Праваслаўныя гатычныя цэрквы Беларусі

Jul 25, 2022 15:04


Эпоха Вялікага Княства Літоўскага на землях Беларусі прывяла да з'яўлення ўнікальных архітэктурных збудаванняў, сярод з якіх, канешне, трэба назваць праваслаўныя цэрквы, пабудаваныя ў гатычным стылі. Так, хаця звычайна готыка асацыіруецца з касцёламі, але дойліды ВКЛ ў пачатку - першай палове XVI стагоддзя пабудавалі ў такім архітэктурным стылі тры каменныя праваслаўныя цэрквы на тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці Беларусі.

Царква Барыса і Глеба ў Навагрудку



Барысаглебская царква ў Навагрудку, фота 2018 года, крыніца: ru.wikipedia.org



Пакручасты лёс мела Барысаглебская царква ў Навагрудку, якая зараз мае не надта гатычны выгляд з галоўнага фасада. Яшчэ ў ХІІ стагоддзі на гэтым месцы была збудаваная праваслаўная царква, падобная да будынкаў полацкай школы дойлідства.

У 1517-1519 гадах на месцы даўнейшага храма быў узведзены новы цагляны храм на сродкі гетмана Вялікага княства Літоўскага князя Канстанціна Астрожскага і мітрапаліта Літоўскага Іосіфа Солтана.



Гатычныя скляпенні царквы Барыса і Глеба ў Навагрудку (крыніца Габрусь, Т. Саборы помняць усё, с. 45)

Першапачаткова храм быў пабудаваны як трохнефны будынак з пяціграннай адначасткавай апсідай, перакрытым востраканцовым дахам. Галоўны фасад быў завершаны трохвугольным франтонам, як прынята ў беларускай готыцы, але як ён выглядаў дакладна, аднавіць ужо нельга.

Унутраны асноўны аб'ём новага храма (23,5 × 16 м, пралёт каля 14 м) быў падзелены чатырма слупамі на дзевяць роўнавысокіх травеў, перакрытых зорчатымі нервюрнымі скляпеннямі.  Знадворку сцены асноўнага аб'ёму і куты былі апсіды ўмацаваныя вытанчанымі контрфорсамі, якія завяршаюцца шматсхільнымі навершамі.



Гатычная сцяна царквы Барыса і Глеба ў Навагрудку (фота: ru.wikipedia.org)

Верхнюю частку фасада будынка апаясваюць ажурныя карункі з трох ярусаў пераплеценых спічастых арачак. Струмень вертыкаляў аркатуры, граняў контрфорсаў, вялікіх спічастых вокнаў і дагэтуль стварае непаўторнае аблічча гэтага выбітнага помніка беларускай готыкі.

У 1620 годзе Барысаглебская царква перайшла да ўніятаў, і ў 1624-1632 гг. перабудаваная - на фасадзе з'явіліся дзве масіўныя вежы з байніцамі. У часы Расійскай імперыі храм зноў вярнуўся у распараджэнне праваслаўнай царквы, і  ў 1873-1875 гадах быў перабудаваны ў псеўдарускім стылі. Ад гатычнага храма засталіся ўнутраная прастора храма і нервюрныя перакрыцці столі, а таксама частка сцен царкввы, размешчаных бліжэй да апсіды, размешачанай з усходняга боку.

Царква Архангела Міхаіла ў Сынкавічах



Фота царквы, зробленае Андрэем Дыбоўскім, 2017 г.

Найбольш аўтэнтычным на сённяшні момант помнікам беларускай праваслаўнай готыкі з'яўляецца царква абарончага тыпу, пабудаваная ў пачатку XVI ст. у вёсцы Сынкавічы сучаснага Зельвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Т. Габрусь піша, што паводле сваіх архітэктурных асаблівасцяў гэтая царква падобная да віленскай царквы Святой Троіцы і магла быць узведзена трохі пазней тымі ж майстрамі за грошы таго ж фундатара - К анстанціна Астрожскага.

Гісторык архітэктуры Т. Габрусь бачыць у дадзеным будынку рысы і візантйска-рускага, і раманскага стылю, і нават протарэнесансу, не лічачы, канешне ўласнага гатычнага стылю, як з'яўляецца асноўным. Праўда, готыка гэта абарончая, бо храм пабудаваны ў суворым краі як абарончы пункт. Так, воі ВКЛ маглі падняцца па лесвіцах у чатырох моцных вежах на высокі паддашак і назіраць (і страляць) у ворага праз байніцы, якія у свой час былі і на франтоне, упрыгожаным нішамі, што рабілі яго адначасова і лягчэйшым. Каб ліць на ворага гарачую смалу, быў зроблены пояс машыкуляў па версе сцен. Але невядома, ці ішлі нейкія бітвы ў сярэднявеччы ці раннім Новым часе ля сцен Сынкавічскай царквы. Унутры храм быў падзелены чатырма слупамі на дзевяць травеў, перакрытых крыжовымі нервюрнымі скляпеннямі, якія захаваліся і па сёння.



