Леў Сапега

Jul 09, 2022 10:58





Адзіны прыжыццёвы партрэт Льва Сапегі (1617). Фота: ru.wikipedia.org



Адным з самых уплывовых дзяржаўных дзеячаў і самых багатых магнатаў канца XVI - першай трэці XVII стагоддзя ў Вялікім Княстве Літоўскім быў Леў Сапега (1557-1633).

На працягу свайго доўгага жыцця ён займаў такія важныя пасады, як пісара літоўскага і сакратара Вялікага Княства Літоўскага (1580-1585), падканцлера (1585-1589), канцлера (1589-1623), віленскага ваяводы (1623-1633) і гетмана літоўскага (1625-1633).

Маладыя гады

Леў Сапега нарадзіўся ў мястэчку Астроўна Віцебскага павета (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці) у магнацкай сям’і Івана Сапегі, пісара літоўскага (дарэчы, гэтую пасаду займаў і дзед Льва, Сямён Сапега).  Бацькі аддалі Льва на вучобу і выхаванне пры двары віленскага ваяводы і канцлера Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага, разам з сынамі якога ў 1570 годзе ён выехаў на вучобу ў Германію, дзе стаў студэнтам Лейпцыгскага ўніверсітэта.

Там пад уплывам Рэфармацыі малады Сапега змяніў сваё праваслаўнае веравызнанне і стаў пратэстантам (кальвіністам). Вярнуўшыся на радзіму ў 1573 годзе з добрымі ведамі права, замежных моў, латыні, ён быў прыняты пры двары караля і вялікага князя Стэфана Баторыя, разам з якім удзельнічаў у Лівонскай вайне: у вызваленні Полацка ад маскоўскіх войск у 1579 годзе, у паходах на Вялікія Лукі і Пскоў 1580-1581 гадоў. У 1580 годзе быў прызначаны вялікакняжацкім сакратаром, у 1581 годзе - пісарам і з таго часу ўвайшоў у склад бліжэйшага кола кіраўнікоў дзяржавы.



Помнік Льву Сапегу ў Слоніме (2019).

Узвышэнне

Разам з канцлерам Астафіем Валовічам і падканцлерам Крыштафам Мікалаем Радзівілам Сапега браў удзел у стварэнні вышэйшага апеляцыйнага суда дзяржавы - Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. У 1584 годзе накіраваны паслом у Маскву да цара для вырашэння памежных пытанняў і абмену ваеннапалоннымі. У выніку Сапегу ўдалося падпісаць новае перамір’е з Масквой, а з палону вызвалены 900 чалавек. За гэта ён у 1585 годзе атрымаў пасаду падканцлера ВКЛ, у 1586 годзе - пажыццёва Слонімскае староства  і зрабіў Слонім сваёй галоўнай рэзідэнцыяй. У 2019 годзе ў Слоніме быў усталяваны помнік Льву Сапегу.

Статут ВКЛ 1588 года



Старонка Статута 1588 года. Фота: https://www.nlb.by

У час бескаралеўя 1587 года Леў Сапега выступіў супраць спроб польскіх магнатаў падпарадкаваць сабе Вялікае Княства Літоўскае, прапанаваў маскоўскаму боку перамовы аб уніі дзяржаў, стаяў за абранне каралём і вялікім князем маскоўскага цара Фёдара, дзеля чаго ў сакавіку 1587 года сустракаўся ў Наваградку з яго пасольствам. Але калі на элекцыйным сойме гэта кандыдатура не атрымала падтрымкі, зрабіў стаўку на кандыдатуру шведскага каралевіча Жыгімонта Вазу. Ён дамогся зацвярджэння Жыгімонтам зводу законаў Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Жыгімонт ІІІ Ваза выдаў прывілей, што друкаваць Статуты па-польску і па-старабеларуску можа толькі Леў Сапега, падканцдер ВКЛ.

Статут быў адрэдагаваны Л.Сапегам, які, па сутнасці, стварыў новую канцэпцыю незалежнай беларуска-літоўскай дзяржавы. Гэта была своеасаблівая канстытуцыя, якая фармулявала ідэю прававой дзяржавы, падкрэслівала суверэнітэт Вялікага Княства Літоўскага, забараняла чужаземцам набываць тут землі і пасады. Статут з’яўляецца выдатным помнікам старабеларускай мовы і юрыдычнай думкі феадальнай эпохі. Гэта быў самы прагрэсіўны на той час у Еўропе збор феадальнага права. За ўласны кошт Л.Сапега выдаў Статут у Вільні.

У XVII-XIX стагоддзях Статут Вялікага Княства Літоўскага перакладалі на рускую, украінскую, нямецкую, французскую, лацінскую мовы і выдавалі ў іншых краінах. Ён выкарыстоўваўся ў кадыфікацыі права ў Прусіі, Расіі, Украіне. У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі Статут 1588 года ўжываўся як дадатковая крыніца права. Гэты звод законаў, вытрымаўшы выпрабаванне часам, дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны да 1840 года.

