Хацела зрабіць гэты допіс яшчэ на мінулым тыдні, але паленавалася. Затое на гэтым тыдні такое сонейка, такая вясна - вось і настрой адпаведны з'явіўся.
Твар
Ачышчальны пластыр для носа Montagne Jeunesse (Велікабрытанія) - больш не куплю. Нешта мае поры яму зусім не паддаюцца.
База пад макіяж з эфектам маціравання Yves Saint Laurent (Францыя) - маціравання, дзеля якога яна і куплялася, мне хапала недзе на хвілін 20. Адзіны плюс - лёгкае ззянне, але і яно хутка знікала. Паўтараць пакупку не буду.
Пробнік базы пад макіяж Inglot (Польша) - нішто такая. Эфект маціравання, праўда, таксама не надта працяглы, але затое скура выглядае гладкай і бездакорнай. Ну, і касметыка трымаецца доўга і без змен. У маім выпадку - пудра не акісляецца (ці што там з ёй адбываецца?) і не цямнее на твары. Куплю як-небудзь.
Бальзам для губ "Вінаград" Yves Rocher (Францыя) - купляла другі раз. Падабаецца.
Бясколерны контур для губ Artdeco (Германія) - паўтарыла б, але пакуль у крамах яго не бачу.
Маска-гель для ўвільгатнення Liv Delano (Беларусь) - не змагла не звярнуць увагу на
афармленне ўпакоўкі масак гэтай маркі і купіла дзве. Дакладна гэтая маска мяне не ўразіла - не вельмі люблю гелевыя маскі. Замест яе набыла маску-канцэнтрат.
А вось другая маска з гэтай серыі - для нармалізавання тлустай, камбінаванай і праблемнай скуры - мне спадабалася больш. Збіраюся паўтарыць.
Маска для адбельвання Вітэкс (Беларусь) - не зразумела я яе. Так, густая - гэта плюс. Шкоды не нарабіла - таксама добра. Але ніякіх эфектаў адбельвання і ачышчэння пор я не заўважыла.
Ісопавая вада Сокровища Крыма (Украіна) - выкарыстоўвала ў якасці тоніка. Пах, канешне, спецыфічны. Але мне нармальна.
Валасы
Кандыцыянер-спрэй Organia (Рэспубліка Карэя) - спачатку вельмі спадабаўся, і я нават набыла другі. Валасы выглядалі здаровымі і бліскучымі. У мяне ён і як фіксатар працаваў - кудзеры не пушыліся і даўжэй трымалі сваю форму. І ўсю зіму валасы не электрызаваліся. Але цяпер нешта няма таго, што раней было.
Кандыцыянер для сухіх і пашкоджаных валасоў Cutrin (Фінляндыя) - спадабаўся, як і
шампунь з гэтай серыі.
Масла Macadamia Natural Oil (ЗША) - падабаецца. Валасы пасля яго такія гладкія і мяккія! І пах прыемны.
Цела
Пра соль пісала
мінулым разам Крэм-масла для ног Nordic Frost MODUM (Беларусь) - прыемная тэкстура. Але найбольш мяне, канешне, уразіў пах. Менавіта таму купіла яшчэ адзін такі слоік.
Дэзадарант Hamamelis Yves Rocher (Францыя) - неблагі. Купляла некалькі разоў, але апошнім часам ён перастаў мяне задавальняць. Для пробы ўзяла мужчынскі.
Паста-скраб для цела Стотравъ (Расія) - неблагі, але не маё. Крэмавая тэкстура мне, у прынцыпе, падабаецца. Аднак гэты скраб для мяне надта далікатны. І пах вельмі салодкі - не люблю.
Пробнік парфумы DKNY (ЗША) - гэтую парфуму некалькі разоў нюхала ў крамах - і мне катэгарычна не падабалася. А вось на сабе нават прыемна было адчуваць. Праўда, сястра неяк заявіла, што ў мяне дужа ванючая парфума. Таму перш, чым набыць, тут трэба добра падумаць :)
Крэм для ног Лаванда і мята Freeman (ЗША) - гэта хутчэй не крэм, а бальзам. Не густы і лёгкі. Вельмі прыемны пах. Думаю, на лета будзе самы раз.
Крэм для шыі і дэкальтэ Eco-Sapropel (Беларусь) - нічога канкрэтнага сказаць не магу. Карысталася рэдка, бо звычайна забывалася на яго. А заканчвала ўжо ў якасці бальзама для ног. Увогуле, гэта мая першая спроба догляду за шыяй. Думаю, што тут трэба паступова рабіць нейкія зрухі.
Крэм для рук ISANA (Германія) - нармальны, але
ISANA MED мне спадабаўся больш.
А ўчора схадзіла на выставу
"Касметыка. Прыгажосць. Здароўе". Не спадабалася. Хоць тое-сёе і купіла.