Паштовая марка Беларусі 1994 г. з выявай Сынкавічскай царквы

На сёння няма інфармацыі, ці пераходзіла Сынкавічская царква ў рукі ўніятаў у XVII стагоддзі, ці кальвіністаў. Якімсьці чынам яе абінулі ўсе ліхалецці, нават перабудова канца ХІХ стагоддзя была невялікай - быў  заменены дах, прыбудаваны прытвор і купал над апсідай, а таксама разабраны купал над цэнтральнай часткай храма. У часы міжваеннай Польшчы у 1926 г. царква стала філіялам навіцыята езуіцкай місіі ў Альбярціне (Слонім) і цэнтрам прыхода грэка-каталіцкага абраду. У савецкія час была зачыненая, зараз выконвае функцыю праваслаўнага храма Зельвенскага дабрачыння.

Царква Раства Багародзіцы ў в. Мураванка



Выгляд царквы ў Мураванцы ў ХІХ ст. (крыніца: ru.wikipedia.org)

У 1516-1542 гг. у вёсцы Мураванка ў сённяшнім Лідскім раёне па фундацыі Шымкі Мацкавіча была пабудаваная царква Раства Багародзіцы. Па сваёй архітэктоніцы яна была падобная да Сынкавічскай царквы, пабудаванай раней, але яе дойліды знаходзіліся пад большым уплывам ідэй готыкі і рэненсансу, а таксама арыентаваліся на польскія касцёлы Мазовіі (напрыклад, у Шрэнску і Пясочным). Так, у Сынкавіцкай царкве, нягледзячы на гатычны характар канструкцыі, выкарыстана візантыйская схема плана царквы: падзел асноўнай прасторы на тры нефы і падзел алтарнай часткі на тры паасобныя апсіды. У Мураванскаўскай царкве гэтага не было, затое тут можна бачыць вельмі складаныя зорчатыя скляпенні з рэзка прафіляванымі нервюрамі, у той час як у Сынкавічах столь перакрытая простымі крыжовымі скляпеннямі.



Гатычныя скляпенні царквы ў Мураванцы (крыніца: pawet.net)

У архітэктуры абодвух храмаў ёсць адначасова некаторыя формы і дэталі раманскага стылю: нішы на франтонах, круглыя вежы. Але стральчатыя аркі аконных праёмаў, зорнае скляпенне і высокі двухсхільны дах з вострым франтонам - гэта характэрныя элементы готыкі.

Царква ў Мураванцы таксама мае абарончыя рысы, але, напрыклад, байніц-машыкуляў у ёй усяго 10 ( у Сынкавічскай царкве яны ідуць цэлым поясам вакол царквы), бо разлічаны яны на выкарыстанне абаронцамі агнястрэльнай зброі.

Гісторыю царквы ў Мураванцы паспрабаваў аднавіць лідскі краязнаўца Леанід Лаўрэш. Мы ж коратка зазначым, што царква перайшла ў пачатку XVII стагоддзя да грэка-католікаў, а ў пачатку ХІХ стагоддзя храм быў на грані закрыцця з-за кепскага стану, выкліканага ў тым ліку марнатраўствам мясцовых святароў. Пасля візіту ў царкву ў 1810 годзе імператара Аляксандра І пачаўся паступовы рамонт будынка. У 1825 г. да царквы быў прыбудаваны прытвор, які значна змяніў агульнае аблічча заходняга фасада.

У 1839 годзе Мураванкаўская царква стала праваслаўнай.  У 1871-1872 гг. была зроблена перабудова храма. Абедзве заходнія вежы былі надбудаваны ў вышыню на 6 аршын, адна з іх была перароблена на званіцу. Першапачаткова неатынкаваныя часткі фасадаў былі пакрыты пластамі тынку і афарбаваны, што зусім знішчыла ранейшы характар іх дэкарацыі, які грунтаваўся да гэтага на эфектным кантрасце цёмна-чырвоных муроў і белых плям тынку ў дэкарацыйных нішах.



Сучасны выгляд царквы, фота Віталя Федотава, крыніца: ru.wikipedia.org

Цяжка далося царкве ў Мураванцы ХХ стагоддзе.  У 1915 г., калі фронт пачаў набліжацца да Лідчыны, у царкве зрабілі шпіталь для раненых расейскай арміі. Падчас нямецкай акупацыі тут знаходзіўся лагер для ваеннапалонных. Пасля польскія ўлады забралі храм на карысць католікаў, і ў такім стане - як касцёл - храм перажыў Другую сусветную вайну, але быў афіцыйна зачынены савецкай уладай у 1946 г. Больш за чатыры дзесяцігоддзі царква лічылася складам, і толькі ў 1987 г. была перададзеная Беларускай праваслаўнай царкве  і пачала аднаўляцца.

Сынкавічская царква-крэпасць, Барысаглебская царква ў Навагрудку, Царква-крэпасць у Мураванцы

Previous post Next post
Up