавечае аблічча!!!



Выяўляецца, што брудныя копы й судзьдзі бываюць ня толькі ў амэрыканьскіх фільмох...
 

Учынак жаўнэра, праваахоўніка й абаронцы.
Гэны нятанны коштам шалік захацелася меці эмвэдоўскаму адмарозку, таму той ў полнай экіпіроўцы напаў на безабаронную жанчыну, удвая старэйшую за яго, якая не аказвала аніякага супраціву, і з такім шалам ірваў шалік зь яе шыі, што сарваў і скуру, пакрыўшы сябе й сваех сяброў, якія дапусьцілі да гэтага, неўвядальнаю ГАНЬБАЮ.


Абароненыя дзьверы.

І баронім-такі дзьверы. Тут ужо таксама мітусяцца правакатары (аднаго зь іх я потым пазнаю на фотцы ў НН), кулакамі грукаюць у шкло, ірвуць дзьверы. Дзякуй Богу, мы іх зганяем з прыступак, каго гвалтам, каго пагрозамі “зьняць” і перадаць фоткі эмвэдам. Не сыходжу й не пускаю жонку, бо баюся новых нападоў. Расьсякаюць. Набіваюць МАЗы. Кажуць, нібыта наш ужо 16-ы. Ходзяць чуткі, што затрыманых болей за тысячу.

image Click to view


Расьсячэньне, блякаваньне й пасадка ў аўтозакі ўдзельнікоў мітынгу і  журналістоў.

Тацяну эмвэды затрымліваюць асобна ад мяне, зьбіваюць і рабуюць (добра адно, што не маіх вачах). Ірвуць з шыі шалік з гэрбам Пагоня, які ўжо з 1995 году ўключаны ў Дзяржаўны сьпіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 73БЛ000004. Піхаючы ў МАЗы, шмат каго бьюць дручкамі й абражаюць. Паўсюдна расейская лаянка: ё.аныя БНФаўцы; хутчэй, жывёлы; вы ў мяне пашкадуеце, апазіцыянэры ё.аныя і д.п. Мяне не чапаюць, бо я тут самы старэйшы, толькі штурхаюць, ды раз ботам праз валёнак, адзін фашыст, пэўне, начальнік іхні, дастаў. У нашым МАЗе болей за паўсотню затрыманых, у іншых, як пазьней высьвятліцца, і за 70 набівалі.

-20-га. Дзень праседжваем у аўтазакох, МАЗох, эмвэдоўскіх аўтобусох, адзін на адным, лаюцца эмвэды, ёсьць параненыя.



Болей як суткі мы ня елі й ня спалі.

Сядзім у судох, стаім у карыдорох, дварох. Калі-некалі чутны крыкі, здаецца, нават жаночыя. Мяне ня бьюць. Сярод нас некалькі замежнікоў, адзін зь іх расеец, кажа -я -замежнік, эмвэд адказвае: пая.аць. Эмвэды з начальства, здаецца, адзін зь іх падпалкаш, хлусяць, што дадуць па паўмінімалкі й адпусьцяць. Вязуць уночы, потым высьветліцца, у Жодзіна. Пра жонку ведаю толькі, што плакала, зьбітая, парабаваная. Нас у аўтобусіку 25.

Заўвага.

Пратаколы з рожных судоў, а напісаныя пад капірку: парушаў, крычэў “Уході” і “Жыве Беларусь”, не рэагаваў (глядзі прысуды).  Азнаёміўся з дзясяткамі выракаў -  перапісаныя ледзь не слова ў слова.  І паўсюдна забыліся яшчэ адзін, новы лёзунг: "Час мяняць лысую рэзіну!" Абазнаных трох. Усе людзі маладыя, міжсобку незнаёмыя, зьнітаваныя толькі адным - прагаю свабоды. Ёсьць кампутаршчыкі, мастак, музыка, студэнты, на’т уласны філёзоф. І я - ДЫР МАЛЕР.


