Вялікі князь літоўскі Кейстут

Jun 13, 2022 17:16





Літоўская манета "Кейстут" (1999)

Кейстут Гедзімінавіч, князь троцкі (1337-1381) і вялікі князь літоўскі (1381-1382 гг.) быў без перабольшвання ўнікальнай асобай. Доўгажыхарства - а пражыў ён каля 80 гадоў, улічваючы заўчасную гвалтоўную смерць - актыўны ўдзел у ваенных паходах да самай смерці (паспрабуйце праехаць на кані ў 70 год па лясах Беларусі ці Літвы), вернасць слову і абавязку брата і дзядзькі, любоў да Радзімы робяць Кейстута сапраўдным рыцарам з легенд.

Кейстут быў родным і малодшым братам вялікага князя літоўскага Альгерда. Атрымаўшы ад Гедзіміна ва ўдзел вузкую палосу зямель Княства ад Трок да Берасця, ён пасля смерці бацькі працягваў кіраваць ёй, ня вельмі зважаючы на Яўнута, князя ў Вільні. У 1341-1345 гадах ВКЛ фактычна ўяўляла сабой шэраг удзелаў, князі якіх дзейнічалі самастойна, часам дамаўляючыся з суседзямі. Так, Кейстут разам з Альгердам вёў перамовы з магістрам Тэўтонскага Ордэна, у 1342 годзе хадзіў разам з ім на абарону Пскова ад крыжаносцаў.

Стварэнне дуумвірата

Аднак узмацнены націск крыжакоў патрабаваў мець у дзяржаве адзінага кіраўніка, і ім павінен быў стаць, на думку Кейстута, Альгерд, магутны і разумны старэйшы брат. У 1345 годзе Кейстут па папярэдняй дамове з братам заняў Вільню і запрасіў на вялікакняжаскі сталец Альгерда. Той згадзіўся, і браты сталі кіраваць кожны сваёй часткай Княства: Альгерд - усходняй, Кейстут - заходняй.



У тыя часы, калі брат быў галоўным прэтэндэнтам на трон, а варожасць паміж князямі была нормай - дастаткова ўспомніць, як адчайна ваявалі паміж сабой цвярскія князі  - такія добрыя і падтрымліваючыя братэрскія адносіны выглядаюць загадкай. Магчыма, Кейстут і Альгерд так сябравалі таму, што той жа Кейстут на першае месца ставіў дабрабыт дзяржавы, а не ўласнае памкненне да ўлады, і быў задаволены тым, што меў - Троцкім княствам. Ну і здаровы розум падказваў, што адзін князь, які павінен быў хадзіць у паходы з войскам, проста не ў стане ахапіць усе справы вялікай на той момант дзяржавы. Гэта разумелі і Альгерд, і Кейстут.

Браты асабіста вадзілі войскі ў паходы, а пры сумесных выправах камандаваў той, хто лепш ведаў мясцовую сітуацыю: Кейстут - у Прусіі, Альгерд - на рускіх землях. Спачатку яны дамовіліся дзяліць усе зноў здабытыя землі, але пасля, відаць, умовы дагавора змяніліся, і Альгерд не дзяліўся з Кейстутам далучанымі землямі.

Цяжкія часы

У хуткім часе Кейстута чакала вялікае выпрабаванне - у 1348 годзе ў бітве на рацэ Стрэве ля Коўна войска ВКЛ пацярпела вялікае паражэнне ад тэўтонцаў, які ў тыя часы былі на піке сваёй магутнасці. Кейстут, шукаючы перадышкі ў вайне, заключыў трохгадовае перамір'е з Ордэнам і звярнуўся да нямецкага імператара Карла IV і польскага караля Казіміра з просьбай ахрысціць Літву. Але паход Казіміра на ліцвінаў у 1349 г. паклаў канец справе хрышчэння Кейстута. Войскі Казіміра III занялі Галіччыну і амаль усю Валынь, Кейстут страціў Падляшша і Берасце. Аднак хутка поспехі палякаў скончыліся. Ліцвіны вясной-летам 1350 г. пачалі вяртаць забраныя палякамі землі.

Вынікам польска-венгерскага паразумення 1350 г. быў удзел венгерскіх войскаў у кампаніі 1351 г.  Венгерска-польскае войска падышло пад ліцвінскую мяжу, да Кейстута венгерскі кароль Людовік выслаў на перамовы трох знатных паноў. Паслы засталіся ў ліцвінаў закладнікамі, а да караля прыбыў сам Кейстут. Храніст занатаваў што, калі Кейстут з’явіўся перад Людовікам, то «пакорна яму ва ўсім падпарадкаваўся, і падпісалі мір».

15 жніўня 1351 г. было заключана пагадненне, паводле ўмовы якога Кейстут меў прыняць каталіцкае хрышчэнне разам са сваімі братамі і падданымі. Венгерскі кароль накіраваўся з войскам дадому, забраўшы з сабой Кейстута. Аднак, праз тры дні Кейстут са сваімі ліцвінамі паціху, пасярод ночы, пакінуў лагер, вярнуўся да сябе і выпусціў венгерскіх закладнікаў.



Кейстут на помніку "Тысячагоддзе Расіі". Фота: ru.wikipedia.org

Барацьба з крыжакамі

Пасля заключэння польска-ліцвінскага перамір’я восенню 1352 г. міжнародная сітуацыя ва Усходняй Еўропе пачала змяняцца на карысць ВКЛ. У лютым 1353 г. Альгерд з Кейстутам правялі чарговы рабаўнічы паход на Прусію і прывялі шматлікі палон.

