Якуб Колас пра беларускі правапіс

Aug 27, 2006 18:28

У канцы лістапада 1939 году аддзел культуры ЦК КП(б)Б склікаў нараду, на якую былі запрошаныя філёлягі Інстытуту літаратуры й мовы Акадэміі Навук, пісьменьнікі, прадстаўнікі Наркамасьветы й Выдавецтва. Нарада, згодна запросінаў, павінна была «выказацца ў паўстаўшых праблемах беларускай мовы й правапісу». Праблемы гэтыя запраўды паўсталі й абвастраліся пасьля русыфікацыйнае рэформы правапісу ў 1933 годзе, выклікаючы ў практыцы друку й пісьма штораз большы разнабой, супярэчнасьці й канфлікты. Канкрэтнай зачапкай да нарады была, праўдападобна, дыскусія, якая ў пытаньнях мовы ізноў разгарэлася ў тыя дні паміж газэтамі «Літаратура і Мастацтва» й «Звязда». Для валадароў Беларусі дыскусія была дужа не на руку, асабліва беручы на ўвагу толькі што «вызваленую ад польскага нацыянальнага прыгнёту» Заходнюю Беларусь. «Вызвольная» прапаганда была ў самым разгары, а тут такі прыкры дысананс! Загадаць змоўкнуць, прыкрыкнуць, як гэта перад тым звычайна практыкавалася, у тых акалічнасьцях, відаць, уважалася за немэтазгоднае. Зноў жа, праз Заходнюю Беларусь былі крышачку прыадчыненыя дзьверы ў вольны сьвет, а ну ж пачуюць і там. Калі я зьбіраўся ехаць на тую нараду, да мяне па дарозе з Пэдагагічнага Інстытуту, дзе ён чытаў лекцыі, зайшоў навуковы сакратар Інстытуту літаратуры й мовы Акадэміі Навук дацэнт Кастусь Гурскі. Разам мы й паехалі. У думках нашых цяплілася, хоць і невялікая, надзея. Набалелае пытаньне прынамся пастаўлена на парадак дня. У вэстыбюлі ЦК дзяжурны міліцыянэр, перад якім на стале ляжаў сьпіс запрошаных на нараду, выпісаў нам прапускі й растлумачыў, як знайсьці патрэбны пакой. Але тут расчыніліся дзьверы з вуліцы, і на парозе паказаўся Я.Колас. К.Гурскі пацягнуў мяне за рукаў, і мы адступілі колькі крокаў назад, да вакна вэстыбюлю. Я.Колас заўважыў нас і падыйшоў. Прывітаўшыся, ён адразу зьвярнуўся да К.Гурскага: - Я чуў, што ў Інстытут літаратуры й мовы званілі Папкоў[3] і Грэкава[4], але ня меў выпадку папытацца ў Вас. У якой справе яны званілі? К.Гурскі паўтарыў Я.Коласу ўжо расказаныя мне па дарозе сюды новыя, ня толькі абуральныя, але й анэкдатычныя выпадкі з праблемы, якая пастаўлена на парадак дня сёньняшняй нарады. Яны званілі, казаў ён, каб узаконіць навуковым аўтарытэтам Інстытуту тыя зьмены ў правапісе, якія яны ўжо загадалі ўвесьці ў практыку газэты «Звязда». Папкоў - замену «е» на «і» ў слове «Менск», якое «Звязда» так ужо й набірае; бо, паводле яго, гэта ймя аднае з рэспубліканскіх сталіцаў «нашае краіны», і яно ўсюды павінна пісацца аднолькава; і напісаньне слова «вобласць» без прыстаўнога «в», зь ім гэтае слова «рэжа вуха», як бы яно - ад «вобла»... - А што ж Вы яму адказалі? - перабіў К.Гурскага Я.Колас. К.Гурскі адказаў, што яму цяжка было згадзіцца з такімі аргумэнтамі; што, калі правапіс абаперці на такую «этымалёгію», то знойдзецца шмат іншых выпадкаў і слоў, у якіх трэба было б рабіць якіясь апэрацыі, і прывёў Папкову прыклад: «камсамол» - ад «камса»... - Ну а Грэкава? - зноў перапыніў яго Я.