 
Малярскія рэчы.

-21-га. Недзе а 4-ай ранку нарэшце зь дзясяток з нас засяляюць у 10-мейсцавую камору №6 турмы №8. Мы даведваемся аб гэным, падслухаўшы размовы прадольных, і з надпісоў на рушнікох: Т-8. Сярод нас большасьць бітых, у тым ліку, трох - па галовах: Вова Крыцкі й два Зьмітра, Пашык й Мікішын. У Пашыка расьсечаньне, гледзечы па струпе, 40х7мм, крывёй залітыя капюшон курткі й шалік. У Мікішына таксама застанецца шнар на памяць. Прыводзяць гопніка Дзёню, якога ўзялі з напаўпустой бутэлькаю піваса ўдзень 20-га на прыпынку Кастрыцніцкае плошчы. Ён сьпіць на стале. Спрабую даведацца пра лёс жонкі. Няўдала. Нашым усім тут далі па 10 начэй, апроч Міці Мікішына, які не пагадзіўся з судзьдзём.

Тут падаю сьпіс сукаморнікоў ў арыгінале, бо большасьць зь іх расейскамоўныя:

Голденко Анатолий, 79г.н - 10 начэй;
Занкевіч ZЕNKER Алесь, Гомель, 86г.н. - 10 начэй;  
аматор пивасу Дёник, зь 10начэй адсядзиць 9(прозьвишча намаўляў никому не казаць), 86г.н.;
Короневич Виктор, 85г.н. -10 начэй;
Критский Владимир, 84г.н. - 10 начэй;
Кузьмин KUZMIN ARTEM Артём, 90г.н. -10 начэй;
Максіменка ХЭD-ОФ-БАБУЛЬКА Роман, 84г.н. - 10 начэй;
Никишин ПИТОН МИТЧ Дмитрий, 90г.н. - 11 начэй - вины не прызнаваў;  
Пашик Дмитрий, 91г.н. - 10начэй;  
Рассолов Ян, 88г.н. - 10 начэй;
Суходольский Иван, 85г.н. - 10 начэй.

-22-га. Вову Крыцкага, што з цалкам перавязанаю галавой (ён ў МАЗе губляў прытомнасьць, усе думалі - пьяны), забіраюць ад нас ў Невядома Куды. І зноў спрабую даведацца пра жонку і зноў безвынікова. Тут яе нібыта няма, а тэлефанаваць нельга. Аддаў нібыта на адсылку касатку па сваёй справе. Апроч мяне прысуд ніхто не абскаржвае. Сёньня выводзяць ў двор, потым - кароткатэрміновая памыўка. Я памыцца не пасьпяваю. У камору пачынаюць даваць перадачы, Капэрты забаранілі. Але патрапіла НН і Новы Час ад 17.12. Чыталі ўслых. Шмат фотак.

-23-га. Урэшце дапялі й да мяне адразу ажно дзьве перадачы, хоць і ня меў ад каго: бацькі мае памёрлі ўжо, дзеці далёка, жонка (сама з Асіповічаў, тамсама-ж жыве яе старэнькая маці, вельмі слабая ўжо) сама ў вязьніцы, мабільніком не карыстаюся дый жыву ў Менску (з 2003-га) нядаўна, дый тое ўсе па камандзероўках. Сам-жа магілявец, сяброў-знаёмых тут вобмаль. Але знайшліся раптам нібы сяброўка Судакова ды цётка Вольга ці Ўладзімероўна, аці Мікалаеўна альбо Міхалаўна (што таксама недакладна), дзякуй. Гэта “анёлы”. Падзяліліся ў каморы, як і раней. Мне засталася па пары шкарпэтак, тапцяў ды бялізны (трусы з зайцамі) і малесенькі рушнічок. Шчотку ўжо раней даў Роман. Выводзілі. Прадольныя прыраілі пісаць ліст жонцы на менскі ІЧУ (на вёску да бабулі). Напісаў без надзеі, але трэба, таму аддаў. Нібыта дашлюць))). Чытаў “Будзіцеляў” й ARCHE, што мне перадалі крыху раней.
                                          Кормяць нас прыблізна так:

На сьняданак каша, звычайна аўсянка, бывае пэрлавая ці пшонка, несалоная, паўмісачкі, калі ня меней; чай, часам без цукру, паўкубку.