Крыжакі не маглі адказаць ім: у 1349-1351 годзе ў Прусію прыйшла «чорная смерць» - чума, якая моцна пакасіла крыжакоў, і іх выправы не так моцна непакоілі ВКЛ аж да 1360 года, калі ваенныя дзеянні аднавіліся, і наступіў самы цяжкі для беларуска-літоўскай дзяржавы перыяд супрацьстаяння тэўтонцам.

Ужо ў 1362 годзе тэўтонцы захапілі Коўну. У 1370 годзе Кейстут з Альгердам арганізавалі выправу на Каралявец (сённяшні Калініград), але пад Рудавай пацярпелі вялікую паразу.

З 1373 года пачалася поўнамаштабная вайна крыжакоў супраць ВКЛ. Паходы ішлі адначасова і з Прусіі, і з Інфлянтаў (крыжакі прымянялі тактыку «абцугоў»). У адказ Андрэй Полацкі і Кейстут рабілі паходы на Дынабург, пустошылі ордэнскія землі.

Смерць вялікага князя Альгерда спыніла рэйды войска ВКЛ у адказ на крыжацкія выправы, апошнія ж не супакойваліся. Так, у жніўні 1377 годзе падчас аблогі замка Друя крыжакі ўпершыню на землях Беларусі выкарысталі артылерыю. У снежні 1377 года быў ажыццяўлены паход на замак Беліца каля Ліды, у 1379 годзе крыжаносцы павялі ў свае землі 4000 палонных з-пад Гародні і Берасця.

Такі ціск крыжакаў выклікаў у Ягайлы, вялікага князя літоўскага ў той час, роспач - на ўсходзе з ім ваявалі стрыечныя браты, на поўдні палякі ды татары, а на поўначы не супакойваліся крыжакі - і ён падпісаў з апошнімі ў 1380 годзе сепаратны мір (і з Інфлянцкім, і з Прускім ордэнам разам), па ўмовах якога крыжакі маглі ваяваць са старым князем Кейстутам, чые землі не ўпаміналіся ў граматах.

Вялікі князь літоўскі

У першай палове 1381 года крыжакі пачалі актыўна паліць землі ВКЛ, быў знішчаны Трокскі замак - рэзідэнцыя Кейстута. Ад комтура замка Остэрродэ (зараз Польшча), хроснага бацькі ягонай дачкі Дануты, княгіні Мазавецкай, Кейстут даведаўся аб дагаворах Ягайлы з крыжакамі і быў, натуральна, раз'юшаны. Ягонае войска ў канцы 1381 сабралася нібыта ў паход на Прусію, але раптоўна павярнула на Вільню і лёгка заняла горад, Ягайла трапіў у палон. Аднак Вітаўт, які вельмі сябраваў з Ягайлам, угаварыў бацьку абыйсціся з ім добра: пасля прызнання Кейстута вялікім князем за ім пакінулі Крэва і Віцебск, спадчыну бацькі. Скіргайла, які змагаўся ў той час за Полацк, збёг у Лівонію, на полацкі сталец вярнулі Андрэя Полацкага, і ўсе Гедзімінавічы прызналі вяршэнства Кейстута.

Кейстут правёў паспяховыя рэйды супраць крыжакаў, аднак у Княстве пачаліся ўнутраныя хваляванні: паўстаў удзельны князь Карыбут, паўстала мяшчанства Вільні на чале з нямецкім купцом Ганулам, якое хацела гандляваць з немцамі, а палітыка Кейстута гэтаму перашкаджала. Ягайла прыбыў на Вільню, яго падтрымалі Скіргайла і крыжакі. Кейстут паехаў у Жамойць набіраць войска, Вітаўт павінен быў прывесці на бітву гарадзенцаў.



Андрыёлі, М. Кейстут у вязніцы (1882)

Апошні шлях

Войскі супернікаў сустрэліся 3 жніўня ля Трок.  У лагер Кейстута прыбыў Скіргайла, які пераканаў Вітаўта пачаць перамовы. Ягайла прыняў сябра дзяцінства і абяцаў яму мір на ўмовах аднаўлення статуса-кво на лістапад 1381 года. Скіргайла разам з Вітаўтам накіраваліся да Кейстута і пераканалі яго пачаць перамовы з Ягайлам, даўшы пры гэтым гарантыі бяспекі ад імя апошняга. Перамовы ў лагеры Ягайлы скончыліся, нават не пачаўшыся: прыбылыя Кейстут і Вітаўт былі тут жа схоплены і запалонены ў Крэўскім замку. Войскам было абвешчана, што князі працягнуць перамовы ў Вільні,  для жамойтаў гэта стала падставай, якая дазволіла ім адправіцца дадому. Праз пяць дзён (15 жніўня) князь Скіргайла прыбыў у Крэўскі замак і знайшоў Кейстута мёртвым.

Як памёр стары князь - дагэтуль невядома. Самая распаўсюджаная версія гаворыць аб задушэнні, хаця дакладна гэтага ўжо не даведацца.

Ягайла арганізаваў дзядзьку ў Вільні пышнае пахаванне па язычніцкім абрадзе: было складзена вялікае пахавальнае вогнішча, на якім, акрамя цела Кейстута, былі спалены коні, зброя і каштоўнасці. Па ўсёй бачнасці, таксама патоплена была Бірута, жонка Кейстута (па іншых версіях, яна вярнулася на радзіму і зноў стала паганскай жрыцай, якой была да шлюбу з Кейстутам), і закатаваны яе сваякі Відмонт і Бутрым.

Кейстут

Previous post Next post
Up