Колас. Відаць было, што ён сьпяшаўся. Грэкава, працягваў К.Гурскі, загадала ўнесьці ў правапіс дзьве зробленыя ёю «папраўкі» ў лёзунг «Пролетарыі ўсіх краёў, злучайцеся!» Па-першае, слова «злучайцеся» замяніць на «еднайцеся», бо вось яна як сакратар ЦК часта падпісвае «дырэктывы» калгасам, што ўжо пара пачынаць «злучную кампанію для ската»; таму заклік «злучайцеся!» у дачыненьні да пралетарыяту «неяк нядобра гучыць». Па-другое, у слове «яднайцеся» пачатнае «я», хоць і стаіць у першым складзе перад націскам, павінна пісацца празь «е», бо могуць быць выпадкі, тлумачыла Грэкава, калі слова гэтае пры пісьме ці друку трэба пераносіць і тады пры падзеле яго можа выйсьці «яд-». Для палітычнага лёзунгу гэта недапушчальнае і ЦК партыі на гэта ня можа згадзіцца. Якуб Колас нічога не адказаў. У вэстыбюль увайшлі К.Крапіва й П.Глебка. Ён далучыўся да іх, а мы пайшлі на другі паверх.
У невялікай залі ўжо сядзела да 40 асобаў. Нараду адчыніў У.Малін, сакратар ЦК. Пасьля яго гаварыў Якуб Колас. Як заўсёды ў такіх выпадках, сур'ёзны, заклапочаны й пачуцьцёвы. У руках ён трымаў экзэмпляр газэты «Звязда». Гэтая ягоная прамова ніколі не была друкаваная. Мажліва, дзеля таго, што ў ёй Якуб Колас ня толькі выказваў патрэбу перагледзець і выправіць правапіс, але востра крытыкаваў «моўную практыку» газэт, а галоўна «Звязды», якая, паводле яго, паглыбляла «правапісны хаос». - Іншыя газэты й часопісы, а асабліва Выдавецтва, дзе заўсёды ёсьць шмат набранага, - казаў ён, - «Звязда» проста зьбівае з панталыку. І яны ня ведаюць, як жа, урэшце, набіраць і выпраўляць карэкту - ці згодна існуючага правапісу, ці так, як у «Звяздзе» [...] Тое самае трэба сказаць і аб спробах «Звязды» ўвесьці ў норму беларускай літаратурнай мовы без усялякае патрэбы і нат супроць натуральных законаў беларускай мовы некаторыя расейскія словы ў зьбеларушчанай форме. Нядаўна мы чыталі ў ёй справаздачу пра кастрычніцкія сьвяты ў Менску. Там пісалася, што ў залі опэрнага тэатру адбылося «таржэсцвеннае» паседжаньне. Чаму «таржэсцвеннае», - высака ўзьнялася рука Я.Коласа зь «Звяздою», - калі мы маем добрае беларускае слова «ўрачыстае»? Але, калі ўжо «таржэсцвеннае», то чаму тады не «засяданне»?.. Ён прасіў перагледзець правапіс і не «нявечыць беларускае мовы». На выступе Якуба Коласа «дыскусія» была перарваная. З бакавых дзьвярэй нечакана выйшаў першы сакратар ЦК П.Панамарэнка й пачаў расказваць, як колькі дзён перад тым ён быў у Беластоку, як у гатэль да яго быў выкліканы цырульнік, як той цырульнік яго галіў і падрабязна распавёў пра сваю дыскусію зь ім аб характары савецкай улады. На тым нарада й закончылася.

© Аўген Калубовіч.
Якуб Колас і Янка Купала
Бачым, што Якуб Колас выступаў супраць гвалту над беларускай мовай, але за клясычны правапіс (за "тарашкевіцу"), якім ён пісаў свае творы.

Чаму гэты правапіс мы называем клясычным? Таму што ім карысталіся беларускія клясыкі, такія як Янка Купала і Якуб Колас - тыя людзі, якія стварылі нашую літаратурную мову. Бязь іх і мовы магло б ўжо ня быць.

Шануйма волю Вялікіх Беларусаў!

fakty, historyja

Previous post Next post
Up