На ’бед рэдкая зупа (пэрлавая ці, на радасьць, гарохавая), калі й салоная, ці капуста; на другое - пэрлаўка, пшонка, гарох ці макароны - з тушонкаю. Добра, калі гарачае. На дэсэрт - паўкубку ружовага кісялю.

Вячэра: канечне, чай. Але ў дадатак заўсёдны фарш зь невядомай рыбы, перамеленае, зь вялікімі косткамі й гарнірам, звыкла, капустаю. Як у тае савецкай байцы: на першае - капуста з вадою, на другое - капуста без вады, на трэйцяе …- вада без капусты))) Хлеба чорнага й чэрага заўсёды застаецца.

Наедкі - дрэнь, многія адмаўляюцца есьці невядомую бурду. Залішні бохан чарнушкі таксама аддаемо штодня. Прусакі й так бегаюць табунамі.Прасіў кіпню - абяцалі, але-ж не далі )))


Хлеб у іх атрымліваўся лепей, як баланда)))

     -24-га. Сёньня ганялі (не давалі ляжаць, а наверсе - на’т сядзець). Суседнюю камору - таксама. Здаецца, нехта прыехаў, калі так псыхуюць. На двор не выводзяць, відаць. сапраўды нешта сурыёзнае. Сапраўды, пачынаюць вадзіці 20-нікоў (затрыманых ад 20-га) на "кіно". Нейкі дурны(?) асабіст здымае іх без зімовае апраткі. Зноў не даюць перадачаў. Але ў нашае каморы й так ужо шчотак, расчосак, паперы рожнай, пасты, сурвэтак, сшыткоў, блёкнотоў, алоўкоў, асадак, газэтаў, часапісяў, цыгарэтаў ды вады празь меру: нанесьлі "анёлы" ды родныя.. А напачатку даводзілася ірваць дупу эмвэдаўскімі пратаколамі ды парэшткамі вядомай кніжачкі пра паўку карчагіна(сваеасаблівы жарт прадольных))) Што праўда, адзін зь іх такі-даў другім днём пачаты рулён паперы для прыбіральні(былі. здаецца-ж, і сярод іх людзі).

Мэдычная дапамога

Ані 'днаго разу нам не было адмоўлена ў лекох тым, хто за імі зварачаўся. Прадольныя давалі пігулкі: Пашыку - 2 разы; Клімаву - двойчы. Выводзілі да "лякаркі" і мяне. Крыцкаму, як я разумею, зрабілі перавязку і ...-- выпусьцілі(!?). Дзьвох зьбітых па галовах за дапамогай зьвяртацца збаяліся.

-25-га. Раство Хрыстовае. Сёньня сьвяткуюць каталікі, вуніяты. пратэстанты й амаль усе праваслаўныя сьвету. Зноў прыяжджаў "сьпец" (ужо іншы) перарабляць "кіно" ужо ў апратцы (ці, можа сапраўды, тое гэбнюк здымаў?) Выводзяць цяпер пасьля 'беду, бо да 'беду давалі перадачы. Ув абед дзялімось аблаткаю. Падаю скаргу Раманаву й пачынаю сухую галадоўку. Зьвестак аб жонцы ня маю. Трапіла-й да мяне адна віншавальная капэрта(без ліста).

Праверкі асабовага складу каморы праводзяць двойчы на дзень блізу восьмае й дваццатае..