Пераход у каталіцызм і пасада канцлера ВКЛ



Беларуская паштовая марка з выявай Льва Сапегі (1995)

У 1586 годзе Л.Сапега перайшоў з кальвінізму ў каталіцызм, што спрыяла яго далейшай кар’еры, аднак звычайна ён займаў талерантную пазіцыю ў рэлігійным пытанні. Яго пераход у каталіцызм адбыўся пад уплывам езуітаў, асабліва выдатнага прапаведніка Пятра Скаргі. Л.Сапега стаў найбольш буйным прыватным мецэнатам каталіцкай і уніяцкай цэркваў у Вялікім Княстве Літоўскім: пабудаваў і фінансаваў 24 храмы і манастыры - у Оршы, Слоніме, Ружанах, Вільні, Бялынічах, Брэсце, Чарэі, Жыровіцах і іншых, засноўваў пры іх школы і шпіталі.

У красавіку 1589 года Леў Сапега атрымаў пасаду канцлера Вялікага Княства Літоўскага. На гэтай пасадзе ён займаўся ўпарадкаваннем дзяржаўных дакументаў: у 1594-1607 гадах па яго загадзе вёўся перапіс кніг Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага - дзяржаўнага архіва, што дапамагло захаваць інфармацыю старажытных кніг XV-XVI стагоддзяў. Сёння копіі гэтых кніг з’яўляюцца неацэннай гістарычнай крыніцай, выдаюцца, і даследчыкі розных краін вывучаюць па іх даўнюю гісторыю ўсходнееўрапейскага рэгіёна.

Леў Сапега працягваў апекавацца ўсходнім вектарам знешняй палітыкі Вялікага Княства Літоўскага. У 1600 годзе ён на чале пасольства ездзіў у Маскву, дзе была дасягнута дамоўленасць аб працягу перамір’я паміж дзяржавамі на 20 гадоў. Прыхільнік дзяржаўнай уніі з Маскоўскім царствам, ён асудзіў падтрымку паходу Ілжэдзмітрыя I на Маскву. Але пасля забойства ў 1606 годзе ў Маскве Ілжэдзмітрыя I стаў прыхільнікам вайны з Расіяй з мэтай пашырэння тэрыторыі Рэчы Паспалітай і кампенсацыі папярэдніх тэрытарыяльных страт Вялікага Княства Літоўскага. Леў Сапега ўдзельнічаў у перамовах і падпісанні Дзявулінскага перамір’я 1618 года на 14 гадоў паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай.

Сямейнае жыццё



Помнік Льву Сапеге ў Лепелі (2010)

У 29 гадоў (1586) Леў Сапега ажаніўся з дачкой люблінскага кашталяна Даротай (памерла ў 1591 годзе) і меў ад гэтага шлюбу чатырох дзяцей, трое з якіх памерлі. Сын Ян Станіслаў займаў пасаду маршалка вялікага літоўскага, быў старастай слонімскім.

У 1599 годзе Л.Сапега ажаніўся з 16-гадовай князёўнай Гальшкай (Лізаветай) Радзівіл, пратэстанткай па веравызнанню. Гэты шлюб прынёс яму новыя багатыя маёнткі і ўмацаванне сувязяў з пратэстанцкай апазіцыяй.

Ад гэтага шлюбу Л.Сапега меў трох дзяцей, з якіх Крыштаф Мікалай стаў пісарам (хварэў на сухоты, памёр у 24 гады), Леў - падканцлерам Вялікага Княства Літоўскага (заснаваў каталіцкі картузкі манастыр у Бярозе, дзе і быў пахаваны).

Апошнія гады



Манета "Леў Сапега" (Нацыянальны банк Беларусі, 2010)

Леў Сапега падтрымліваў утварэнне ўніяцкай царквы на беларускіх землях, але быў катэгарычным праціўнікам гвалту і насілля як сродкаў яе ўмацаваньня.

Калі ў 1620-я гады ў межы Вялікага Княства Літоўскага ў чарговы раз уварваліся шведскія войскі, немалады Леў Сапега браў удзел у ваенных дзеяннях, вылучыўшы на фінансаванне войска значную частку сваіх уласных сродкаў (каля 40000 фларэнаў). Быў адным з ініцыятараў падпісання сепаратнага Балдэнмуйскага перамір'я з Швецыяй у 1627 годзе і Альтмарцкага міру, складзенага ў 1629 годзе.

Апошнія гады жыцця правёў у Вільні, дзе актыўна займаўся ўпарадкаваннем архіваў Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Памёр 7 ліпеня 1633 года і быў пахаваны ў Вільні ў касцёле святога Міхала.

Постаць Льва Сапегі па ўплыву на жыццё беларускіх зямель ВКЛ можна параўнаць толькі з Мікалаем Радзівілам Чорным. Канешне, найбольш важным ягоным дасягненнем з'яўляецца стварэнне Статута ВКЛ 1588 года - на свой час вельмі добрага зводу заканадаўчых норм, які для нас стаў яшчэ і крыніцай захаванай старабеларускай мовы. Нездарма ў Беларусі яму ўсталяваныя два помнікі, імём Льва Сапегі названа вуліца ў Мінску.

Леў Сапега

Previous post Next post
Up