-26-га. Сёньня ізноў не выводзілі й перадачаў не давалі. Ганялі, што ляжым на ложках. Дзяжурым па чарзе.

Нашыя заняткі



 


Гулялі у "марскі бой", "пэрсону" з "Бастардоў", "мафію", "кракадзіла", "балду" - дапісвалі літары ў словах, разгадвалі сканворды, красворды й загадкі, чыталі кніжкі, часапісі й газэты, мылі бялізну й галовы,малявалі й расфарбоўвалі дзіцячыя кніжачкі))),  гопнік-аматар піва адціскаўся.

-27-е. Выклікаю зранку лякарку, якая нічым не дапамагае, толькі хоча завесьці ў зман. Перадачаў не даюць, не выводзяць, затое даюць 5 хвіль на памыўку. Хоць і адчуваю сябе вельмі дрэнна, памыцца ўсёж-такі гэным разом пасьпяваю. Увечары вадзілі да Раманава, які абяцаў парадзіць аб жонцы. Раблю заўвагу, што не выводзіць людзей. Абяцае выправіцца, калі зьедуць сьледчыя. Дарэчы, ўсе свае абяцаньні Раманоў выканаў. І таму, улічваючы ўсе акалічнасьці, па ўтрыманьню людзей стаўлю яму цьвёрдую васьмёрку. Каб толькі падцягнуў яшчэ пару сваех дэбілоў. Зразумела, мая ацэнка з шэрагу прычынаў абьектыўнаю зьяўляцца ня можа.

-28-е. Зноў выклікаю "лякарку".  Гледзячы на маю сухую галадоўку, людзі раптам захацелі есьці й піці. Цяпер штодня выпіваюць 10 балёноў вады й нават хлеб увесь зьядаюць. Вось такая салідарнасьць цалкам наадварот))). Гэнтак праходзяць мае трэйція суткі без ежы й вады. Пасьля 'беду завітвае Раманоў і кажа, што маёй Тацяне далі 15 сутак - я ў роспачы крычу-"СУКІ!" - і яна знаходзіцца ў ІЧУ РУУС Менску. Сяньні ўсіх выклікаюць нібы сьледчыя Завоцкага раёну (апроч Міці Пітона, якога некуды забіраюць).Да нас закідаюць Толю Галдэнку, 10-сутачніка, якога ўзялі 19-га ля гатэлю "Менск" блізу палуночы. Да вечара гуляем у "мафію". Пакрысе пачынаю піць ваду.



Малюнок navicki. Мастак 6-ай каморы, Міця Мікішын. Ягоны малюнак  ўпадабалі расейцы на Бэсттудэй.ру.

    -29-га. Для амаль усіх з нас гэна апошні дзень няволі. Блізу пад'ёму даюць крыху пшонкі. Усё баліць страўнік. Зноў прыяжджаюць сьледчыя.  Забралі турэмныя рэчы: бялізну й кубкі, вярнулі пашпарты й частку з асабістага. Вярнулі мае два сьцягі. якія нікому не аддаў, схаваўшы на сабе,  і якія ледзь не да бойкі ня даў сканфіскаваць у Т-8. Цэлы дзень у рожных месцах чакаем на вызваленьне. Цяпер надумаліся аддаваць затрыманыя раней перадачы!!! Па'бедалі без чаю. І-такі вечарам, а 16-17-ай вязуць у Менск, там раз'яжджаюцца веерам і выкідаюць людзей. Трапляю адразу да Белсату, дзе й даю інтэрвію пра няволю. Затрыманую  ў вязьніцы й выдадзеную мне ў апошнія гадзіны няволі перадачу з дадаткамі вязу да "анёлоў" і яна ў той-жа вечар трапляе да іншага вязьня-15-сутачніка.

-30-га. Іду на працу, дзе да вечара знаходжуся нібы пад арыштам, бо заяву на некалькі дзён адпачынку за свой кошт, каб хаця-б адну перадачу за два тыдні занесьці жонцы, не задавальняюць.

-31-га. Сёньня кароткі дзень на працы, таму перадача, мусіць, дайдзе нарэшце да Тацяны. Эмвэд у прыйме выглядае разняволена, ледзь не лагодна. Будзьма-ж і мы лагоднымі ці хаця-б цярпімымі адзін да аднаго, дарагія суайчыньнікі! З Калядамі Вас усіх і з Новым годам! Асобнае прывітаньне тым, зь кім давялося дзяліць хлеб за кратамі, а тым, хто яшчэ застаўся у няволі,  -- пажаданьне найхутчэйшага вызваленьня!

Юрай Міхал Шпак-Рыжкаў, звычайны маляр.



З Новым годам!

Белсат: Новы год за кратамі «Аб’ектыў» чацвер, 30 снежня 2010 21:45

Новы год сустрэнуць за кратамі больш за 200 асобаў. Для тых, хто застаецца ў зняволенні ды іхных сем’яў неабыякавыя людзі працягваюць ладзіць акцыі дапамогі ды салідарнасці. Турэмныя малюнкі, паштоўкі ды іншыя дробязі цяпер ужо толькі частка турэмных успамінаў. Сярод іх сітуацыі, якія цяжка згадаць без сумнай іроніі.

ЮРАСЬ ШПАК-РЫЖКОЎ, БЫЛЫ ЗНЯВОЛЕНЫ: "Пакуль не было перадачаў, даводзілася выкарыстоўваць міліцэйскія пратаколы ў якасці туалетнай паперы".

Як і тое, што нават судовыя пастановы аказаліся з сур’ёзнымі памылкамі. Некаторыя з іх, напрыклад, былі датаваныя 2009 г. Але для большасці вызваленых турэмныя ўспаміны назаўсёды застануцца жудасным кашмарам. Палова тых, каго арыштавалі ў Менску 19 снежня, ужо вярнулася дамоў. Але для больш як 200 асобаў, што надалей адбываюць пакаранне, вось такая навагодняя ялінка застаецца толькі мараю.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”



Лідэр Руху “За Свабоду” заклікаў начальніка міліцыі не парушаць правы затрыманых грамадзян 23/12/10

У Звароце Аляксандра Мілінкевіча да начальніка Жодзінскага ГАУС Андрэя Чынкіна гаворыцца, што на працягу некалькіх гадоў у Беларусі група грамадскага кантролю ажыццяўляе маніторынг палітычных рэпрэсіяў, асабліва сочыць за нічым не абгрунтаванымі затрыманнямі грамадскіх актывістаў і палітычна матываванымі судовымі прысудамі. Таксама группа ажыцяўляе маніторынг умоваў утрымання грамадзянскіх актывістаў у турмах.

“Зараз у Вашай установе ўтрымліваецца шмат удзельнікаў грамадзянскіх актывістаў. Нам паступае інфармацыя аб немагчымасці передаць перадачы (ваду і цёплыя рэчы) для гэтых людзей. У адпаведнасці з Пастановай Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусі ад 8 жніўня 2007 № 194 “Аб зацвярджэнні Правілаў унутранага распарадку спецыяльных органаў унутраных справаў, што выконваюць адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту” п. 34. вызначае, што адміністрацыйна арыштаваным дазваляецца атрымліваць пасылкі, перадачы і бандэролі, якія ўтрымліваюць прадметы першай неабходнасці, вопратку і абутак па сезону”, − піша Аляксандр Мілінкевіч.

Лідэр Руху “За Свабоду” заклікаў начальніка Жодзінскага ГАУС і яго падначаленых не парушаць правы грамадзянаў, якія ўтрымліваюцца ў Жодзінскім цэнтры ізаляцыі праварушальнікаў, ставіцца да іх гумана і з павагай, выконваць нормы дзейнага беларускага заканадаўства.

У дадатак да заявы прыкладзеныя вытрымкі з Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (Артыкул 59), Закона пра міліцыю ад 26.02.1991 года (артыкул 6) і загада № 7 МУС “Пра ўдзел супрацоўнікаў ОВД у выхаваўча-прафілактычнай працы з насельніцтвам” ад 3.01.2007 года.

Малюнкі жодзінскіх вязняў (фота) 30/12/10

Прыхільнік Руху “За Свабоду”, былы сябра выбарчае камісіі № 4 Ленінскага раёну Менску Юрась Шпак-Рыжкаў, які быў пакараны 10-цю суткамі адмінарышту за ўдзел ув акцыі пратэсту супроць фальшаваньняў на прэзідэнцкіх выбарох, сабраў, седзячы за кратамі жодзінскага СІЗА №8, калекцыю ўнікальнай графікі.

Юрась Шпак-Рыжкаў быў вызвалены 29 снежня. Яго, як і йіншых жодзінскіх дзесяцісутачнікоў, зь міліцэйскім эскортом даставілі ў Менск. У офісе Руху “За Свабоду” Юрась распавёў пра суворы побыт насельнікоў следчага ізалятару.

Амаль суткі Юрася й ягоных паплечнікоў трымалі ў аўтазакох. Засялілі ў жодзінскі СІЗА толькі 21-га сьнежаня. Ад амонаўцоў, якія праводзілі затрыманьне і суправаджалі арыштаваных да месца адбыцьця пакараньня, чакаць можна было чаго заўгодна. Супрацоўнікі-ж СІЗА паводзілі сябе больш дысцыплінавана й адказна. У камеры плошчай блізу 20 квадратных мэтроў зьмяшчалася 10 чалавек. Некаторыя арыштанты бавілі час за маляваньнем. Па словах затрыманага, харчаваньне было вельмі кепскае. Стаўленьне да арыштаваных было рожным: яно залежала ад асабістых чалавечых якасьцяў наглядчыкоў і самех затрыманых. Юрась Шпак-Рыжкаў дамогся таго, што на адказнае захаваньне на час адмінарышту ўзялі ня толькі ягоныя асабістыя рэчы, але й бел-чырвона-белы сьцяг ды сьцяг Эўрозьвязу, зь якімі ён прыйшоў на акцыю пратэсту. Каб даведацца пра лёс затрыманай жонкі, Юрасю давялося 25-га абвесьціць сухую галадоўку. Праз колькі дзён ён атрымаў інфармацыю пра яе ад начальніка СІЗА. Жонка Юрася Тацяна Грачанікава была пакараная 15 суткамі арышту. Яна знаходзіцца ў ІЧУ Мінскага раёну й выйдзе на свабоду толькі 3-га студзеня.


 
  Сьцяг, які Юрась пранёс праз жодзінскі СІЗА.

P.S. Фашысцкія камэнты й надалей будуць выдаляцца, бо ім тут ня месца. Расейцы ў гэным посьце не абражаюцца, бо й сярод Расейцоў у нас шмат сяброў. Напужаць мяне немагчыма, таму пакіньце ўсялякую надзею))) Бо й інваліду сярод затрыманых у Акрэсьцінах хапіла мужнасьці сказаць тым, хто зь яго зьдзекаваўся: я пагарджаю вамі... Карыстаючыся нагодаю, лічу сваем абавязком яшчэ раз падзякаваць людзям добрае волі за салідарнасьць з палітвязьнямі Беларусі. Шчыры дзякуй і за маральную падтрымку, яна проста ўражвае. 05.01.11. navicki.

Жодзіна, вязьніца, турма, калябаранты, Каляды, разгон, Свабода, выбары, новае ўнікальнае відэа, Новы год, новыя унікальныя відэаздымкі, navicki, каляды, Плошча-2010, навіцкі, няволя, аўтазак, 19 сьнежня, Раство, Юрась Навіцкі, Радзіма, свабода

Previous post Next post
Up